Менская суполка хрысьціянаў поўнага Эвангельля «Царква «Новае жыцьцё» 9 сакавіка правяла тэрміновую эвакуацыю сваёй маёмасьці з будынка дому малітвы, адкуль прыхаджан прымусова выселілі 17 лютага.
Вернікам далі толькі адзін дзень на тое, каб забраць усё, што «19 гадоў яны стваралі ў храме на Кавалёва, 72». Каля 60 прыхаджанаў забралі ў тым ліку «мэблю, каштоўную праводку». Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка назваў 9 сакавіка «яшчэ адной вяхой у гісторыі царквы».
«Сёньня так сумна глядзець на тое, як дэмантуецца ўся гэтая прыгажосьць і ператвараецца ў прыпавесьць. Але гэта ня значыць, што мы ня вернемся сюды. Бог можа зрабіць так, што мы зноў будзем валодаць гэтым месцам. Цяпер жа наш будынак захоплены».
Пастар параўнаў забраны будынак царквы з каўчэгам запавету ў філістымлянаў, які тыя забралі, а потым вярнулі назад, таму што каўчэг Божы, паводле Бібліі, стаў для іх вялікім праклёнам.
«Урэшце гэтая сыстэма, якая змучыла беларускі народ і дакранулася да царквы, распадзецца. Бог разваліў СССР, ён разваліць і гэтую сыстэму. Бог разбурыць усякую структуру, у аснове якой ляжыць жорсткасьць, якая ня мае міласэрнасьці, спагады, любові. Такая структура нічога ня вартая, таму яна зьнікне», — заявіў пастар.
17 лютага судовыя выканаўцы з дапамогай міліцыі і камунальных работнікаў выселілі суполку царквы «Новае жыцьцё» з дому малітвы на сталічнай вуліцы Кавалёва. Пратэстанцкая царква «Новае жыцьцё» некалькі апошніх гадоў цярпела ад нападак з боку ўладаў. Сотні вернікаў у мінулыя тыдні прыходзілі да парожняга і замкнутага будынку царквы для супольнай малітвы.