Юлія Цімафеева сьцісла:
- Я цяпер на пісьменьніцкай стыпэндыі ў Грацы, другім па велічыні горадзе Аўстрыі, разам са сваім мужам Альгердам Бахарэвічам. Будзем тут як мінімум да траўня, а там будзе відаць, як далей.
- Летась у мяне выйшлі чатыры кнігі, адна — швэдзкая — вельмі нечаканая для мяне.
- У паэтычную кнігу «Рот» увайшлі вершы, напісаныя ў 2016–2020 гг. Іх перакладалі шмат на якія мовы, сярод іншага, яны выходзілі ў асобных выданьнях у Польшчы і Нямеччыне.
- У Беларусі адбылося «ссоўваньне» — цяпер не перакладчыкі шукаюць выдаўцоў, а выдаўцы пачалі шукаць перакладчыкаў для перакладу і выданьня цікавых кніг. Так адбылося з маім перакладам кнігі «Сьнежная сястра» Маі Лундэ з нарвэскай мовы, калі гэтую кнігу прапанаваў мне перакласьці Андрэй Янушкевіч.
- Летась у выдавецтве «Коска» выйшаў яшчэ адзін мой пераклад з нарвэскай мовы — «Неба Ганны» Стыяна Холе.
- Адну кнігу летась я напісала па-ангельску — «Дні ў Беларусі», яна выйшла ў Швэцыі ў перакладзе на швэдзкую. Гэта своеасаблівая хроніка таго, што адбывалася са мною і перажывалася мною ў Беларусі ў кастрычніку-лістападзе. Праца над кнігай трывала ўсяго два тыдні зь нечым. На кнігу ў Швэцыі выйшла шмат рэцэнзій — у Беларусі ніколі ў жыцьці я ня мела столькі рэцэнзій і, відаць, ня буду мець.
- Над беларускай вэрсіяй кнігі «Дні ў Беларусі» я не працую. Ня ўпэўнена, што яе наагул магчыма напісаць.
Вершы Юліі Цімафеевай:
КАМЕНЬ СТРАХУ
Мне страшна.
Я ўрэшце дома.
Я атрымала ў спадчыну
свой страх —
сямейную рэліквію,
каштоўны камень,
які перадаецца
ад пакаленьня да пакаленьня.
Наш круглы радавы валун,
некалі скрадзены
з панскага поля.
Камень ня мае рота,
ня здольны ні крыкнуць,
ні сказаць.
Ён бяспамятны,
заўжды ў зародку,
усё, што ён умее, —
марудна і няўмольна
расьці.
Мы кормім камень па чарзе
праз доўгую пупавіну роду:
прабабулі і прадзядулі,
дзядулі і бабулі,
маці з бацькам,
а вось і я вырасла —
цяпер мая чарга.
Правілы догляду простыя:
— спачатку ты носіш
камень на сэрцы,
ён п’е тваю кроў і
смокча жыцьцёвыя сокі.
Камень адвучыць цябе дыхаць
на поўныя грудзі;
— потым дай каменю
ўзьняцца вышэй,
зручна захраснуць у горле
і цадзіць твае словы.
Камень адвучыць цябе
гаварыць тое, што хочаш;
— і вось страх выбіраецца вонкі,
абвіваецца каменнаю пупавінай
вакол шыі, вешаецца табе на грудзі,
твая вечная процівага.
— Ах, якая прыгажосьць! Гэта ў вас ад бабулі?
— Так.
— Вы ж толькі яго беражыце.
— Абавязкова.
МОВА — ТУРМА
Мова — турма,
у якую нас пасадзілі
за нежаданьне
й няздольнасьць
увабраць у сябе ЎСЁ.
Мы прагнем межаў і сьценаў,
і калючага дроту радкоў,
каб, кідаючыся на іх
у спробе вырвацца,
адчуць сябе жывымі.
Мы трапляем у мову малымі
і ня памятаем іншага жыцьця,
акрамя турэмнага,
іншага неба,
акрамя закратаванага,
іншай ежы, акрамя поснай поліўкі
пустых штодзённых размоваў.
Ніхто не пытаўся ў нас,
ці хочам мы нараджацца.
Ніхто не пытаўся ў нас,
ці хочам мы гаварыць.
Памяць трымае нас тут,
і адзіны шлях адсюль —
забыцьцё.
Але за межамі мовы —
каінава самота,
бо забыцьцё — гэта забойства.
Адзін з найстрашнейшых,
з самых непамысных грахоў —
уцячы па сваёй волі
з палону Мовы.
Вызваліцца —
замоўкнуць —
адчуць,
як уздымаюцца
магутныя грудзі Сусьвету.
І ў яго разьняволеным шуме
не знайсьці ніякага сэнсу.
ЗАБРАЛІ
у чорную шчыліну
бэтоннага плота
спрабую разгледзець
насаты профіль
мучыцеля
гэта Дзяржынскі
вас там дзяржыць
у Бараўлянскім аддзеле міліцыі?
бязрукі Дзяржынскі
завостраным носам
падпісвае вам пратаколы
і адпраўляе з рукамі за сьпінай
у кайданках ці сьцяжках
(з-за плоту ня бачна)
у аўтазак
белы і правільны
як халадзільнік?
ЗАБРАЛІ
і вось мы стаім
мы чакаем
па гэты бок плота
мы сочым як дзеці
у шчыліну
за катам каменным
за развалістаю паходкай
кіроўцы
за бліскучымі шлемамі
касманаўтаў
у сьвятле аранжавай лямпачкі
міліцэйская лямпачка
таксама проста выконвае загад
лямпачка таксама ня можа аслухацца
каманды вкл./выкл.
лямпачка прыняла прысягу
на вернасьць народу
Рэспублікі Беларусь
і будзе сьвяціць або не сьвяціць
як загадае ёй галоўнакамандуючы
лысаваты начальнік
у цемры падобны да чалавека
махае белым сьцяжком
з імёнамі нашых родных
отойдите подальше от забора
вы замедляете оформление
вы мешаете работать
их сегодня никто не выпустит
все поедут на Жодино
за плотам
ухвальна шчэрыцца
бюст
носам складаючы
пратаколы
днём я пабачыла
ў шчыліну
гэта ня Фелікс Дзяржынскі
гэта таварыш Фрунзэ
адзін хер
лістапад 2020
УРОК ЦЯРПЛІВАСЬЦІ
на сьпіне
я адчуваю
як холад пальцам
па-дзіцячы
лічыць
пазванкі
як холад піша
пропісі
уціскаючы
сіні аловак
у белую паперу скуры
ён піша
боль гвалт крык стогн
ён піша зло
сьмерць кат
папера скуры цярпіць
яго няўмелы почырк
бо холад
толькі вучыцца
бо словы
гэты толькі словы
я мушу дараваць
сьцюдзёных пальцаў
дылетанцтва
я мушу дараваць
ня рвіся, скура!
не ламіся, пазваночнік!
няхай стараецца
яму так многа
патрэбна пропісяў
так многа сьпін
сьнежань 2020