Дэвід Дын пераехаў у Канаду зь Ірляндыі, куды ў 1990-я гады па праграме аздараўленьня чарнобыльскіх дзяцей прыяжджала Сьвятлана Ціханоўская. Яна жыла ў доме ягоных бацькоў. Сёньня ён імкнецца прыцягнуць увагу грамадзкасьці да сытуацыі ў Беларусі і да дзейнасьці Сьвятланы Ціханоўскай.
З багасловам пагутарыла група Каардынацыйнай рады «Хрысьціянская візія».
«Сьвета натуральным чынам зрабілася лідэрам»
«У 1990-х — пачатку 2000-х гадоў былі ўсталяваныя адносіны паміж тым рэгіёнам Ірляндыі, адкуль я родам, і беларускімі Мікашэвічамі. Некаторыя дзеці зь Мікашэвічаў прыяжджалі ў Ірляндыю на летнія вакацыі. Тады і адбылася мая першая сустрэча са Святланай. Яна жыла ў нашым доме. Я вучыўся ва ўнівэрыітэце, таму бачыўся з ёю, калі вяртаўся дадому на выходныя.
Яна была тыповым беларускім падлеткам. Мы былі вельмі ўражаныя інтэлектам і ўзроўнем разьвіцьця дзяцей. Усе дзеці, з якімі мы пазнаёміліся, асабліва дзяўчынкі, былі надзвычай разумныя і разьвітыя.
А праз пару гадоў стала ясна, што многіх малодшых дзяцей вельмі цягне да Сьветы. Многія сумавалі па бацьках, быў моўны бар’ер, ежа і таму падобныя рэчы былі такія нязвыклыя. Цікава, што яны імкнуліся да Сьветы як да чалавека, здольнага быць пасярэднікам паміж імі і прымаючымі сем’ямі. Сьвета натуральным чынам зрабілася лідэрам для малодшых беларускіх дзяцей у Ірляндыі.
Таму ў наступныя гады яе нанялі афіцыйным перакладчыкам. Яна была тыповай дзяўчынай-падлеткам, адначасова сарамлівай і вясёлай, і яна была ня з тых, хто рвецца ў лідэры. Але, тым ня менш, у яе меліся пэўныя лідэрскія якасьці, якія натуральным чынам прыцягвалі да яе малодшых дзяцей. Гэта шмат казала пра яе — ужо тады».
«Гвалтоўныя формы зрываньня рэжыму створаць гэткі ж рэпрэсіўны рэжым»
Дэвід Дын уважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі. Ацэньваючы расчараваньне часткі беларускага грамадзтва тым, што мірны характар пратэстаў не прывёў да хуткай перамогі, ён бачыць небясьпеку ў абраньні супрацьлеглых, гвалтоўных мэтадаў:
«Спакуса спробы „перамагчы“ палягае ў тым, каб пераймаць сродкі і мэтады рэпрэсіўнага рэжыму. Я думаю, гісторыя абсалютна ясна паказвае, што як толькі мы прызна́ем нарматыўны статус формаў лідэрства, якія існавалі раней, і пачнем выкарыстоўваць гэтыя формы для зрынаньня рэжыму, дык створым нешта падобнае і гэткае ж рэпрэсіўнае.
Адзін з відавочных прыкладаў — Французкая рэвалюцыя. Яна ўкараніла, як бы „перапісаўшы“, рэжымны гвалт, і атрымалася эпоха тэрору. Калі ўзяць нашую сытуацыю ў Ірляндыі, дык мы зрынулі каляніяльны прыгнёт у паўднёвай частцы краіны, але „перапісалі“ тыя самыя формы прыгнёту, якія імкнуліся зрынуць. Адбылася грамадзянская вайна, і пасьля гэтага ў нас была вельмі рэпрэсіўная краіна, у якой усё яшчэ быў прыгнёт, толькі прыгнечаныя былі ўжо іншыя людзі. Замена аднаго рэжыму на іншы рэжым з тымі ж мэтадамі і лёгікай нічога добрага не прынясе».
«Падаецца, папа Францішак заключыў зьдзелку з Лукашэнкам»
Гаворачы пра зварот Ціханоўскай да папы рымскага Францішка з прапановай выступіць супраць гвалту ў Беларусі, Дэвід Дын выказаў расчараваньне пазыцыяй пантыфіка. І заўважыў, што папа «жадае быць пастырам, прыязным міратворчым голасам, і не імкнецца займаць моцную палітычную пазыцыю. У палітычным пляне ён супрацьлеглы Яну Паўлу II...
У прыватнасьці, мяне ўстрывожыла зьдзелка ў дачыненьні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У прэс-рэлізе ўраду Лукашэнкі, што дазваляў Кандрусевічу вярнуцца, гаварылася, што „перашкоды для ягонага вяртаньня ліквідаваныя“. Што гэта былі за перашкоды? Гэтыя „перашкоды“ палягалі ў тым, што арцыбіскуп крытыкаваў рэжым! А праз два дні яго адпраўляюць на пэнсію. Такім чынам, мне здаецца, што, як і ў выпадку з Кітаем, Папа Францішак заключыў зьдзелку з Лукашэнкам, якая можа дазволіць мясцовым сьвятарам неяк падбадзёрваць людзей, „паляпваць па плячы“, аказваць нейкую пастырскую апеку. Але што сапраўды неабходна папу — гэта асудзіць дыктатарскі рэжым Лукашэнкі так, каб гэта было актам міжнароднага ціску і дапамагло католікам і іншым хрысьціянам у Беларусі заняць больш жорсткую пратэстую пазыцыю».
Пры гэтым Дэвід Дын заўважае, што папа Францішак — ня першы, хто шукае кампрамісу з Лукашэнкам: «Быў дзяржсакратар Ватыкану Тарчызіё Бертонэ — па сутнасьці, прэм’ер-міністр Ватыкану пры папу Бэнэдыкту XVI — і ён быў вельмі блізкі да Лукашэнкі. Ён рашуча выступіў супраць санкцый, прымененых да дыктатара. Вось чаму тады і цяпер Лукашэнка кажа пра свае „добрыя адносіны і партнэрства“ з Ватыканам. Для мяне гэта катастрофа».