«Зь ім у камэры два чалавекі. Ён у поўнай ізаляцыі, лістоў не атрымлівае... У камэры нічога няма, акрамя тэлевізара. Няма ні халадзільніка, ні нават імбрычка», — напісаў Кобзеў.
Па словах паплечнікаў палітыка, юрысты ўсё ж здолелі пагаварыць з Навальным. Адвакат Вольга Міхайлава патлумачыла, што палітык застанецца ў СІЗА да ўступленьня ў сілу прысуду аб паклёпе, які судзьдзя аб’яднала з рашэньнем суду аб адмене яму ўмоўнага тэрміну.
Пазьней у інстаграме Навальнага зьявіўся запіс з пацьвярджэньнем, што ён у Кальчугіне:
«Са мной усё добра, тут нават турнік ёсьць у шпацырным двары. Лістоў я пакуль не атрымліваю і пра тое, што адбываецца вонкі, ведаю яшчэ менш, чым калі быў у Маскве, — сказана ў посьце. — У бібліятэку таксама пакуль трапіць не ўдалося, таму адзіная забаўка — экспэрымэнты ў галіне высокай кулінарыі. Не паверыце, але мы сушым сухары, і я ніколі ня думаў, што гэта можа быць так займальна».
Навальны з іроніяй пераказвае словы свайго сукамэрніка, што «ідэальныя сухары атрымліваюцца, толькі калі рэзаць іх пад саўндтрэк з тэлешоў, дзе расказваюць пра тое, што я магутны агент Захаду». «Гэта прыводзіць яго ў захапленьне, і, наразаючы кубікі хлеба, ён прыгаворвае: „Сказаў бы мне хто-небудзь год таму, што я буду сушыць сухары з Навальным!“».
- Аляксея Навальнага затрымалі 17 студзеня 2021, адразу пасьля яго вяртаньня з Бэрліну, дзе ён лячыўся пасьля атручваньня. Суд арыштаваў яго на патрабаваньне ФСВП, а 2 лютага ў будынку Масгарсуду Сіманаўскі суд зьмяніў палітыку ўмоўны тэрмін па справе «Іў Рашэ» на рэальны. У рашэньні суду сказана, што Навальны нібыта некалькі разоў не зьяўляўся ў інспэкцыю адзначацца, што было варункам прызначэньня яму ўмоўнага тэрміну. Палітыку прызначылі тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
- Эўрапейскі суд правоў чалавека запатрабаваў ад Расеі неадкладна вызваліць Аляксея Навальнага. Мін'юст, МЗС і Крэмль у адказ заявілі, што такое патрабаваньне — «неабгрунтаванае і грубае ўмяшаньне ў працу судовай сыстэмы сувэрэннай дзяржавы».