Інфармацыя аб прыходзе сілавікоў паступіла зь менскага мікрараёну Каменная Горка, з вуліц Матусевіча, Першамайскай, а таксама ад Вольнага прафсаюзу студэнтаў, паведамляе «Вясна». Паводле праваабаронцаў, толькі ў Менску сёньня затрымалі больш за 30 чалавек.
Каналу «Списки задержанных» вядомыя імёны 21 затрыманага ў Менску:
- Жалнін Вячаслаў;
- Карніевіч Кацярына;
- Карташоў Канстанцін;
- Карташова Алена;
- Літвін Руслан;
- Мароз Анастасія;
- Новікаў Аляксандар;
- Паранкоў Аляксандар — ужо вызвалены;
- Пунько Дзьмітры;
- Пунько Анастасія;
- Саболька Алена;
- Саболька Яўген;
- Савянок Марына;
- Старавойт Віталь;
- Сьпісак Вольга;
- Сьпісак Дзьмітры;
- Такарчук Вольга, блогерка, мае свой YouTube-канал;
- Таптуноў Анатоль, супрацоўнік EPAM;
- Трохіна Марыя;
- Шкялько Вікторыя;
- Шпетны Павал.
Аляксандра Паршанкова пасьля затрыманьня ўжо вызвалілі. Затрыманыя знаходзяцца ў раённых пастарунках міліцыі.
У папярэдні раз блогерку Вольгу Такарчук затрымалі 25 студзеня. Тады муж Вольгі паведаміў, што жонку затрымалі на 72 гадзіны за адзіночны пікет: яна выпускала балёнікі з вакна.
На YouTube-канале Такарчук больш за 32 тысячы падпісчыкаў. Там яна публікуе ролікі пераважна пра палітычную сытуацыю ў краіне, камэнтуе навіны і аналізуе падзеі.
Затрымалі берасьцейскага анархіста Аляксандра Казьлянку
Паводле выданьня «Першы рэгіён», каля 9 раніцы 2 сакавіка затрымалі таксама жыхара Берасьця Аляксандра Казьлянку — сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага, актывіста анархісцкіх поглядаў. Ці зьвязанае яго затрыманьне зь менскімі, невядома.
Паводле лідэра прафсаюзу Валянціна Лазаранкава, «гучалі нейкія падазрэньні ў захоўваньні ці распаўсюдзе наркотыкаў». Брат затрыманага кажа, што «затрымлівалі даволі жорстка», «паклалі на падлогу тварам уніз». З дому забралі тэхніку, затрыманага зьвезьлі ў невядомым напрамку.
Ператрусы ў Магілёве
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», прайшоў ператрус у магілёўскай валянтэркі «Вясны» Натальлі Міхальковай. Па інфармацыі праваабаронцаў, ператрусы таксама праходзяць яшчэ ў некалькіх магілёўскіх валянтэраў.
Інфармацыя абнаўляецца.