Як адзначае прэсавая сакратарка міністэрства Клара Длубалава са жніўня мінулага году Чэхія аказвала на сваёй тэрыторыі мэдычную і рэабілітацыйную дапамогу 60 беларусам, якіх перасьледаваў беларускі рэжым пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
«На жаль, сытуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, і рэжым па-ранейшаму перасьледуе людзей. Дзякуючы праграме MEDEVAC мы маем эфэктыўны інструмэнт для дастаўкі іх у Чэхію і аказаньня ім дапамогі. Мы вырашылі аднавіць гэтую дапамогу», — растлумачыў міністар унутраных справаў Ян Гамачэк.
Гэтым разам гаворка пойдзе пра дапамогу беларускім мэдыкам і іх сем’ям, якіх перасьледуюць.
Міністэрства ўнутраных справаў сумесна зь Міністэрствам аховы здароўя будзе каардынаваць адбор людзей і іх далейшае працаўладкаваньне на рынку працы ў Чэхіі.
Бюджэт праграмы MEDEVAC будзе выкарыстоўвацца Міністэрствам унутраных спраў для забесьпячэньня пераезду ў Чэхію і дапамогі пасьля прыбыцьця. Гэта будзе ўключаць, напрыклад, забесьпячэньне віду на жыхарства, кароткатэрміновае пражываньне, мэдычнае абслугоўваньне, паслугі перакладчыкаў або дапамогу ў выхадзе на рынак працы.
Выкананьне абавязацельстваў у сувязі з пандэміяй COVID-19, такіх як правядзеньне ПЦР-тэстаў альбо магчымая ізаляцыя, гарантуецца Міністэрствам унутраных спраў. Каардынацыю ў Беларусі, уключаючы выдачу візаў, будзе забясьпечваць Міністэрства замежных справаў.
Як паведамляе ініцыятыва Гуманітарны кансіліюм, беларускія дактары, якія сталі ахвярамі палітычнага перасьледу, для рэабілітацыі і працаўладкаваньня ў Чэхіі могуць зьвяртацца на электронны адрас czhelp2020@gmail.com.