Судзьдзя суду Маскоўскага раёну сталіцы Лідзія Целіца 22 студзеня вынесла прысуд па крымінальнай справе супраць Аляксандра Сячко. Яна прызначыла яму абмежаваньне волі тэрмінам на 3 гады ў папраўчай установе адкрытага тыпу, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». У гэты тэрмін залічана знаходжаньне Аляксандра пад вартай падчас сьледзтва з 23 кастрычніка 2020 па 22 студзеня 2021 году.
Менавіта такога пакараньня патрабавала дзяржабвінаваўца Жураўлёва. Суд таксама абавязаў Аляксандра Сячко выплаціць пацярпеламу кампэнсацыю маральнай шкоды памерам 1000 беларускіх рублёў. А яго мабільны тэлефон канфіскавалі.
Пасьля абвяшчэньня прысуду Сячко выпусьцілі з-пад варты.
Крымінальны перасьлед у дачыненьні да Аляксандра Сячко пачаўся паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу «Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Сячко прызнаў, што напісаў СМС-паведамленьне з пагрозамі камандзіру аддзяленьня менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна Яўгену Ўрублеўскаму.
Сячко сказаў, што напісаў СМС пасьля прагляду відэа са свавольствам сілавікоў, якія зьбівалі мірных грамадзян на вуліцах. Ён быў абураны і шакаваны тым, што робяць Лукашэнкавы міліцыянты, і гэта пабудзіла яго на пагрозы.
22 кастрычніка да Аляксандра ў Горадню прыехалі сілавікі зь Менску, затрымалі і амаль суткі ўтрымлівалі без афармленьня. Па словах Сячко, гэта рабілася, каб адвакаты ня ведалі, дзе ён знаходзіцца.
Тры месяцы, пакуль ішло сьледзтва, Аляксандра неаднаразова перавозілі ў розныя ізалятары. Сьпярша ён быў у Жодзіне, затым у Горадні, а пасьля яго перавялі ў СІЗА № 1 у Менску. Яму затрымлівалі мэдычную дапамогу.
Аляксандар Сячко адзначыў, што ўсяго Ўрублеўскаму розныя людзі даслалі каля 1300 паведамленьняў — такая была рэакцыя людзей на катаваньні на Акрэсьціна 9–12 жніўня 2020 году.