Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Украіны: беларускі інфарматар даў «цікавыя паказаньні» ў справе аб забойстве Шарамета


Арсэн Авакаў, міністар унутраных спраў Украіны.
Арсэн Авакаў, міністар унутраных спраў Украіны.

Кіраўнік МУС Украіны назваў паказаньні «цікавымі». Яны могуць карэнным чынам павярнуць хаду сьледзтва.

Міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў заявіў, што беларускі інфарматар даў «цікавыя паказаньні» ў справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета. Пасьля правядзеньня яшчэ некалькіх сьледчых дзеяньняў генпракурор прыме рашэньне аб далейшым расьсьледаваньні крымінальнай справы, піша «Інтэрфакс».

У прыватнасьці, у Гепракуратуры Ўкраіны вырашаць, ці можна рабіць атрыманую інфармацыю публічнай.

«Мы не павінны ацэньваць, ці кладзецца гэтая інфармацыя ў агульную канву справы. Пытаньне ў тым, праўда гэта ці не. Мы ўвесь час задаём сабе пытаньне: „А які матыў?“ І вось мы ўбачылі матыў, што беларускія спэцслужбы палічылі яго нязручным чалавекам», — заявіў Авакаў.

4 студзеня 2021 году інтэрнэт-выданьне «Українська правда» са спасылкай на апублікаваныя аўдыёзапісы і бэльгійскае выданьне «EUobserver» паведаміла пра тое, што забойства Шарамета рыхтавалі спэцслужбы Беларусі. На запісе, як мяркуецца, голас кіраўніка Камітэта дзяржбясьпекі Беларусі ў 2008-2012 гг. Вадзіма Зайцава.

Прыналежнасьць голасу са скандальнай стужкі менавіта Зайцаву пацьвердзіла экспэртыза. Зь яе вынікае, што спэцслужбы на загад Лукашэнкі абмяркоўвалі магчымасьць забойства Шарамета.

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны паведаміла, што атрымала ў распараджэньне інфармацыю аб магчымых замоўцах забойства Шарамета — дакумэнты і аўдыёзапісы, зробленыя не пазьней за 2012 год.

Экс-супрацоўнік беларускага спэцназу Ігар Макар, які распаўсюдзіў аўдыёзапісы і накіраваў іх для расьсьледаваньня ва Ўкраіну і Эўразьвяз, заявіў пра гатоўнасьць прыбыць у Кіеў і даць паказаньні.

Шарамета забілі ў Кіеве раніцай 20 ліпеня 2016 году. Яго машына ўзарвалася на скрыжаваньні вуліц, журналіст загінуў на месцы. Падазрэньне ў забойстве выставілі траім асобам: вайсковай мэдсястры Яне Дугар, валянтэрцы і кардыяхірургу Юліі Кузьменцы, а таксама музыку і вэтэрану вайсковай апэрацыі ў Данбасе Андрэю Антоненку.

Дасудовае сьледзтва завяршылі 22 траўня 2020 году. Ніводзін з абвінавачаных сваёй віны ў датычнасьці да забойства Шарамета не прызнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG