Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд з прадказальным фіналам. Якая палітычная будучыня чакае Віктара Бабарыку


Віктар Бабарыка на судзе 17 лютага
Віктар Бабарыка на судзе 17 лютага

Пачынаецца суд над самым вядомым палітвязьнем Беларусі Віктарам Бабарыкам. У тым праекце паступовага і кантраляванага транзыту ўлады, які Лукашэнка анансаваў на Ўсебеларускім народным сходзе, месца былому кіраўніку «Белгазпрамбанку» няма.

Сьцісла

  • Віктар Бабарыка цягам апошніх 8-9 месяцаў зьяўляецца самым папулярным палітыкам Беларусі. Калі б у краіне адбыліся свабодныя выбары, то ён, хутчэй за ўсё, стаў бы прэзыдэнтам.
  • Турма не зламала вядомага вязьня.
  • Пакуль незразумела, як доўгае зьняволеньне паўплывае на папулярнасьць Бабарыкі.
  • Незалежныя мэдыя на суд не дапусьцілі, бо ўлады добра разумеюць, што крымінальная справа Бабарыкі шытая белымі ніткамі.

У сытуацыі моцнай палітычнай нявызначанасьці, якая цяпер існуе ў Беларусі, магчымыя самыя нечаканыя варыянты і сцэнары.

Нейкі час (у пэрыяд выбарчай кампаніі і масавых пратэстаў летам і ўвосень мінулага году) Віктар Бабарыка быў нават самым вядомым палітвязьнем у сьвеце. Толькі цяпер на гэтую ролю выйшлі Аляксей Навальны і зрынутая ў выніку вайсковага перавароту былая кіраўніца М’янмы Аунг Сан Су Чы.

Віктар Бабарыка цягам апошніх 8-9 месяцаў зьяўляецца самым папулярным палітыкам Беларусі. Калі б у краіне адбыліся свабодныя выбары, то ён, хутчэй за ўсё, стаў бы прэзыдэнтам.

Варта адзначыць, што Віктар Бабарыка не зламаўся. Ён не прызнаў віны, не пісаў прашэньня аб памілаваньні, адмовіўся ад угоды са сьледзтвам, адрозна ад іншых топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку». Ягонае інтэвію Deutsche Welle і заява перад судом, якія трапілі на волю, пацьвердзілі і нават узмацнілі імідж ураўнаважанага, цьвярозага, рацыянальнага чалавека, мудрага палітыка. Турма не паўплывала на ягоны псыхалягічны стан.

Іншая справа, як зьняволеньне ўплывае на папулярнасьць палітыка. Тут усё вельмі няпэўна, шмат залежыць ад стану грамадзтва. Самыя «заслужаныя» ў Беларусі палітычныя вязьні Мікола Статкевіч і Павал Севярынец, якія сядзелі за кратамі шмат разоў і падоўгу, так і ня сталі для большасьці нацыянальнымі героямі. Ды і рэйтынг Аляксея Навальнага ў Расеі (каля 20%) ня вельмі пераканаўчы. Адзіны прыклад у Беларусі, калі папулярнасьць палітыка ўзрасла цягам знаходжаньня ў турме — гэта гісторыя з галадоўкай Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе.

Як правіла, калі палітык у турме, то ён надоўга зьнікае з інфармацыйнага экрана, яго менш згадваюць у мэдыя. Гэта вядзе да зьніжэньня рэйтынгу. Летам, у разгар выбарчай кампаніі, Віктар Бабарыка, паводле розных апытаньняў, меў падтрымку звыш 50%. А паводле вынікаў дасьледаваньняў, якое правёў у Беларусі брытанскі дасьледчы цэнтар Chatham House, у сярэдзіне лістапада за гэтага палітыка гатовыя былі галасаваць 38,2%, а ў студзені — 35%.

Тактыка ўладаў адносна Віктара Бабарыкі цалкам зразумелая. У тым праекце паступовага і кантраляванага транзыту ўлады, які Лукашэнка анансаваў на Ўсебеларускім народным сходзе, месца былому кіраўніку «Белгазпрамбанку» няма.

Незалежныя мэдыя на суд не дапушчаныя. Фактычна працэс зрабілі закрытым. Хоць, здавалася б, навошта? Судзяць яго нібыта за хабар і легалізацыю даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Дык няхай бы грамадзтва даведалася пра гэту злачынную дзейнасьць ад незалежных СМІ, якім больш давяраюць. Сам гэты факт сьведчыць пра тое, што ўлады добра разумеюць: крымінальная справа Бабарыкі шытая белымі ніткамі. Таму трэба ўсё закрыць, дазаваную інфармацыю даваць толькі праз БТ.

Відавочна, што суд прызнае яго вінаватым і адправіць у турму на гады. Нават калі раптам пад узьдзеяньнем нейкіх абставін (напрыклад, амністыі) Бабарыка і апынецца на свабодзе, то ўсё роўна ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах ён удзельнічаць ня зможа. Бо будзе мець судзімасьць.

Зразумела, калі пераможа рэвалюцыя, то ўсе расклады радыкальна памяняюцца. Хоць і ў гэтым выпадку моцным канкурэнтам Віктара Бабарыкі можа стаць Павал Латушка. Ён цяпер мае магчымасьць актыўна сябе піярыць. Праўда, беларускі палітычны досьвед паказвае, што давер да палітычнага эмігранта прыкметна падае, як толькі ён апынаецца за мяжой.

У сытуацыі моцнай палітычнай нявызначанасьці, якая цяпер існуе ў Беларусі, магчымыя самыя нечаканыя варыянты і сцэнары.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG