«У 2020 годзе паступіла 47 мільёнаў беларускіх рублёў, а ўсяго за тры гады — 88 мільёнаў. Хачу адзначыць вельмі высокую дынаміку паступленьня гэтых плацяжоў, кожны год тэмп прыросту — больш за 40%», — паведаміў міністар па падатках і зборах Сяргей Налівайка, піша БЕЛТА.
На ягоную думку, такая дынаміка будзе захоўвацца і ў далейшым. Цяпер на ўліку ў падатковых органах 87 замежных арганізацый — платнікаў гэтага падатку, у тым ліку Google, Microsoft, Amazon, Apple, Booking.com.
- З 1 студзеня 2018 году ў Беларусі прыняты так званы «падатак на Google». Замежныя арганізацыі, якія аказваюць электронныя паслугі фізычным асобам у Беларусі, павінны выплачваць у беларускі бюджэт ПДВ. Стаўка падатку ўстаноўленая ў памеры 20%, што адпавядае агульнай стаўцы, якая ўжываецца ў Беларусі.
- Пад электронныя паслугі, пры рэалізацыі якіх павінен выплачвацца ПДВ, падпадаюць паслугі, зьвязаныя з продажам праз інтэрнэт кампутарных праграм, гульняў, музыкі, фільмаў, электронных кніг і іншага лічбавага кантэнту.
- У першы год дзеяньня «падатку на Google» ён прынёс беларускаму бюджэту 15,8 мільёна рублёў.