Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жылі на сваёй зямлі, як чужыя». Праваслаўныя стварылі групу, каб заклікаць беларусаў да пакаяньня


Хрысьціяне розных канфэсій у Менску выйшлі з хрэсным ходам супраць гвалту, 13 жніўня 2020
Хрысьціяне розных канфэсій у Менску выйшлі з хрэсным ходам супраць гвалту, 13 жніўня 2020

Праваслаўныя хрысьціяне Беларусі аб’ядналіся ў групу, дзе гавораць пра асабістае пакаяньне і заклікаюць да яго іншых. У гэтым яны бачаць спосаб да пераменаў да лепшага ў беларускім народзе і краіне.

Як расказала адна з удзельніц ініцыятыўнай групы «Беларусы заклікаюць да пакаяньня» Вольга Афанасьева, у групу цяпер уваходзіць некалькі дзясяткаў вернікаў з розных гарадоў Беларусі, сярод іх ёсьць сьвятары і сьвецкія. Раней яны сустракаліся, каб вывучаць гісторыю Беларусі, у тым ліку онлайн, маліліся разам. У сувязі з апошнімі падзеямі ў краіне ўдзельнікі групы прыйшлі да высновы, што беларускае грамадзтва патрабуе сутнасных, якасных зьменаў.

«Выкрышталізаваліся нейкія рэчы, якія ня вельмі нармальныя перадусім з пункту гледжаньня хрысьціяніна, і з агульначалавечай таксама, якія ўвайшлі ў жыцьцё нашага народу», — кажа Вольга Афанасьева.

Яна патлумачыла, што сярод такіх рэчаў — гвалт у дачыненьні да мірных грамадзянаў, забытыя, непрызнаныя ахвяры падчас гвалту і рэпрэсій мінулага стагодзьдзя. Шляхам да такіх зьменаў група бачыць асабістае пакаяньне, а таксама дапамогу іншым людзям у тым, каб зьмяніцца да лепшага.

«Гэтая тэма мала хвалюе, нягледзячы на тое, што ўсе мы імкнёмся да аднаўленьня праўды, справядлівасьці, абнаўленьня, зьменаў. Пры гэтым тэма пакаяньня неактуальная, не выходзіць на агульнанацыянальны ўзровень праблемы... Калі ты ўсур’ёз хочаш нешта зьмяніць, варта зьмяняцца самому і дапамагаць у гэтым іншым», — мяркуе суразмоўца.

Вернікі запісалі відэаролік, дзе назвалі тое, у чым варта пакаяцца беларусам. Вось некаторыя з тэзісаў:

  • што грэбавалі Божымі запаведзямі, распальвалі міжканфэсійныя канфлікты;
  • што народ забыўся гісторыю сваіх продкаў, адрынуў нацыянальную эліту;
  • што падтрымлівалі бальшавіцкі праект па стварэньні савецкай дзяржавы, дзе мэты разьвіцьця дзяржавы ставілі вышэй за чалавека;
  • што апраўдвалі савецкі рэжым, які зьнішчыў сьвятыні, абясцэніў мову і культуру;
  • што дапусьцілі ў краіне здрады, даносы, рэпрэсіі;
  • што не захавалі памяць пра тых, хто пацярпеў і загінуў падчас трагедый ХХ стагодзьдзя: масавай эвакуацыі беларусаў 1914–1915 гадоў, раскулачваньня, бальшавіцкага тэрору, рэпрэсій, чарнобыльскай катастрофы;
  • што Другую ўсясьветную вайну ўспрымаюць як трыюмф, а не як трагедыю;
  • што жылі толькі асабістымі інтарэсамі, былі абыякавыя да лёсу Бацькаўшчыны;
  • што жылі на сваёй зямлі, як чужыя, ня бралі на сябе большай адказнасьці;
  • што пагаджаліся на хамства, грубасьць, брыдкаслоўе, прыніжэньне асобы.

Сярод удзельнікаў запісу ёсьць Вольга Севярынец, жонка палітвязьня Паўла Севярынца.

Формай пакаяньня ўдзельнікі ініцыятывы бачаць ня толькі царкоўнае таінства споведзі.

«Самім пакаяньнем можа быць тое, што мы пра гэта думаем, дзелімся і разважаем. Калі мы ставім гэтыя пытаньні, дзелімся імі адзін з адным, то сам гэты працэс і ёсьць пакаяньне, бо гэта ўжо павінна мяняць чалавека», — тлумачыць удзельніца групы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG