Трохразовая прызэрка Алімпійскіх гульняў плыўчыха Аляксандра Герасіменя, якая ачольвае Беларускі фонд спартовай салідарнасьці, расказала выданьню «Трыбуна», як ставіцца да нападак дзяржаўнай прапаганды на яе і яе паплечнікаў і паплечніц па палітычнай барацьбе.
У нядзелю тэлеканал СТБ паказаў відэаролік аўтарства Рыгора Азаронка, пакладзены на песьню «Дапамажы ім, Божа». Пад радкі «пакарай іх, Божа, пакарай, усіх, хто адарваўся ад народу...» у кадры паказалі тых, хто выступае супраць рэжыму Лукашэнкі ці пацярпеў ад яго: сьпявачку Анжаліку Агурбаш, «Міс Беларусь-2008» Вольгу Хіжынкову, палітыкаў Віктара Бабарыку, Паўла Латушку, Святлану Ціханоўскую, а таксама Аляксандру Герасіменю.
Напярэдадні зьяўленьня гэтага роліка на СТБ міністар спорту Сяргей Кавальчук у інтэрвію «СБ. Беларусь Сегодня» заявіў, што Герасіменя тры гады жыла і трэніравалася ў ЗША і там трапіла пад уплыў спэцслужбаў.
Спартоўка ў інтэрвію «Трыбуне» патлумачыла сваё стаўленьне да гэтых выказваньняў:
— Ролік, паказаны ў эфіры СТБ, у мяне выклікаў сьмех. Мне здаецца, такія рэчы ніякай іншай рэакцыі выклікаць проста ня могуць. Той, хто рабіў відэа, напэўна, меў нейкую важную мэту.
— Якую, на ваш погляд?
— Людзі часьцяком пішуць мне пра тое, што сказалі пра мяне нашы «вялікія» дзеячы, як мяне ахарактарызавалі. Мне пішуць, каб я на такія выпады не зьвяртала ўвагі. А я ім адказваю: «Выбачайце, дык, па сутнасьці, на што наогул зьвяртаць увагу? Чалавек нейкім чынам хоча мяне закрануць. Але закрануць можна толькі тады, калі пра цябе пішуць праўду, якая табе не зусім падабаецца. Але іншая справа, калі пішуць абсалютную лухту. Яна цябе ніяк ня будзе закранаць».
Гэта па-першае. А па-другое, скажыце мне, як нармальны разважлівы чалавек можа ставіцца да людзей з хворай псыхікай? Я шкадую, што ў іх усё так адбываецца ў жыцьці. Але тут ужо нічога ня зробіш. Таму да такіх момантаў, як, напрыклад, гэты відэаролік, я імкнуся ставіцца цалкам спакойна. Паўтаруся: нармальны чалавек ня зможа зразумець, што робіцца ў галаве ў псыхічна нездаровага грамадзяніна. Так што, па-мойму, імкнуцца зразумець матывы такіх людзей — абсалютна бескарысная задума.
— А тыя, каго трэба захаваць, як сьпяваецца ў роліку, — гэта ўдзельнікі Усебеларускага народнага сходу.
— Напэўна, усё ж такі перажываюць з гэтай нагоды людзі з улады, таму што ўжо было абвешчана, што прозьвішчы ўсіх удзельнікаў сходу будуць падавацца на санкцыі. Я ўпэўненая, што многія ўсё ж такі баяліся гэтага, перажывалі. Адпаведна, яны адчуваюць сваю віну, а ўлада спрабуе іх апраўдаць.
Ведаеце, мяне заўсёды зьдзіўляла, як людзі, якія зусім ня маюць дачыненьня да веры, да нейкага Боскага пачатку, спрабуюць ціснуць на іншых усялякімі царкоўнымі сымбалямі. Для мяне гэта ня тое што чужое, а проста дзіка. Пра якую веру, пра якія вышэйшыя сілы вы кажаце, калі чыніце такое дзікунства са сваімі ж людзьмі? Як можна казаць пра духоўныя пачуцьці, пры гэтым дазваляючы адбывацца ўсяму таму гвалту, які мы да гэтага часу назіраем у Беларусі?
— Вы не задумваліся, чаму вам асабіста апошнім часам так дастаецца ад рэжыму? То міністар спорту Сяргей Кавальчук, мякка кажучы, раскрытыкуе, то па СТБ пакажуць такое відэа.
— Думаю, тут трэба казаць і пра заслугу Беларускага фонду спартовай салідарнасьці. У нас было вельмі шмат станоўчых рашэньняў з боку і міжнародных камітэтаў, і фэдэрацыяў. Нас падтрымліваюць усе тыя, хто выступае за захаваньне правоў чалавека і спартоўца. Усё гэта не магло не адбіцца на рыторыцы беларускіх дзяржчыноўнікаў, дый наогул улады. Там людзі не чакалі, што нехта адважыцца зрабіць нешта супраць, і гэта ў выніку атрымаецца. Так што такія выпады міністра і ролікі — адлюстраваньне посьпехаў Фонду, нашых спартоўцаў. А я як твар усяго гэтага, натуральна, на перадавой.