Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экстрэмістам» могуць абвясьціць кожнага актыўнага грамадзяніна


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Каб трымацца на штыках, калі супраць рэжыму выступае большасьць насельніцтва, трэба крыміналізаваць усякую грамадзка-палітычную дзейнасьць, не падкантрольную ўладам.

Сьцісла

  • Фармуляваньні ў праекце закону настолькі «гумавыя», што дазваляюць усялякую крытыку ўлады любога ўзроўню ацаніць як экстрэмісцкую дзейнасьць.
  • Праект можа сьведчыць пра зьяўленьне праўнай навацыі ў жыцьці краіны — забароны на прафэсіі.
  • Законапраект павінен легалізаваць, легітымізаваць сваволю праваахоўнікаў. Цяпер яны будуць чыніць рэпрэсіі нібыта на законнай падставе.
  • У ранейшым стане рэжым утрымацца ня можа. Каб выжыць, ён павінен нарошчваць жорсткасьць без усялякіх межаў.

У тэлеграм-каналах апублікавалі імаверны законапраект «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях процідзеяньня экстрэмізму».

Тое, што доўга абмяркоўвалася ў мэдыя, цяпер пацьвердзілася. Ня дзіва, што ўлады так прыхоўвалі гэты дакумэнт. Бо выглядае ён вельмі адыёзна.

Галоўная навацыя законапраекту — гэта фактычна неабмежаванае стасаваньне паняцьця «экстрэмізм» да якой-кольвек грамадзкай дзейнасьці. Так, экстрэмізмам цяпер можна будзе лічыць «дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады», а таксама «Рэспублікі Беларусі». Або яшчэ: распальваньне сацыяльнай варожасьці. Гэтыя азначэньні настолькі «гумавыя», што дазваляюць усялякую крытыку ўлады любога ўзроўню, ня кажучы ўжо пра Лукашэнку, ацаніць як экстрэмісцкую дзейнасьць.

Цяпер парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў будзе лічыцца праявай экстрэмізму. Кожны ўдзельнік акцыяў пратэсту аўтаматычна робіцца патэнцыйным экстрэмістам.

Ёсьць у праекце нейкія зусім экзатычныя формулы. Так, цяпер экстрэмізмам будзе лічыцца ўчыненьне дзеяньняў супраць «грамадзкай маралі» і «ўкладу сямейных адносінаў» (?). Можна меркаваць, што ў апошнім выпадку ідзецца пра ЛГБТ.

Пракуроры вобласьцяў і Менску атрымаюць права прыпыняць дзейнасьць арганізацыяў нават за рыхтаваньне акцыяў, якія можна ацаніць як экстрэмісцкія.

КДБ будзе ствараць сьпіс арганізацыяў і фізычных асобаў экстрэмісцкага толку. Прычым у пераліку падставаў занесьці ў сьпіс ёсьць такая: «іншыя падставы („иные основания“), прадугледжаныя заканадаўствам». Уяўляеце, якая свабода рук зьяўляецца ў КДБ. Практычна ўсе апазыцыйныя партыі трапляюць пад гэты прэс.

Праект можа сьведчыць пра зьяўленьне праўнай навацыі ў жыцьці краіны — забароны на прафэсіі. Грамадзяне, якія трапляюць у згаданы сьпіс, пазбаўляюцца права займаць пасады ў органах дзяржаўнага кіраваньня, у мэдыцыне, адукацыі. Фактычна ўводзіцца забарона на камэрцыйную дзейнасьць (забароненыя фінансавыя апэрацыі на суму звыш 2000 базавых велічыняў).

Таксама будзе забаронена выкарыстоўваць інтэрнэт для экстрэмісцкай дзейнасьці. Праўда, незразумела, як гэта будзе працаваць на практыцы.

Лёгіка ўладаў цалкам зразумелая. Каб трымацца на штыках ва ўмовах, калі супраць рэжыму выступае большасьць насельніцтва, трэба крыміналізаваць усякую грамадзка-палітычную дзейнасьць, не падкантрольную вэртыкалі. А іншадумства, публічныя праявы незадавальненьня, крытыку дзяржаўных інстытутаў абвесьціць экстрэмізмам.

Мы бачым, як цяпер у судах над палітычнымі апанэнтамі пракуроры, судзьдзі імкнуцца «нацягваць саву на глёбус», прыдумляць праўныя падставы для пакараньня. Цяпер іхная праца значна спросьціцца.

Зразумела, большасьць насельніцтва ў турму не пасадзіш, нават калі стварыць канцлягер для «востракапытных». Але напужаць, прымусіць баяцца — такая задача ставіцца.

Гэтым таксама можа быць легалізавана, легітымізавана сваволя сілавікоў. Цяпер яны будуць чыніць рэпрэсіі нібыта на законнай падставе.

І нікога ўсё гэта не павінна зьдзіўляць. У ранейшым стане рэжым утрымацца ня можа. Каб выжыць, ён павінен нарошчваць жорсткасьць без усялякіх межаў. Працуе інстынкт выжываньня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG