Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тры гады будуць выкрасьленыя з жыцьця». Як асуджаныя да «хатняй хіміі» адбываюць пакараньне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Усё часьцей удзельнікам пратэстаў 2020 года прызначаюць «хатнюю хімію». Ці нашмат гэтае пакараньне мякчэйшае за рэальную калёнію, Свабода высьвятляла з самімі «хімікамі» і юрыстамі.

«Умовы драконаўскія. У будні магу пакідаць кватэру на 1 гадзіну. Гэта на ўсё: на паліклініку, крамы, аптэку, банкі. У выходныя і сьвяты выходзіць на вуліцу нельга. Некалькі разоў прыходзілі з праверкамі пасьля 22 гадзіны», — распавяла Свабодзе пэнсіянэрка Вольга. Яна асуджаная на 2,5 гады «хатняй хіміі» за фатаздымак у «Аднаклясьніках» пратэстнага маршу пэнсіянэраў.

Так званая «хатняя хімія» — крымінальнае пакараньне «абмежаваньнем волі», калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі» — абавязковай прымусовай працы — і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі. Тэрміны «хатняй хіміі» ад 6 месяцаў да 5 гадоў.

Каго і за што асуджаюць на «хатнюю хімію»

Дакладныя лічбы асуджаных на «хатнюю хімію» прывесьці немагчыма, бо суды даўно ўжо перасталі публікаваць інфармацыю ня толькі пра прысуды, але і пра расклады паседжаньняў з пазначэньнем артыкулаў. Адзіная афіцыйная крыніца, якая дае інфармацыю аб магчымым аб’ёме рэпрэсій, — «Пералік грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», апублікаваны на афіцыйным сайце МУС. Бо ўсіх асуджаных паводле «народнага» 342 артыкула Крымінальнага кодэксу Беларусі («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), уносяць у сьпіс «экстрэмістаў».

Вядома, што за апошнія 7 месяцаў — з 3 студзеня па 1 жніўня 2025 года — гэты сьпіс папоўніўся на 768 чалавек, большасьць асуджаная менавіта па 342-м артыкуле і, верагодна, атрымалі «хатнюю хімію».

Дарэчы, такое пакараньне прызначаюць людзям і па чыста крымінальных, не палітычных артыкулах — за хуліганства, дробны крадзеж, ухіленьне ад выкананьня бацькоўскіх абавязкаў, няплату алімэнтаў.

Паводле праваабаронцаў, палітычная «хатняя хімія» — частка сыстэмы ціску, бо чалавек фармальна не ў турме, але яго жорстка кантралююць і лёгка могуць зьмяніць рэжым на больш жорсткі. Як, напрыклад, днямі перавялі з «хатняй хіміі» у СІЗА № 1 лекара-нэўроляга Руслана Бадамшына. Праваабаронцам вядома некалькі дзясяткаў такіх прыкладаў.

Сярод «хатніх хімікаў» шмат вядомых людзей, публічных асобаў: сьпявак і шоўмэн «Дзядзя Ваня» (Іван Вабішчэвіч), фітнэс-трэнэрка Натальля Наважылава, сьпявачка Мэрыем Герасіменка, экскурсаводка Валерыя Чарнаморцава, мастачка Ганна Крук ды іншыя.

Жыцьцё на «хатняй хіміі»

Пасьля прысуду да абмежаваньня волі вязень павінен стаць на ўлік у крымінальна-выканаўчую інспэкцыю па месцы жыхарства. Інспэктар вызначае асуджанаму, калі ў таго будзе вольны час. Гэта значыць, калі чалавек можна выходзіць з дому — на 1 — 2 гадзіны ў будні. Калі асуджаны працуе, яму даецца час на дарогу, але адхіліцца ад маршруту і зайсьці, да прыкладу, у краму ён ня мае права — гэта парушэньне. Такія «адхіленьні» адсочваюць па білінгу тэлефона асуджанага, а таксама па відэакамэрах.

Калі вязень не на пэнсіі і ня мае інваліднасьці, ён абавязкова мусіць працаўладкавацца ў 15-дзённы тэрмін (альбо яго ўладкуюць, да прыкладу, дворнікам). Штотыдзень таксама «хатнія хімікі» мусяць адзначацца ў пастарунку.

У любы час могуць праверыць, ці не парушае чалавек рэжым. Правяраць прыяжджаюць прадстаўнікі самых розных ведамстваў: КДБ, АМАПу, РУУС, Дэпартамэнту аховы.

Усе ўмовы, забароны і дазволы прапісаныя ў артыкуле ў частцы 2 артыкула 48-1 і ў частцы 5 артыкула 55 Крымінальна-выканаўчага кодэкса.

Пры гэтым умовы ўтрыманьня «хімікаў» пастаянна ўзмацняюцца: раней можна было выходзіць з дому на 2 гадзіны, цяпер часьцей за ўсё — на 1 гадзіну. Раней, калі людзі жылі ў прыватных дамах, яны маглі выходзіць у двор у любы час. Цяпер пакідаць свой дом можна толькі ў межах тых гадзін, у якія дазваляецца выходзіць на вуліцу (у краму, паліклініку, банк, на пошту і г. д.).

Пасьля вынясеньня трох спагнаньняў асуджанаму аб’яўляюць афіцыйнае папярэджаньне. Калі пасьля гэтага чалавек цягам году зноў атрымае парушэньне, яму праз суд замяняюць пакараньне на больш жорсткае. Такіх прыкладаў — дзясяткі, сьцьвярджаюць юрысты праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Бачнасьць» зьмякчэньня пакараньня пры адсутнасьці фактычнага яго зьмякчэньня»

«Хатняя хімія» — крыху мякчэйшая форма пакараньня для людзей без папярэдняй судзімасьці або зь «невялікай роляй» у акцыях пратэсту.

Аднак умовы ў «хатніх хімікаў» сапраўды жорсткія, кажа юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill, якая пагадзілася пагутарыць з Свабодай на ўмовах ананімнасьці.

«Двойчы — у 2021 і 2024 гадах — мянялася заканадаўства, але не на карысьць „хімікаў“. Калі ў „хіміка“ такія ўмовы [на ўсе побытавыя справы 1 — 2 гадзіны ў будні] — то гэта невыносна, гэтыя ўмовы часам немагчыма выканаць».

А як працаваць, як хадзіць да доктара, як адводзіць і забіраць дзяцей з садку, са школы, як вырашаць іншыя побытавыя пытаньні? Падобныя ўмовы ствараюць толькі «бачнасьць» зьмякчэньня пакараньня пры адсутнасьці фактычнага яго зьмякчэньня, кажа юрыстка.

Яна падкрэсьлівае, што такія ўмовы вельмі лёгка парушыць не спэцыяльна, а пры ўзьнікненьні пазаплянавай сытуацыі (рэзка захварэла дзіця, захварэў сам чалавек, нейкая іншая пазаштатная сытуацыя). У выніку ў выпадку неаднаразовых парушэньняў абмежаваньне волі («хімія») замяняецца на пазбаўленьне волі.

«Безумоўна, лягчэй адбываць пакараньне дома, чым у калёніі. Але падобныя ўмовы пры абмежаваньні волі робяць вельмі верагодным замену гэтага пакараньня на пазбаўленьне волі. Тры парушэньні, потым афіцыйнае папярэджаньне. І пры яшчэ адным парушэньні — замена хатняй на рэальную „хімію“, гэта пытаньне часу», — тлумачыць юрыстка.

«Умовы драконаўскія. У будні магу пакідаць кватэру на 1 гадзіну»

Вось некалькі рэальных гісторый асуджаных на «хатнюю хімію».

Да пэнсіянэркі Вольгі чацьвёра сілавікоў прыйшлі на пачатку 2025 года. Паказалі здымкі з маршаў у «Аднаклясьніках» (іншымі сацсеткамі пажылая жанчына не карысталася). Прыгожыя фота з маршаў пэнсіянэраў Вольга на эмоцыях запосьціла ўвосень 2020-га, а пазьней нібыта выдаліла. Аказалася, што не. Сама яна прызнаецца, што ня вельмі добра валодае «кампутарнай граматнасьцю». «Няпрошаныя госьці» правялі нават не ператрус, а агляд, і нават паспачувалі жанчыне: «Што ж вы, спадарыня, не выдалілі фотачкі?»

«Вы не паверыце, але менавіта прадстаўнікі ГУБАЗіКу мне паспачувалі. Завезьлі ў СК. Там сьледчы паказаў тоўстую тэчку на мяне, сказаў, што мяне падазраюць у актыўным удзеле ў масавых беспарадках („народны“ артыкул 342, частка 1). І дадаў: „Вы ў салідным узросьце, таму можам не трымаць вас да суду ў СІЗА пры ўмове, што вы знойдзеце двух паручальнікаў“.

Пасьля допыту мяне адпусьцілі дахаты пад падпіску аб нявыезьдзе і яўцы па першым патрабаваньні», — распавяла жанчына.

Дома яна добрасумленна вывучыла артыкул 121 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу — пра паручальнікаў. Іх павінна быць ня менш за два, яны павінныя быць «крыштальна чыстыя», да таго ж, у выпадку, калі іх падапечны штосьці парушыць, схаваецца ад сьледзтва, зьбяжыць — на кожнага паручальніка можа быць накладзена грашовая кампэнсацыя — ад 100 да 500 базавых велічыняў (РС: 1 базавая — 40 рублёў, то бок, ад 4 тысяч да 20 тысяч рублёў).

«Шчыра кажучы, у мяне апусьціліся рукі. Вы ўяўляеце, якія гэта грошы?! Хто пагадзіцца рызыкаваць? Я не магу падстаўляць людзей, не буду распавядаць, як і каго знайшла — але за мяне паручыліся людзі!» — эмацыйна кажа Вольга.

Распавядаць пра сам суд, сутнасьць абвінавачваньняў, пра бездапаможнасьць адвакатаў жанчына адмовілася ў мэтах бясьпекі.

У выніку ёй прысудзілі 2,5 гады «хатняй хіміі». Абскарджваць прысуд жанчына ня стала.

«Умовы драконаўскія. У будні я магу пакідаць кватэру на 1 гадзіну. Гэта на ўсё: на паліклініку, крамы, аптэку, банкі. У выходныя і сьвяты выходзіць на вуліцу нельга. Забаронена схадзіць нават у музэй, ня кажучы ўжо пра тэатар — бо гэта „масавы збор людзей“. Я запыталася пра царкву, бо я праваслаўная верніца, а службы ў храмах адбываюцца раніцай і ўвечары. Мне адказаў інспэктар, каб я ўкладалася ў адведзеную гадзіну.

Ведаю, што ёсьць дакумэнт „Пастанова аб усталяваньні абмежаваньняў“, у якім прапісаныя правілы адбываньня пакараньня на „хіміі“. У інспэкцыі мне даюць падпісаць, нібыта я зь ім азнаёмілася, але копіі не даюць на рукі — ён прызначаны „для службовага карыстаньня“».

Раз на тыдзень Вольга ходзіць адзначацца ў пастарунак. Некалькі разоў да яе прыходзілі з праверкамі пасьля 22 гадзіны, крыху напалохалі, кажа жанчына.

«Праверкамі задзяўблі. Адзін раз „застукалі“, калі пабегла за дзіцёнкам у садок»

Яна (імя суразмоўцы зьмененае ў мэтах бясьпекі) — маладая жанчына з малым дзіцем. Калі прызначылі «хімію», спачатку нават узрадавалася, што будзе спаць у сваім ложку, бо ў 2020-м трое сутак правяла на нарах — ёсьць з чым параўнаць.

Яне пашанцавала, што ўдалося аформіць «самазанятасьць», бо асуджаным на хатнюю хімію абавязкова трэба працаваць. Жыве яна ў прыватным доме ў адным з абласных цэнтраў. Каля дому ёсьць палісаднік, невялікі гародзік. Калі толькі пачала адбываць прызначаныя ёй 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах 2020 году, ёй можна было знаходзіцца ня толькі ў самім доме, але і на падворку — гэта не лічылася парушэньнем умоваў пакараньня.

Але нядаўна жанчыне пастрожылі ўмовы: пакідаць свой дом можна толькі ў тыя дзьве гадзіны, у якія дазваляецца выходзіць у горад. Выйсьці ва ўласны двор у любы момант нельга: гэта будзе лічыцца парушэньнем умоў адбыцьця пакараньня.

«Канечне, гэта зьдзек — вясной, летам сядзець у чатырох сьценах. Я працую дома, у вызначаныя дзьве гадзіны мне трэба ня толькі ў краму-аптэку-банк, але і занесьці на працу свае вырабы, падпісаць дакумэнты», — расказвае Яна.

Але самае складанае для яе — адводзіць дзіця ў садок і забіраць яго, гэта задачка «з зорачкай», хоць садок недалёка ад дому. Жанчына дамовілася з выхавацелькамі:

«Яны апранаюць і даводзяць дзіця да ўваходу, мы сьпісваемся, і я проста хутка „лячу“ і забіраю. Кажуць, што месцазнаходжаньне могуць правераць па білінгу тэлефона, таму тэлефон пакідаю дома і лячу. А як патлумачыць дзіцяці, што ў выходныя яго павядуць у парк на атракцыёны чужыя „дзядзі і цёці“, хоць яны і нашыя сябры?.».

«Праверкамі, прабачце, задзяўблі. Адзін раз „застукалі“ — якраз пабегла за дзіцёнкам у садок, а ён папрасіў зайсьці ў краму па марозіва. Так што адно папярэджаньне ўжо ёсьць. Ледзьве стрымліваюся, каб не пракамэнтаваць гэтым правяраючым, што я пра ўсё гэта думаю», — шчыра прызнаецца жанчына.

«Столькі адухоўленых, прасьветленых твараў я бачыла ў апошні раз у 2020-м!»

Алісе (імя суразмоўцы зьмененае) за ўдзел у пратэстах далі не рэальны тэрмін, а 3 гады «хатняй хіміі». Працуе яна ў манікюрным салёне (працадаўца пайшоў насустрач: зрабіў зручны графік і пакуль адпускае на праверкі, лекцыі).

Але калі міліцыянты пару разоў прыйшлі з праверкамі на працу, уладальніку салёну гэта не спадабалася, бо гэта можа «напалохаць» наведнікаў. Таму Аліса вельмі апасаецца страціць працу — давядзецца ісьці тады ў дворнікі ці прыбіральшчыцы.

Але яна аптымістка, творчая асоба і ва ўсіх самых непрыемных абставінах стараецца знайсьці пазытыў.

«Раз на месяц трэба хадзіць на лекцыі у раённы пастарунак. Паколькі ні ў тэатар, ні на канцэрты, ні тым больш у клюбы ці бары нам нельга, шукаю пазытыў на такіх „масавых мерапрыемствах“. Калі прыйшла на лекцыю першы раз, зьдзівілася вялікай колькасьці прыемных, адухоўленых, сьветлых твараў. Было некалькі прыгожых маладых жанчын з малымі дзеткамі. Пазнала адну вядомую творчую асобу з шоў-бізнэсу. На лекцыю прыйшло чалавек 80, а то і 100 — і гэта толькі ў нашае РУУС. Я ўяўляю, колькі „хімікаў“ у горадзе! Я нават не ўстрымалася і гучна кажу на ўсю залю: „Божа, столькі адухоўленых, прасьветленых твараў я бачыла ў апошні раз у 2020-м!“

Прыходзіць нейкі начальнік, вітаецца і прамаўляе: „Бачу па вашых прасьветленых тварах, што вы сталі на шлях выпраўленьня“. Заля рагоча. Ён не зразумеў, з чаго. Потым нейкі маладзейшы міліцыянт пачынае несьці нейкую „пургу“ пра сэнс жыцьця, устаўляючы цытаты мысьляроў і каверкаючы іх прозьвішчы. Натуральна, ніхто яго ўжо ня слухаў, бо ён не адрываўся ад паперкі.

Пасьля гэтых лекцый трэба адзначацца, і калі стаіш у чарзе, знаёмісься, кантактуеш — там такія сьветлыя людзі розных узростаў, асабліва ўражваюць мілыя, інтэлігентныя жанчыны-пэнсіянэркі», — кажа Аліса.

Яна прызнаецца, што маральна цяжка быць настолькі абмежаванай, бо прызвычаілася да больш актыўнага баўленьня часу.

«Тры гады будуць проста выкрасьленыя з жыцьця — калі вытрымаю…» — кажа дзяўчына.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG