На Эўравізію-2021 ад Беларусі паедзе баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста», паведамляе тэлеграм-канал Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі.
Рэпэртуар каманды складаецца зь песьняў, у якіх высьмейваюцца «жанчына з Прыбалтыкі», Павал Латушка, «флейцістка», каранавірус і Эўразьвяз. Гучалі таксама кавэры на «Муры» і «Купалінку» з каверканьнем беларускай мовы.
«Песьні хутка станавіліся папулярнымі як у Беларусі, так і за яе межамі. Ютуб-канал з аднайменнай назвай набраў вялікую колькасьць падпісчыкаў, што дало дадатковы штуршок для далейшай творчасьці. Вынік — гурт вызначаны прадстаўніком Беларусі на конкурсе „Эўравізія-2021“», — гаворыцца ў паведамленьні.
На ютуб-канале гурту 16 тысяч падпісчыкаў, а самы папулярны ролік мае 50 тысяч праглядаў.
Удзельнікі «Галасоў ЗМеста» вядомыя сваім удзелам у праўладных аўтапрабегах. Пра сябе яны пішуць на ўласным сайце: «Мы ня можам заставацца абыякавымі», калі «пад соўсам „палітычнай барацьбы“ спрабуюць разбурыць краіну, якую мы любім і ў якой жывём».
У сьнежні гурт выступіў у Купалаўскім тэатры. Лідэр гурту Дзьмітрый Бутакоў паміж песьнямі чытаў іранічныя вершы пра бел-чырвона-белы сьцяг, Усебеларускі зьезд 1917 году, які адбыўся ў Купалаўскім тэатры, і людзей, якія «прысягалі Гітлеру».