Пра гэта паведаміў юрыст Аляксандар Жук у сваім тэлеграм-канале; пазьней тэлеграм-канал Антона Матолькі апублікаваў сам дакумэнт і паведаміў, што прапановы былі накіраваныя ва ўрад 1 лютага. Тэлефон прэсавай службы КДК недасяжны для камэнтару.
Рашэньне ўзьняць падаткі Камітэт дзяржкантролю матывуе ўказаньнем віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова.
Дакумэнт, падпісаны намесьнікам старшыні камітэту Аляксандрам Курлыпам, прадугледжвае:
- Паступова скасаваць адзіны падатак і перавесьці платнікаў адзінага падатку на спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня (ССП);
- Падвысіць падатак па ССП да 16% на юрыдычныя, бухгальтарскія, маркетынгавыя, кансультацыйныя і іншыя паслугі зь «нязначнымі выдаткамі»;
- Увесьці для індывідуальных прадпрымальнікаў плату 13% за зьняцьце наяўных грошай звыш 3000 беларускіх рублёў за месяц; як варыянт, звыш трох сярэдніх заробкаў па краіне;
- Павялічыць плату ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) за асобныя віды дзейнасьці;
- Зрабіць больш жорсткай крымінальную адказнасьць падатковых агентаў за правапарушэньні ў падатковай сфэры, а таксама ўвесьці крымінальную адказнасьць за выплаты ў канвэртах і нявыплату ў ФСАН.
Падчас нядаўняга «ўсенароднага сходу» Аляксандар Лукашэнка амаль гадзіну прысьвяціў ацэнцы індывідуальных прадпрымальнікаў у рэзкіх крытычных выразах.