Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад штрафу на 230 даляраў да 3 гадоў калёніі. Якія прысуды ў Беларусі выносілі журналістам


Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ў судзе 18 лютага
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ў судзе 18 лютага

Журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) і Дар'і Чульцовай прысудзілі 2 гады калёніі за стрым з «плошчы Перамен». Свабода прыгадвае, як у Беларусі каралі журналістаў паводле крымінальных артыкулаў.

2 гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі

У 2002 годзе пасьля чарговых прэзыдэнцкіх выбараў пачаўся крымінальны перасьлед гарадзенскіх журналістаў Мікалая Маркевіча і Паўла Мажэйкі. Іх вінавацілі ў паклёпе і зьнявазе Лукашэнкі.

Мікола Маркевіч
Мікола Маркевіч

Галоўны рэдактар газэты «Пагоня» Мікола Маркевіч і яе карэспандэнт Павал Мажэйка атрымалі адпаведна 2 і 1,5 года абмежаваньня волі за артыкулы, якія нават не дайшлі да чытача, бо нумар газэты быў арыштаваны яшчэ ў друкарні. «Пагоню» закрылі, журналісты адбывалі пакараньне ва ўстановах адкрытага тыпу —«на хіміі». Паводле закону «Аб амністыі», тэрмін абодвум быў скарочаны на год.

Таксама тады вінаватым у паклёпе і зьнявазе прэзыдэнта (празь перадрук артыкула з інтэрнэту і каляж) быў прызнаны рэдактар газэты «Рабочы» Віктар Івашкевіч. Прысуд — два гады абмежаваньня волі, гэта значыць «хімія». Праз год Івашкевіч таксама вызваліўся ў рамках амністыі.

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч

230 даляраў штрафу за крытыку мясцовай улады

У 2003 годзе суд пакараў галоўнага рэдактара газэты «Вечерний Столин» Аляксандра Ігнацюка за «абразу прадстаўніка ўлады». Яму прысудзілі штраф 30 базавых велічыняў, на той момант гэта складала каля 230 даляраў.

Абразіў дырэктара прадпрыемства — справу спынілі

У 2007 годзе паводле факту зьнявагі дырэктара мясцовага прадпрыемства распачалі крымінальную справу супраць выдаўца і рэдактара незарэгістраванай маланакладнай газэты «Шклоўскія навіны» Аляксандра Шчарбака. Справу спынілі ў судзе з прычыны замірэньня бакоў.

3 гады калёніі за перадрук карыкатуры

У 2007 годзе выпускаючаму рэдактару газэты «Згода» Аляксандру Зьдзьвіжкову выставілі абвінавачаньне за перадрук карыкатураў на прарока Мухамада.

Аляксандар Зьдзьвіжкоў
Аляксандар Зьдзьвіжкоў

18 студзеня 2008 году Аляксандар Зьдзьвіжкоў быў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, яго прызналі вінаватым у наўмысных дзеяньнях, скіраваных на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці або розьні. Карыкатуры на прарока Мухамада былі ўпершыню надрукаваныя ў дацкай газэце Jyllands-Posten 30 верасьня 2005 году. Агулам іх перадрукавалі ў 22 краінах.

Мусульманскія грамады ў Эўропе падавалі на выданьні судовыя пазовы ў сувязі з тым, што карыкатуры «абразілі іх рэлігійныя пачуцьці». Аднак суды выносілі апраўдальныя прысуды, бо «малюнкі абараняюцца законам аб свабодзе самавыяўленьня і не наносяць шкоды ісламу».

3 гады з адтэрміноўкай за абразу Лукашэнкі

У сакавіку 2011 году на журналіста польскага штодзёньніка «Gazeta Wyborcza» Анджэя Пачобута распачалі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі. Абраза нібыта ўтрымлівалася ў апублікаваных ім артыкулах.

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

5 ліпеня 2011 году суд Ленінскага раёну Горадні прызнаў Пачобута вінаватым у паклёпе на прэзыдэнта і прысудзіў яму тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня на два гады. Гэта значыць, што журналіст застаўся на волі.

У 2012 годзе на Андрэя Пачобута распачалі яшчэ адну крымінальную справу, таксама за «паклёп на кіраўніка дзяржавы», але гэтую справу спынілі ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства.

5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай

У лютым 2018 году Менскі гарадзкі суд пакараў трох аўтараў расейскіх прапагандысцкіх рэсурсаў Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку 5 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 3 гады.

Іх вызвалілі з-пад варты ў залі суду. Усіх трох суд прызнаў вінаватымі ў распальваньні міжнацыянальнай варажнечы.

У сваіх артыкулах аўтары вінавацілі беларускае грамадзтва ў нацыяналізьме і русафобіі, параўноўвалі беларускі арнамэнт з фашысцкімі сымбалямі.

Штраф 7650 рублёў

Гучная «справа БелТА» скончылася прысудам для галоўнай рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай — штрафам 7650 рублёў. Суд прызнаў яе вінаватай у «бязьдзеяньні» службовай асобы ў сакавіку 2019 году.

Марына Золатава ў судзе
Марына Золатава ў судзе

У гэтай самай справе праходзілі некалькі журналістаў, якія нібыта карысталіся платнай падпіскай на сайт дзяржаўнага агенцтва БелТА бясплатна. Іх справы былі або спыненыя, або перакваліфікаваныя ў адміністрацыйныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG