Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гады калёніі за акцыю супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Бабарыкі і Цапкалы


Затрыманьні ў Менску 14 ліпеня 2020 году
Затрыманьні ў Менску 14 ліпеня 2020 году

Суд Кастрычніцкага раёну Менску вынес прысуд 23-гадоваму Антону Валавіку, якога абвінавацілі па артыкулах 342 і 364 Крымінальнага кодэксу.

Яго прызналі вінаватым і прызначылі 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму па сукупнасьці двух артыкулаў. Справу разглядала судзьдзя Вольга Няборская, дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Арцём Яўтуховіч.

Антона Валавіка абвінавацілі ў тым, што летась 14 ліпеня ён браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, «меў намер публічнага пратэсту і зьдзяйсьненьня дэструктыўнай дзейнасьці». Стаяў у першых шэрагах счэпкі, выкрыкваў лёзунгі, а таксама нанёс удары правай нагой супрацоўнікам АМАП: Самалётаву — па руцэ, Астапуку — па галаве.

1 лютага судзьдзя задаволіла хадайніцтва абаронцы агучыць сьведчаньні пацярпелых падчас папярэдняга сьледзтва. Самалётаў не паказваў на Валавіка як на таго, хто наносіў удары. Астапук на пытаньне, чаму не канкрэтызаваў, куды наносіліся ўдары, сказаў, што яму суткі было кепска, ён дрэнна спаў, таму адказваў павярхоўна. А грамадзянскі пазоў на 1000 рублёў патлумачыў тым, што «яму было непрыемна, бо людзі бачаць, што можна крыўдзіць супрацоўнікаў».

Сябры Антона Валавіка ўнесьлі гэтую суму за перапынак.

Пракурор прасіў для маладога чалавека 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму па двух артыкулах. Таксама ён папрасіў выключыць з абвінавачаньня «зьдзяйсьненьне злачынства праз помсту».

Пацярпелы Самалётаў выступаць адмовіўся, Астапук прасіў не караць строга.

Антон Валавік у апошнім слове папрасіў пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі. Сказаў, што сытуацыя і без таго прынесла гора і сьлёзы ягоным маці і дзяўчыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG