Чэмпіёнка сьвету ў фрыстайле, найлепшая спартоўка Беларусі 2019 году Аляксандра Раманоўская паказала ў інстаграме фота абходнага ліста з датай звальненьня — 4 лютага 2021 году. Афіцыйна яна больш не працуе ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскага рэзэрву ў фрыстайле.
Раманоўская знаходзілася на бальнічным і аднаўлялася пасьля апэрацыі на калене. Па заканадаўстве ў такім выпадку супрацоўніка нельга звольніць. Але 3 лютага скончыўся тэрмін дзеяньня бальнічнага ліста, а ўжо 4 лютага значыцца як дата звальненьня.
Пра тое, што чыноўнікі рыхтуюцца звольніць знакамітую фрыстайлістку, стала вядома яшчэ ў кастрычніку. Яна адкрыта выступіла за новыя выбары і сыход Лукашэнкі, увайшла ў Свабоднае аб’яднаньне спартоўцаў. Але афіцыйнай прычынай яе звальненьня нібыта сталіся «прагулы».
Галоўны трэнэр зборнай Беларусі Мікалай Казека, якога за ліст салідарнасьці спартоўцаў таксама адхілілі ад працы з камандай, расказаў тады пра тое, што чыноўнікі РЦАП нават ня сталі браць пад увагу абставіны адсутнасьці Аляксандры, хоць яна вазіла ў шпіталь бацьку, які перанёс інсульт.
Іншая падпісантка ліста спартоўцаў за новыя выбары, экс-прэсавая сакратарка футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце) і тройчы асуджаная паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34 на 42 дні арышту Вольга Хіжынкова так пракамэнтавала звальненьне Аляксандры Раманоўскай.
«Гэтай краіне патрэбны толькі АМАП», — напісала Вольга Хіжынкова на сваёй старонцы ў Інстаграме.