Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская сьцісла:
- Попыт на беларускую дзіцячую літаратуру вырас за апошнія гады, нягледзячы на «зацішша» падчас пандэміі.
- Апошнім часам прыкметна таксама, што зьяўляецца ўсё больш дзіцячых кніг, напісаных беларускімі аўтарамі.
- Як і раней, у сваім выдавецтве «Коска» я публікую кнігі тысячнымі накладамі, што тычыцца «трэндавых» сэрый, якія выходзяць ужо шмат год, напрыклад кнігі пра Маму Му і Крумкача ці пра Пэтсана і Фіндуса. Калі гаварыць пра менш вядомых пісьменьнікаў, то наклад удвая меншы.
- Па-ранейшаму вялікая праблема незалежных выдавецтваў у Беларусі — высокі ПДВ, 20 адсоткаў.
- Заблякаваньне рахунку найбуйнейшага незалежнага выдавецтва «Янушкевіч» стварыла праблемы і для «Коскі», бо «Янушкевіч» дапамагаў прадаваць нашы выданьні праз інтэрнэт, а грошы з гэтага продажу пакуль заблякаваныя.
- За апошні год мне адносна няшмат пераклалася, час быў вельмі неспрыяльны. Але некалькі перакладзеных кніг на будучыню ў мяне ёсьць.
- Я ўжо доўгі час супрацоўнічаю з парай швэдзкіх аўтараў, Юяй Вісландэр і Свэнам Нурдквістам (ён жа і ілюстратар). У «Косцы» выйшлі шэсьць кніг пра «Маму Му і Крумкача» Юі Вісландэр з ілюстрацыямі Свэна Нурдквіста. Хачу выдаць «анталёгію» аповедаў Свэна Нурдквіста пра Пэтсана і Фіндуса.
- Швэдзкая дзіцячая літаратура папулярная ў сьвеце перш за ўсё дзякуючы «зьмене пэрспэктывы» ў ёй, якую запачаткавала Астрыд Ліндгрэн у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя: сьвет у швэдзкіх дзіцячых кнігах разглядаецца з пэрспэктывы дзіцяці, а не дарослага.
- Зь беларускіх аўтараў мне падабаецца, як піша для дзяцей Ганна Янкута.