Інфармацыю аб выбуху пацьвердзілі ў сілавых структурах ДНР, а таксама мясцовыя СМІ. Імя параненага яны не раскрываюць, але паведамляюць яго пазыўны: «Длинный».
«Каля 8:00 у Горлаўцы спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне пад машынай, у якой знаходзіўся камандзір 1-га батальёна. Можна сказаць, што гэта тэракт», — сказаў суразмоўца аднаго з агенцтваў навін «ДНР». Пазьней першы намесьнік міністра інфармацыі «ДНР» Даніл Бяссонаў паведаміў, што паранены меў пазыўны «Длинный», а ў машыне разам зь ім знаходзілася яго дачка.
«Спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне пад аўтамабілем камандзіра батальёна, які ў гэты час вёз дачку ў школу. Камбат і яго дачка на гэты момант у шпіталі», — напісаў Бяссонаў у тэлеграм-канале.
Прадстаўнікі сэпаратыстаў абвінавацілі ў арганізацыі выбуху ўкраінскіх вайскоўцаў з спэцатраду «Захад». Паводле іх версіі, гэта было помстай за падрыў трох украінскіх вайскоўцаў на мінах у раёне Новалуганскага, які адбыўся ў выходныя.
Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны пачаўся ў 2014 годзе, тады пад кантролем прарасейскіх сэпаратыстаў апынуліся часткі Данецкай і Луганскай абласьцей з абодвума абласнымі цэнтрамі. У лютым 2019 Пятро Парашэнка, які тады быў прэзыдэнтам Украіны, сказаў, што з моманту пачатку канфлікту на Данбасе Расея «акупавала 44 тысячы квадратных кілямэтраў, або 7% тэрыторыі Ўкраіны».