Як ананімна расказаў адзін з удзельнікаў сьвяткаваньня, Сяргей Гапон запрасіў людзей на Масьленіцу на сваім падворку праз сацыяльныя сеткі. Прыехалі некалькі дзясяткаў чалавек. Гэта была сяброўская сустрэча, а не грамадзкая імпрэза.
Усё адбывалася каля дому Гапона, на прыватнай тэрыторыі. Запалілі вогнішча, Сяргей частаваў гасьцей блінамі, фальклёрны гурт сьпяваў традыцыйныя сьпевы, людзі вадзілі карагоды, урэшце спалілі пудзіла Масьленіцы і разьехаліся.
Падчас сьвяткаваньня пад’ехалі міліцыянты і паведамілі Гапону пра пачатак праверкі па артыкуле 24.23. Па гэтым артыкуле пагражае штраф да 4350 рублёў, грамадзкія працы або адміністрацыйны арышт. 15 сакавіка Гапон хадзіў у міліцыю, каб даць пісьмовыя тлумачэньні.
— Арганізацыя несанкцыянаванага частаваньня блінамі. Запісалі, як хораша мы танцавалі і сьпявалі вакол вогнішча. Бліжэйшым часам застаецца чакаць ці паведамленьня, што працэс спынены, ці пратаколу аб правапарушэньні і позвы ў суд, — пракамэнтаваў «Эўрарадыё» лёс сваёй справы Гапон.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.