Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 — студзені 2021 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
„Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“
Ірына Шчасная, 33 гады (апавядае муж Аляксандар):
„18 студзеня Ірыне працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай. ГУБАЗіК затрымаў яе яшчэ ў лістападзе. Міліцыя паведаміла, што яна вяла шэраг «дэструктыўных тэлеграм-каналаў». Дома прайшоў ператрус. Ірына падазраваная паводле часткі 2 артыкулу 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Ёй пагражае ад 3 да 8 гадоў зьняволеньня. Цяпер яна ў СІЗА на Валадарцы.
Іра зь Менску. Яна адвучылася ў Інстытуце парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва, атрымала магістра палітычных навук. Яна заўсёды цікавілася палітыкай, гэта была яе тэма. І ў ІПП яна пайшла не таму, што не магла паступіць у іншыя ВНУ, а таму, што бачыла сябе ў паліталёгіі. Ірына вучылася вельмі добра, за свае работы атрымлівала дзясяткі.
Мы зь ёю пазнаёміліся ў 2006 годзе ў кампаніі агульных сяброў. Гэта было каханьне зь першага позірку. Пасьля некалькі гадоў сустракаліся, у 2010 годзе пажаніліся. У тым жа годзе ў нас нарадзіўся сын Герман.
Я працаваў на сябе, займаўся будаўніцтвам, браў заказы. Я забясьпечваў сям’ю. Ірына была нейкі час на афіцыйнай працы, але яе звольнілі за погляды яшчэ да парлямэнцкіх выбараў: нехта на працы праглядзеў яе старонку ў «ВКонтакте». Пасьля яна працавала неафіцыйна.
Мы заўсёды былі актыўнымі. Іра мела сувязі ў руху «Разам», мела там шмат знаёмых. Я сам быў даверанай асобай Вольгі Мікалайчык, калі тая спрабавала вылучыцца кандыдатам на парлямэнцкіх выбарах, дапамагаў з машынай“.
Сустаршыня руху Алена Талстая:
„Ірына — чалавек, вядомы яшчэ з Плошчы-2006. Пэўны час яна была каардынатарам нашага руху, заўсёды брала актыўны ўдзел у акцыях ушанаваньня гістарычнай памяці. Пасьля ў яе зьявілася праца, дзіця… І Ірына паступова адышла ад дзейнасьці нашага руху — але не ад грамадзкай дзейнасьці“.
Аляксандар:
„Актыўная пазыцыя і прывяла Ірыну да вядзеньня тэлеграм-канала. Хтосьці ёй прапанаваў, я так разумею. Яна пагадзілася. Я ведаў, што Ірына была рэдактарам канала «Мая краіна Беларусь», хваляваўся за яе. Але «дэструктыўным», як назвала яго міліцыя, я канал не лічу.
Ірына езьдзіла ў Кіеў у жніўні перад выбарамі. Гэта было і таму, што ёй падабаўся Кіеў, і там былі сябры, ну і пытаньне бясьпекі таксама. Пэўны час Іра правяла там.
Я з сынам заставаўся ў Беларусі. У мяне была тут праца, я думаў, што вырашу справы і, можа, перабяруся да жонкі ва Ўкраіну таксама.
Але Ірына раптам вырашыла вярнуцца — і я да канца не разумею яе матываў. Яна казала, што ня можа больш жыць у страху і хоча быць разам з сынам; што вельмі любіць сваю сям’ю і сваю краіну.
Яе адгаворвалі ўсе. Неабходнасьці вяртацца ў Беларусь у яе не было.
Але ў верасьні Ірына прыехала ў Менск. І я, і ўсе сябры ўгаворвалі яе, каб яна вярнулася ў Кіеў, але пераканаць яе было вельмі цяжка“.
Яўген Маслаў, кіеўскі сябра Ірыны:
„Я яе таксама адгаворваў. Але ў яе, я так разумею, было некалькі прычын. Яна вельмі перажывала за сына, вельмі сумавала па ім, па сваёй маці і па радзіме. І яшчэ па сваіх катах, якіх яна вельмі любіць. Іра вялікая патрыётка, яна шмат расказвала пра Беларусь і пра Менск. Яна казала: «Я стамілася баяцца, і я нічога кепскага не раблю»“.
Натальля, сястра Ірыны:
„Ірына правяла ў Менску прыкладна месяц — а 18 лістапада па яе прыйшлі сілавікі.
Саму Іру затрымалі ў двары каля дому. Пасьля ў кватэры на працягу дзьвюх гадзін праводзілі ператрус. У выніку канфіскавалі ноўтбук, тэлефон, грошы.
У мамы ёсьць ключы ад кватэры Ірыны. Далей усё расказваю са слоў мамы. Супрацоўнікі сілавога ведамства выглядалі, як работнікі ЖЭСу. Калі мама заходзіла ў пад’езд Ірыны, «жэсаўцы» пацікавіліся, ці ёсьць у кватэры гарачая вада. Мама адказала, што не жыве тут і ня можа адказаць на іх пытаньне. Тады гэтыя супрацоўнікі зайшлі разам зь ёй у пад’езд, а калі яна адчыняла дзьверы кватэры, жорстка адштурхнулі яе, пэнсіянэрку 64 гадоў.
Усё гэта адбывалася на вачах 10-гадовага сына Ірыны. Муж на той момант быў на працы“.
Вольга Чамаданава, прэс-сакратарка МУС:
„Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС выйшлі на 33-гадовую беспрацоўную мінчанку, якая зьяўляецца адміністратарам дэструктыўных тэлеграм-каналаў «Мая краіна Беларусь», «Беларусь 24», «Баста», «Беларусь галаўнога мозгу» і «Элехтарат». Таксама высьветлена, што жанчына кіравала паблікам «Эўрапейская Беларусь» і актыўна суправаджала яго ў сацсетках. За гэта штомесяц атрымлівала каля 600 рублёў ад асноўнага каардынатара аднайменнай кампаніі.
Падчас ператрусу кватэры мінчанкі канфіскавалі шэсьць мабільных тэлефонаў, ноўтбук, вінчэстар, флэш-назапашвальнік, 700 эўра, банкаўскую картку і пратэставую атрыбутыку“.
Аляксандар:
„Пра затрыманьне жонкі мне паведаміла цешча. Я спачатку ня мог паверыць, што гэта адбылося. Пачаў шукаць адваката, абзвоньваць сяброў і знаёмых. Спачатку я ня ведаў, дзе Ірына. Толькі праз адваката змог даведацца, дзе яна і што зь ёю.
Дома быў гармідар; забралі і тэхніку, і грошы, якія мы адкладвалі на рамонт. Я ўзяў сына і начаваў некалькі дзён у сваёй маці. У нядзелю, праз пару дзён пасьля затрыманьня жонкі, мне раптам званок. Кажуць: «Служба газу, калі вы будзеце дома, каб зайсьці для абслугоўваньня газавага абсталяваньня?»
Я перазваніў у службу газу — ніякія газаўшчыкі мне званіць не маглі. Я вырашыў, што больш не магу заставацца ў Беларусі. Ды і сына адправілі б у інтэрнат, калі б мяне затрымалі.
Я паехаў ва Ўкраіну.
Сёньня я з сынам у Кіеве. Знайшоў ужо Герману школу, ён вучыцца. Я вырашаю пытаньні з дазволам на жыхарства і працай.
Пакуль жонку не адпусьцяць, вярнуцца ў Беларусь я не магу.
Ведаю, што Ірына, калі дазналася, што мы з сынам за мяжой, выдыхнула з палёгкай.
За ўвесь час Іра атрымала толькі два лісты ад сястры. Ад знаёмых ці незнаёмых людзей лісты перадаюць, ад нас — не. А пасьля 22 сьнежня ад Іры таксама перастала прыходзіць карэспандэнцыя. Акрамя ліставаньня, яшчэ адзін момант ціску на яе — анкалёгія ейнага бацькі.
Але думаю, Іра ні пра што не шкадуе і трымаецца. Яна вельмі валявы чалавек“.
Тацяна Шымуль, адвакатка Ірыны:
„Ірына адчувае сябе добра, ня страціла баявога духу. Скаргаў няма. Нават на побытавыя ўмовы: Ірына разумее, што гэта СІЗА, і ня мае ілюзій.
Настроеная яна не магу сказаць што пазытыўна, але спакойна. Спадзяецца на справядлівае рашэньне суду.
Самая важная праблема на сёньня: да Ірыны не даходзяць лісты ад родных. Пры гэтым паштоўкі і лісты ад незнаёмых яна атрымлівае амаль кожны дзень“.
„Білі і сьмяяліся: «Глядзіце, гэта ўсё за вашы падаткі!»“
Аляксандра Міронцава, 20 гадоў:
„Сясьцёр у нашай сям’і шасьцёра. Усе дарослыя. Настасьсі 23, Вікторыі — 26. Не замужам. Разам мы вучыліся ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка: я на музыканта па клясе фартэпіяна, сёстры — на жывапісцаў.
Спачатку ў каледж паступілі Віка зь Веранікай — яны двайняты, у адну клясу пайшлі. Потым туды адправілі Насьцю і мяне. Думаю, для таго, каб усе дзеці былі ў адным месцы. Так прасьцей. Плюс наш каледж — добрая ўстанова. Пасьля затрыманьня сясьцёр выкладчыкі з мастацкага патоку нават зьбіралі грошы для іх.
Пасьля каледжа я працавала ў дзіцячым садку музычным пэдагогам. Настасься вучылася на апошнім курсе ў Акадэміі мастацтваў, была сярод найлепшых студэнтаў. Але не змагла трапіць на дзяржаўныя экзамэны, бо была за кратамі. Афіцыйнага ліста ад органаў у акадэмію не прыйшло, і яе адлічылі.
Вікторыя па спэцыяльнасьці не пайшла, уладкавалася афіцыянткай у рэстаран. У яе дома, дарэчы, жыве ручная сарока. Падабралі яе яшчэ птушанём, восем месяцаў таму, назвалі Лапуля.
10 жніўня мы гулялі ў цэнтры Менску. Было 6 гадзін вечара, нават ня час мітынгу. Мы былі насупраць Палаца спорту, і там аказалася вельмі шмат міліцыі. Да нас падышоў супрацоўнік, сказаў: «Разварочвайцеся, далей ісьці нельга». Літаральна праз 10 сэкундаў з маленькага буса выйшла шмат супрацоўнікаў. Яны пачалі хапаць выпадковых людзей — пры тым, што людзі паводзілі сябе спакойна, ніхто не крычаў лёзунгаў.
Адразу шок: я ў жыцьці так блізка затрыманьняў ня бачыла, усё ўнутры затрэслася. Пасьля зьявілася яшчэ больш АМАПу, і ўжо забралі і нас. Сьцягоў у нас зь сёстрамі не было. Адзінае — белыя фенечкі на руках.
Адвезьлі ў Ленінскае РУУС. Там мы былі да сярэдзіны наступнага дня. Доўга стаялі на асфальце на каленях. Суткі нас не кармілі. Адзінае, што далі — вялікую бутэльку вады на ўсіх. На ўсякі выпадак мы нічога не падпісвалі.
У РУУС супрацоўніцы-жанчыны, як ні дзіўна, былі больш жорсткія за мужчын. Нават прыбіральніца — яна з такой нянавісьцю ставілася да людзей!
Але самае пекла адбывалася ў саміх аўтазаках. Амапаўцы забаўляліся, як маглі. Дзяўчат ня білі, а вось хлопцам прылятала дубінкамі па сьпінах. У аднаго былі доўгія валасы, і амапаўцам захацелася праявіць сябе ў новай прафэсіі і падстрыгчы яго. Яны папрасілі ў РУУС нажніцы, але пастрыгчы не атрымалася, бо нажніцы былі тупыя. Пастаянна гучалі прыніжальныя жарты. Яны сьмяяліся: «Глядзіце, гэта ўсё за вашы падаткі».
Адзін амапавец пажартаваў зь Вікінай прычоскі. Папраўдзе, яна стрыжэцца налыса ня проста так. У яе хвароба шчытападобнай залозы — ад гэтага адміраюць цыбуліны на галаве і вялікі ўчастак застаецца без валасоў. Таму Віка вырашыла пачаць галіцца. Цяпер ёй нават падабаецца.
Увечары 12 жніўня нас адпусьцілі з Жодзіна. Ніхто з родных ня змог сустрэць, бо было незразумела, дзе мы. Валянтэры адвезьлі нас да вакзала, адтуль мы на электрычцы дабраліся да Менску.
Было страшна ехаць па горадзе, бо мы чулі ад валянтэраў, што там поўны жах адбываецца. Баяліся, што нас зараз назад павязуць у турму.
Некалькі месяцаў было зацішша. У верасьні я звольнілася з працы — інтуіцыя, якая мяне не падводзіць, прадказвала штосьці нядобрае. У кастрычніку на тэлефон пляменьніцы прыйшла позва для Вікторыі ў суд на гэты ж дзень. Натуральна, яна не змагла там прысутнічаць. Суд вынес рашэньне безь яе — далі проста афіцыйнае папярэджаньне.
14 кастрычніка я зьехала за мяжу. А ўжо 16-га міліцыя прыехала да Вікторыі: сказалі, трэба пагутарыць пра сястру. Папрасілі праехаць зь імі — яна нават куртку не апранула. Дадому яе ўжо не адпусьцілі. Тое ж самае адбылося з Настасьсяй. Пасьля быў ператрус дома ў мамы, дзе мы прапісаныя, але нічога не забралі.
На нас завялі крыміналку паводле артыкулу 342. Падставай стала відэа за 10 жніўня, на якім мы засьвяціліся.
Напрыдумлялі, што мы крычалі лёзунгі, стаялі на праезнай частцы. Хоць гэтага не было. Наконт мяне ня могуць супакоіцца: ня вераць, што я зьехала з краіны, спрабуюць знайсьці.
Мама наша на пэнсіі. Яна дастаткова моцная жанчына, стараецца не маркоціцца. Калі прыяжджалі сьледчыя, зь міліцыі, заўсёды сьмела зь імі сябе паводзіла, крычала: «Што, і па мяне прыехалі ўжо? Забірайце!»
У мяне аптымістычная сям’я — што мама, што сёстры. Спрабуюць з гумарам ставіцца да гэтай сытуацыі. Сёстры пісалі, што ім пашанцавала: у камэры яны з добрымі людзьмі, адна адну падтрымліваюць. Яны сядзяць з палітычнымі. Усе кажуць, што лісты вельмі дапамагаюць.
Пакуль што я ў Бразыліі: тут жыве мой малады чалавек. Пасьля гэтых затрыманьняў ён сказаў, што лепш мне нейкі час пасядзець тут. Я разьлічвала, што ўсё хутка скончыцца, але, на жаль, гэтага ня здарылася. У Бразыліі можна быць бязь візы тры месяцы, і ў мяне гэты тэрмін канчаецца. Ня ведаю, што рабіць — ці палітычнага прыстанішча тут прасіць, ці ў Польшчу ехаць. Натуральна, калі я палячу ў Беларусь, мяне сустрэнуць з шырокімі абдымкамі супрацоўнікі міліцыі“.
„Хочуць перакінуць на брата віну за забойства Шутава“
Аляксандар Кардзюкоў, 41 год, Берасьце (апавядае старэйшая сястра Марына):
„11 жніўня яны былі разам зь сябрам Генадзем Шутавым у тым самым двары, дзе Генадзь быў сьмяротна паранены стрэлам у патыліцу. Брат здолеў уцячы. Яшчэ цягам двух дзён ён ня ведаў, што адбылося зь сябрам, шукаў яго і быў упэўнены, што знойдзе недзе ў ізалятары часовага ўтрыманьня. 13 жніўня ён даведаўся, што Генадзь у коме. А на наступны дзень, 14 жніўня, затрымалі і яго самога, абвінаваціўшы ў супраціве супрацоўнікам органаў унутраных справаў. Нядаўна артыкул зьмянілі: цяпер брат — падазраваны ў замаху на забойства.
Брата забралі на маіх вачах, каля першай гадзіны ночы з 14 на 15 жніўня. Напярэдадні, удзень 14 жніўня, мы размаўлялі па тэлефоне. Ён мне сказаў: «Я быў там, але здолеў уцячы». Ён расказаў мне, што адбылося і што ягоны сябар Генадзь Шутаў у цяжкім стане ў шпіталі. Да гэтага я нават ня ведала, што Генадзь зьнік. Асабіста я зь ім ніколі не сустракалася, толькі ведала, што яны з братам сябруюць. Саша быў вельмі засмучаны, плакаў. Калі супакоіўся, сказаў, што разам з жонкаю зьбіраецца ехаць да мамы, чакаў яе ў гаражы.
Праз пару гадзінаў пасьля гэтай размовы мне патэлефанавала жонка брата, таксама Марына, і сказала, што ён прапаў, — разам з сынам яна прыехала ў гараж, а мужа там не было.
Яны вярнуліся дадому, увечары я прыехала да іх, і тады прыйшоў супрацоўнік міліцыі ды пачаў казаць, што Сашу трэба здацца, навошта ён хаваецца. Мы не разумелі, пра што ён гаворыць, чаму Сашу шукаюць, а яшчэ больш незразумела было, што значыць «ён хаваецца». Усе тыя дні, з 11 жніўня, ён жыў звычайным жыцьцём. 11 жніўня ён вярнуўся начаваць дахаты, наступныя дні быў дома, хадзіў у краму, гараж. Ён ні ад кога не хаваўся.
Пазьней у Сьледчым камітэце мне далі праслухаць тую нашу размову з братам, што адбылася ўдзень 14 жніўня. Тады я зразумела, што яго даўно праслухоўвалі, а таму ведалі, дзе ён быў.
Супрацоўнік міліцыі сказаў, што калі Саша прыйдзе ў міліцыю сам раніцаю, то праз тры дні яго адпусьцяць.
Калі міліцыянт пайшоў, мы паехалі шукаць Сашу. Ягоны гараж быў адчынены, мы падумалі, што Саша мусіць быць недзе там. Мы хадзілі па гаражах і клікалі яго. Ужо потым я зразумела, што там была засада. Калі Саша пачуў нас і выйшаў, нам перакрылі дарогу, а яго запхнулі ў нейкую машыну. Людзі, якія яго забралі, нават не былі падобныя да міліцыі — у цывільным, але зь пісталетамі ды кайданкамі.
Да 4-й гадзіны раніцы мы разам з братавай езьдзілі ў міліцыю, Сьледчы камітэт — хацелі даказаць, растлумачыць, што ён не хаваўся і ні ад кога не ўцякаў. Брата забралі ў ІЧУ. Там яго пратрымалі 10 дзён, а потым перавялі ў СІЗА на Валадарцы ў Менску, дзе ён і застаецца дагэтуль. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку міліцыі, які ахоўвае грамадзкі парадак). Нядаўна гэты артыкул быў зьменены на 139, ч. 2 (замах на забойства). Сьледзтва ўжо скончанае, і пасьля 15 студзеня можна чакаць суду.
Пра дэталі справы мы ведаем зусім мала. Адвакаты пад падпіскай аб невыдаваньні, амаль нічога не расказваюць. Сам Саша пра справу таксама ня піша, бо цэнзура. У тых лістах, што даходзілі сям’і, ён выказваў надзею, што на Новы год будзе дома.
Але тое было, пакуль яму не зьмянілі артыкул. Ён увогуле не чакаў, што можа ў такое ўліпнуць, спадзяваўся на справядлівасьць. Пра новае абвінавачаньне Саша пісаў, што гэта сьмешна і што ніводзін суд у гэта не паверыць. Але ён жа са жніўня за кратамі, у інфармацыйнай ізаляцыі, і ня ведае, што тут і судоў ужо не засталося…
Я таксама лічу новае абвінавачаньне (як, зрэшты, і тое, што адбылося нібыта паводле арт. 363), абсурдам. Апошнія месяцы спрабую аналізаваць сытуацыю, зразумець, за што на брата павесілі гэтую справу.
Адзінае, што прыходзіць у галаву, чым я магу патлумачыць такі паварот, што ім стала мала таго артыкулу, каб апраўдаць тое, што яны стралялі. Бо проста супраціў не апраўдвае ўжываньня зброі ды сьмяротнага стрэлу, а ўжо нібыта замах на забойства — зусім іншая справа, і таму ім давялося страляць.
Яшчэ ў жніўні, калі Генадзь Шутаў быў у шпіталі, Сьледчы камітэт заявіў, што міліцыянты ў Берасьці сапраўды ўжывалі агнястрэльную зброю, каб абараніцца ад групы агрэсіўных пратэстоўцаў, узброеных арматурай. Ніякіх прозьвішчаў тады не называлася.
Што дакладна адбывалася 11 жніўня, я ня ведаю. Я сотні разоў праглядала той відэазапіс, дзе нібыта відаць супраціў, замах. Але я ня бачу ў гэтых дзьвюх хвілінах ніякіх падобных дзеяньняў ад брата. Акрамя таго, я там не пабачыла міліцыі — ніводнага апазнавальнага знаку. Там былі бандыты са зброяй.
Ня ведаю, ці быў Аляксандар сьведкам забойства Генадзя Шутава, але думаю, што стрэлу брат ня бачыў, бо наступныя два дні быў упэўнены, што Генадзь проста ня змог уцячы і яго затрымалі.
Не магу перастаць думаць, што не да лепшага гэта: маўляў, калі такі артыкул, то паглядзіце на яго апошні раз.
Спатканьне цягнулася каля гадзіны. Брат трымаецца, стараецца быць моцным, кажа, што да яго добра ставяцца, добрыя сукамэрнікі, усяго хапае, папрасіў толькі вітаміны перадаць. Расказаў яшчэ, што ныркі пачалі балець, яму нават зрабілі аналізы, і яны добрыя.
Але ў мяне склалася адчуваньне, што ён стараўся зрабіць выгляд, што трымаецца, дзеля нас, бо вельмі перажывае, як мы тут.
Сям’я сапраўды моцна хвалюецца за Аляксандра. Найбольш — дзесяцігадовы сын Трафім. У хлопчыка з бацькам вельмі блізкія стасункі. Апошнім часам Аляксандар не працаваў і шмат часу быў з сынам, пакуль жонка была на рабоце.
Трафіму адразу расказалі ўсю праўду пра тое, што здарылася з татам: жонка Аляксандра палічыла, што лепш так, чым калі ён пачуе гэта ў перакручаным выглядзе ад каго іншага.
Трафім — копія таты, вялікі малойца, выдатна вучыцца.
Я няе ведаю чалавека, дабрэйшага за майго брата. Наша мама ў шоку дагэтуль, усё ўспамінае гісторыі, зьвязаныя з Сашам, і ня можа паверыць у тое, у чым яго абвінавачваюць, бо ён нікога ня мог пакрыўдзіць — пра які замах на забойства можа ісьці гаворка? Неяк мама папрасіла Сашу забіць курыцу, дык ён сказаў, што ня здолее, давялося прасіць суседа, а потым Саша пайшоў з-за стала, калі пачуў, што мама згатавала тую самую курку.
Ніколі ня чула, каб брат на некага падвышаў голас, крычаў. Заўсёды быў гатовы дапамагчы тым, каму горш. Аднойчы кінуўся пад машыну, спыніў яе, каб выратаваць сябра.
За 63-гадовую маму Сашы мне неспакойна — яна блізка да сэрца бярэ ўсё, што адбываецца з сынам. Яна ўсё чакала яго дамоў да Новага году, казала кожны раз: «Хутчэй бы адпусьцілі». Яна ня можа зразумець, за што яго так доўга трымаюць. Тата таксама перажывае. Яны стараюцца трываць, адно аднаго падтрымліваць. Зрэшты, усе мы, бо інакш немагчыма гэта ўсё трываць.
На мітынгі Аляксандар не хадзіў, хоць і ня быў абыякавы да сытуацыі ў краіне. Але ён абяцаў жонцы, што ня будзе хадзіць.
Відаць, 11 жніўня ён ужо проста ня вытрымаў, хоць дакладна я ня ведаю, як ён там апынуўся. Ды і як можна заставацца абыякавым, калі табе хлусяць у вочы? Калі ты ведаеш, за каго ты галасаваў, твае сябры, суседзі, а табе кажуць — 80 %. Як тут можна зьмірыцца? А потым такі зьдзек зь людзей 9–10 жніўня... Дык як тут можна ня выйсьці?
Паводле Крымінальнага кодэксу, санкцыя артыкулу 139 можа прадугледжваць нават сьмяротнае пакараньне. Тым ня менш юрысты, зь якімі я кансультавалася, а таксама адвакаты, сьцьвярджаюць, што пра такі зыход у справе гаворкі не вядзецца. Пажыцьцёвае зьняволеньне таксама малаімавернае. Якіх тэрмінаў можна чакаць, адвакаты казаць пакуль не бяруцца, бо артыкул занадта нечаканы, у тым ліку і для іх.
Дагэтуль не закрытая крымінальная справа за супраціў супрацоўнікам міліцыі, заведзеная на Генадзя Шутава, які памёр 19 жніўня ў выніку наступстваў стрэлу ў патыліцу. Родныя Генадзя пры гэтым сьцьвярджаюць, што мужчына ня ўдзельнічаў у пратэстах і не нападаў на міліцыянтаў.
Крымінальная справа па факце ягонага забойства заведзеная не была“.
„Нібыта данесьлі суседзі“
Аляксей Барысаў, валянтэр «Страны для жизни», Магілёў:
„За час маёй працы на «Магілёўгіпразем» я праходзіў кваліфікацыю і такім чынам стаўся глебазнаўцам 1-е катэгорыі. Мне мая праца падабалася, падабаўся і калектыў. За ўвесь час ніякіх праблем не было. Адным словам, я не зьбіраўся звальняцца і мяне не зьбіраліся звальняць. Пакуль не пачалася перадвыбарчая кампанія 2020 году і самі выбары.
Цікава, што рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Праектны інстытут „Магілёўгіпразем“» прыкладна за месяц да выбараў прэзыдэнта зьмяніла форму ўласнасьці і сталася дзяржаўным. У мае непасрэдныя абавязкі ўваходзіў забор аналізаў глебы і стварэньне на іх падставе глебавае мапы з прывязваньнем да каардынатаў.
Зь зімы 2020 году я пачаў сачыць за каналам «Страна для жизни». У Магілёве браў удзел у некаторых сустрэчах, дзе людзі кармілі галубоў. Пасьля сам далучыўся да актывістаў і дапамагаў ладзіць пікеты на знак падтрыманьня Сьвятланы Ціханоўскай у Магілёве. Сваёй актыўнай грамадзкай дзейнасьці я ні ад кога не хаваў і пісаў пра яе ў сацыяльных сетках.
Перад выбарамі прэзыдэнта мне патэлефанавалі з працы і папрасілі выдаліць пасты ў Instagram ды іншых сетках, якія датычыліся палітычных падзеяў. Тэлефанаваў намесьнік дырэктара Андрэй Рэентовіч. Ён сказаў, што спадзяецца на маю сумленнасьць і каб я ня лез на ражон. Ужо тады мне патлумачылі, што на працу прыходзілі людзі з органаў і цікавіліся мною. Мне перадалі, што я не павінен гэтак сябе паводзіць. Ну я і выдаліў гэтыя пасты.
На працы са мной размаўляў і юрыст, ён казаў, што мной цікавяцца людзі ў плашчах. А непасрэдны мой начальнік — кіраўнік аддзелу зямельна-інфармацыйных сыстэмаў Мікалай Латушкін па-чалавечы раіў: «Гэта няроўная барацьба, і ня трэба цягацца з органамі дзяржаўнае бясьпекі, ты ўсё роўна прайграеш».
Пасьля выдаленьня пастоў у сацыяльных сетках папярэджаньні на працы скончыліся, затое пачаліся акцыі пратэсту, у якіх я браў удзел. За ўдзел у мірным мітынгу 24 жніўня на мяне склалі адміністрацыйны пратакол паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП і судзілі. Суд Ленінскага раёну Магілёва некалькі разоў адсылаў пратакол назад у РАУС для выпраўленьня хібаў, але ўрэшце мне прысудзілі штраф 15 б. в.
Яшчэ да абвінаваўчае пастановы са мной зноўку пачалі праводзіць гутаркі на працы. Мне тлумачылі, што я працую на дзяржаўным прадпрыемстве, таму так рабіць нельга. Калі хочацца хадзіць на ўсе мітынгі, то звальняйся і хадзі. А пакуль ты тут, то трымайся парадку. Гэтак мне казаў юрыст Сяргей Жвалевіч.
Я ўспрымаў усе гэтыя словы як спробу павучыць мяне розуму, але рэальнае пагрозы звальненьня з працы на той момант не адчуваў.
На мітынгі я хадзіць перастаў, але замовіў сабе 2 сьцягі: адзін проста бел-чырвона-белы, а другі такі самы, толькі з Пагоняю. Калі замова прыйшла, я павесіў адзін сьцяг у кватэры, а другі — на гаўбцы на вяроўках для бялізны. Празь нейкі час да мяне прыйшлі работнікі Ленінскага РАУС; як яны сказалі, нібыта данесьлі суседзі.
Удома ў мяне зладзілі «агляд», які быў падобны да ператрусу. Супрацоўнікі ня проста глядзелі на рэчы, а самі адчынялі шафы і даставалі адтуль, што хацелі. У выніку ў мяне забралі ноўтбук, нэтбук, кампутар, цьвёрдыя дыскі ды іншыя рэчы. Забралі і два сьцягі, і нават кубак з Пагоняй.
Пасьля здарэньня я зьвярнуўся ў мэдыя, якія агучылі маю гісторыю пра сьцяг на гаўбцы. Міліцыянты, якія аглядалі памяшканьне, пакрыўдзіліся на мяне за тое, што іхныя імёны фігуравалі ў мэдыя. Пра гэта яны самі расказалі мне некалькімі днямі пазьней у Ленінскім РАУС.
Туды мяне выклікалі, каб скласьці чарговы пратакол нібыта за арганізацыю несанкцыянаванае акцыі на сваім гаўбцы. Гэта ўжо ч. 3. арт. 23.34 КаАП. Тэхніку мне абяцалі вярнуць пасьля выплаты першага штрафу. Штраф я заплаціў, але тэхнікі дагэтуль не вярнулі.
Начальнік аддзелу аховы грамадзкага правапарадку Ленінскага РАУС Цімур Пахоменка пужаў мяне больш жорсткімі штрафамі паводле трэцяе часткі артыкулу. Ён пагражаў, што я страчу сваю працу. Ягоныя словы былі такімі: «Ты зараз адчуеш, як гэта, і зразумееш, каго любіць, каго падтрымліваць і за каго галасаваць. Чалавек з брудам у галаве не павінен працаваць на дзяржаўным прадпрыемстве. Застанесься бяз працы і бяз грошай, і я пагляджу, як аплоціш штраф». Таму я раблю выснову, што Пахоменка сапраўды пастараўся і прыклаў руку да таго, каб мяне звольнілі. А таксама ён сказаў мне, што калі я раскажу пра нашую зь ім размову мэдыя, то больш сваёй тэхнікі ніколі ня ўбачу.
Суд за сьцяг на гаўбцы дасюль не адбыўся. А вось звальненьне адбылося — перад самым Новым годам.
Як толькі я зьявіўся на працы, мяне выклікаў дырэктар і нагадаў, што мяне папярэджвалі — маўляў, няўжо я не разумею, якой дарогай іду. Ну і сказаў, каб я напісаў заяву на звальненьне з уласнага жаданьня. Я разумеў, што калі не напішу сам, то мяне звольняць паводле артыкулу. Гэта зрабіць вельмі проста. Таму пагадзіўся. Спачатку мы дамовіліся, што я напішу заяву на звальненьне з канца лютага. Пасьля мяне выклікалі да дырэктара яшчэ тры разы, і я тры разы перапісваў сваю заяву, пакуль не напісаў з 30 сьнежня 2020 году.
За мяне заступаліся супрацоўнікі, мой начальнік прасіў дырэктара знайсьці выйсьце, каб не звальняць. Але нічога не дапамагло.
Я ўпэўнены, што на дырэктара пачалі ціснуць пэўныя структуры і ён быў вымушаны мяне звольніць. На яго я зла не трымаю. Я зьвязваю сваё звальненьне менавіта з палітычным перасьледам. Як мне ў Ленінскім РАУС сказаў Цімур Пахоменка, што ён зробіць мне навагодні падарунак у якасьці звальненьня, так яно і адбылося“.
„У 89 гадоў упершыню ў жыцьці прызналі правапарушальніцай“
Дар’я, праўнучка Валерыі Сьмірновай:
„14 сьнежня на плошчы Незалежнасьці затрымалі каля 80 чалавек, якія плянавалі сабрацца на «Марш мудрасьці». Сярод іх была і 89-гадовая Валерыя Сьмірнова разам з дачкой Людмілай, якой 67 гадоў. У той дзень яны ўпершыню пабывалі ў РУУС, дзе правялі больш за шэсьць гадзін.
Пасьля вызваленьня яны расказвалі, што ішлі па плошчы Незалежнасьці, нікога не чапалі, і тут, адкуль ні вазьміся, чорная маса ў велізарнай колькасьці. Вырвацца было немагчыма. Яны ў адзін бок — тыя туды, яны ў другі бок — тыя там. Спачатку сказалі: «Прайдзіце ў аўтобус, мы праверым вашы дадзеныя і адпусьцім». Але падманулі. У аўтобус іх літаральна занесьлі.
12 студзеня справу Валерыі Смірновай разгледзелі ў судзе Ленінскага раёну. У траўні прабабулі споўніцца 90 гадоў. Упершыню ў жыцьці яе прызналі правапарушальніцай.
Прабабулю абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і ў тым, што яна выкрыквала «Жыве Беларусь!». Ананімны сьведка — супрацоўнік міліцыі, які выступіў у судзе па відэасувязі, — пацьвердзіў гэта. Суд вырашыў, што Валерыя Смірнова вінаватая, і прызначыў ёй у якасьці пакараньня штраф 870 рублёў.
Рашэньню суду прабабуля не зьдзівілася, хоць і знэрвавалася. У нейкі момант нават паказаліся сьлёзы, але гэта была хвілінная слабасьць. Пасьля мы паехалі ў кавярню, выпілі кавы, зьелі па пірожным і, так бы мовіць, адсьвяткавалі, што далі штраф, а ня «суткі». Цяпер прабабуля бадзёрая і вясёлая, усё ў парадку. Рашэньне суду мы плянуем абскарджваць.
Заўтра, 13 студзеня, адбудзецца суд у справе маёй бабулі Людмілы Быстрэнкі. Ёй таксама ставяць у віну артыкул 23.34 КаАП за падзеі 14 сьнежня“.
„Размахвалі пісталетам, паставілі на калені, ударылі па галаве“
Сяргей Якупаў, праграмны дырэктар Акадэміі «Прэс-клюбу», грамадзянін Расеі:
„22 сьнежня мне напісалі калегі — прычым не беларускія, а расейскія — што затрымалі Юлію Слуцкую. Саму навіну пра гэта я ня бачыў, але зразумеў, што калі затрымалі яе, то могуць прыйсьці і да іншых. Потым мне напісалі ўжо беларускія калегі, што да Алы Шарко таксама ломяцца ў дзьверы. І літаральна адразу пасьля гэтага паведамленьня пазванілі ў мае дзьверы.
На той момант я ня меў адваката. Яго знайшла жонка ў працэсе: хутка напісала свайму знаёмаму, які парэкамэндаваў зьвярнуцца да Антона Гашынскага. Гэта стала, можна сказаць, лёсавызначальным рашэньнем для нас. Я пасьпеў стэлефанавацца з адвакатам і расказаць яму, што адбываецца.
Дзьверы ім я не адчыняў. У мяне была надзея, што, калі я не адчыню, яны пазвоняць трохі і пойдуць. Але, як высьветлілася пазьней, яны б нікуды не сышлі, бо адсочвалі маё месцазнаходжаньне праз сыгнал тэлефона і ведалі, што я дома. Званкі і грукат у дзьверы працягваліся прыкладна тры гадзіны. Потым яны спусьціліся ўніз і пазванілі ў відэадамафон. Толькі тады я ўбачыў, што гэта людзі ў балаклавах. За ўвесь гэты час ніхто зь іх не сказаў, хто яны і чаму звоняць.
Праз тры гадзіны гэтыя людзі пачалі ламаць нашыя дзьверы. Я вырашыў выйсьці і адчыніць ім, але спазьніўся — дзьверы яны разрэзалі адмысловай прыладай. Заляцелі ў кватэру, дзе разам са мной знаходзіліся мая жонка і 10-гадовае дзіця.
Пры гэтым яны размахвалі пісталетам, паставілі мяне на калені, ударылі два разы па галаве. Пасьля гэтага ў кватэру зайшоў інспэктар ДФР, сказаў, што гэта не ператрус, а агляд, і яны будуць канфіскоўваць усю тэхніку.
Каля дзьвюх з паловай гадзін яны аглядалі кватэру. Канфіскавалі ўсю тэхніку: два ноўтбукі, тэлефон мой і жонкі, два тэлефоны дзіцяці. Забралі ўсе нашы банкаўскія карткі. Зьбіраліся забраць і стары пляншэт, але паглядзелі, што на ім нічога няма, акрамя падручнікаў, і вярнулі. Я не падпісваў ніякіх дакумэнтаў, якія яны прынесьлі з сабой. Там была і пастанова пра агляд, які, вядома, больш нагадваў ператрус.
Затым мне сказалі ўзяць грошы на таксі і што мы паедзем даваць тлумачэньні. Аднак зь якой нагоды будуць давацца гэтыя тлумачэньні, ніхто не патлумачыў. На маё пытаньне, куды мяне вязуць, доўга таксама не адказвалі. І толькі інспэктар вельмі ціха кінуў: «ДФР».
Далей мяне вывелі з дому, у пад’езьдзе ўжо стаяў Антон Гашынскі, мой адвакат. Я сказаў яму, што мяне, хутчэй за ўсё, адвязуць у ДФР. Затым мяне павезьлі. У будынку ДФР я апынуўся каля паловы на дзявятую вечара 22 сьнежня. Потым я зразумеў, што там я не адзін — у нейкі момант убачыў некалькі чалавек: Юлію Слуцкую, Алу Шарко і яшчэ двух мужчын, якіх ня ведаў. Нас разьвялі па розных пакоях.
У той вечар (і ноч) у мяне былі два допыты. У канцы першага 2-гадзіннага допыту ў трох інспэктараў атрымаўся адзін лісточак запісаў. Яны раздрукавалі яго і аднесьлі інспэктару, які мяне затрымліваў. Пасьля пачалася другая сэрыя допыту, але ўжо толькі з гэтым інспэктарам. Тады ж ён і растлумачыў мне, на падставе чаго мяне затрымалі.
Я прасіў паклікаць адваката, на што мне адказалі, што гэта ня допыт, таму адвакат тут не патрэбен.
Я не юрыст, мне складана сказаць, меў ён рацыю ці не. У выніку мой допыт — дакладней, тлумачэньне — скончыўся ў чатыры гадзіны раніцы.
Сьледчы пайшоў спаць, а нас пакінулі па кабінэтах зь некалькімі інспэктарамі, якія нас вартавалі. Было абсалютна незразумела, чаго чакаць далей. Супрацоўнікі ДФР адказвалі мала і расплывіста, але стала зразумела, што нас наўрад ці хутка вызваляць. Рэшту ночы я правёў, седзячы на драўляным крэсьле. Мне далі папіць вады, выпусьцілі ў туалет, дазволілі ўстаць і пахадзіць па кабінэце.
Наступны дзень — 23 сьнежня — практычна нічога не адбывалася. Супрацоўнікі ДФР хадзілі туды-сюды, задавалі мне нейкія пытаньні, нарэшце, дазволілі прыйсьці адвакату і зрабілі першы афіцыйны допыт. Бліжэй да вечара — гадзін у пяць-шэсьць — пачаўся нейкі рух: яны афармлялі паперы. Наколькі я зразумеў, пачалася ўжо «афіцыйная гісторыя» з затрыманьнем. Дзесьці праз гадзіну-паўтары вынесьлі пастанову аб нашым затрыманьні з адбываньнем у ІЧУ на Акрэсьціна.
Груба кажучы, суткі мы знаходзіліся ў незразумелым юрыдычным статусе, нікому з сваякоў нічога не паведамлялі.
Я бачыў у акно, што з самае раніцы да вечара ў той дзень мая жонка стаяла пад ДФР. Потым я даведаўся, што яна некалькі разоў падыходзіла да супрацоўнікаў і пыталася, ці тут мы знаходзімся. Ёй адказвалі, што такіх няма, хоць мае зьвесткі дзяжурны запісваў пры ўваходзе ў будынак ДФР.
Калі нас перавозілі на Акрэсьціна, сваякам пра гэта таксама не паведамілі. З будынку ДФР нас выводзілі нейкімі сакрэтнымі сьцежкамі, каб людзі, якія сабраліся каля дзьвярэй будынка, нас не бачылі.
На Акрэсьціна мяне разьмясьцілі ў камэры з трыма зьняволенымі. Усе «палітычныя».
На наступную раніцу, 24 сьнежня, прыкладна ў адзiнаццаць гадзiн, — мяне зноў адвезьлі ў ДФР. Аднак мой адвакат казаў, што, магчыма, мяне адпусьцяць — ёсьць юрыдычныя падставы. Дзень мы правялі ў тых жа кабінэтах.
Потым нас усіх сабралі ў адной залі з канвойнымі, але пасадзілі па розных кутках. А да гэтага мяне нават пакармілі: супрацоўнікі ДФР за свае грошы купілі мне шаўрмы. Потым ежу даслалі сваякі астатніх затрыманых.
У гэты дзень ніхто з нас не даваў паказаньняў — мы ўсе напісалі адмову — так рэкамэндавалі адвакаты.
Крыху пазьней стала вядома, што наш статус зьменены: нас перакваліфікавалі са сьведак у падазраваных і выбралі меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту на дзесяць дзён з адбываньнем іх у СІЗА на Валадарскага.
Родныя пасьпелі перадаць нам нейкія рэчы і ежу перад адпраўкай у СІЗА. Чамусьці мяне вывелі асобна і празь іншы выхад, у той час як астатніх — праз галоўны. Хтосьці нават пасьпеў пагутарыць са сваякамі. Мне такой магчымасьці не далі, сказалі, што «там занадта шумна».
Калі мяне прывезьлі ў СІЗА, перад тым, як адправіць у камэру, пасадзілі — ня ведаю, як гэта назваць — у нейкі «чысьцец». Гэта такая камэра, дзе адчыненае вакно, дзікі холад, абсалютна запаганены ўнітаз (дакладней, дзірка ў падлозе), голыя жалезныя ложкі. Тут я прасядзеў, як мне здалося, гадзіны тры. Потым мяне выклікалі афармляцца. А затым далі магчымасьць, нарэшце, прыняць душ — гэта было першы раз пасьля затрыманьня.
Павінен адзначыць, што і ў СІЗА, і ў ізалятары на Акрэсьціна, да мяне ставіліся досыць ляяльна: жорсткасьці і злосьці не было, зьвярталіся на «вы». Кайданкі не надзявалі ні разу.
У камэры, куды мяне разьмясьцілі, усе зьняволеныя былі «палітычнымі». Максымальна нас было восем чалавек у 12-мясцовай камэры. Людзі прыходзілі і сыходзілі. Пару дзён было пяць чалавек.
Ня ведаю, як у іншых, але ў нашай камэры быў тэлевізар, які працаваў цэлы дзень — з раніцы да вечара. Аднак з усіх каналаў — толькі БТ.
Адносіны з сукамэрнікамі былі добрыя. Усе адзін аднаму дапамагалі, ніякай дзедаўшчыны не было.
Фізычна ў камэры, вядома, усё роўна цяжка знаходзіцца. Усе гэтыя краты, абмежаваная прастора вельмі ціснуць на псыхіку. Захапляюся стойкасьцю хлопцаў, якія там доўга сядзяць і трымаюцца маральна, ня трацяць розуму. Там усё зроблена так, каб у чалавека склалася ўстойлівае адчуваньне, што туды трапляць нельга ні пры якіх абставінах.
Яшчэ складана давалася тое, што ў камэры ўсе, акрамя мяне, курылі. І курылі шмат. Мне здавалася, што я пракураны да костак, і ад дыму моцна кашляў. Вядома, з часам трохі прывык, але прыемнага ў гэтым мала.
Пакуль я сядзеў у СІЗА, не атрымаў ніводнага ліста. Затое пасылкі ад жонкі прыходзілі — па-мойму, чатыры. У першай пасылцы яна перадала мне ў тым ліку канвэрты і сшыткі, каб можна было пісаць лісты. Гэтыя рэчы — папера, канвэрты і іншыя дробязі — там на вагу золата. Адзін ліст я напісаў, але ён да гэтага часу так і не дайшоў да адрасата.
28 сьнежня ў мяне адбыўся першы допыт.
Важная дэталь: за ўвесь час знаходжаньня ў СІЗА я меў зносіны з адвакатам толькі пару разоў па дзьве хвіліны. Абгрунтоўвалі гэта тым, што няма вольных пакояў для сустрэч.
І гэта нягледзячы на тое, што, згодна з пратаколам тлумачэньня правоў і абавязкаў затрыманых, я маю права кантактаваць з адвакатам неабмежаваную колькасьць разоў і неабмежаваную колькасьць часу. Натуральна, за дзьве хвіліны нармальна параіцца і сказаць нешта істотнае досыць складана.
Допыты ў мяне былі кожны будны дзень (за выключэньнем сьвятаў), прыкладна па дзьве гадзіны. Пытаньні заўсёды былі розныя. За час допытаў мы з адвакатам выявілі шмат нестыковак, але сьледчая альбо ігнаравала нашы заўвагі, альбо проста зачытвала тое, што было напісана чужой рукой на асобным аркушыку.
29 ці 30 сьнежня мой адвакат сказаў мне, што ў Расеі наконт мяне паднялі вялікую інфармацыйную хвалю, што мяне, хутчэй за ўсё, да Новага году выпусьцяць. У маю абарону выказаліся многія буйныя СМІ. Саюз журналістаў Расеі нават накіраваў ліст ці то ў Сьледчы камітэт, ці то ў пракуратуру, а 8 студзеня, як я даведаўся, атрымаў адказ, што «хадайніцтва разгледжана, мера стрыманьня адмененая». Марыя Захарава, прадстаўніца МЗС Расеі, таксама тэлефанавала ў Беларусь наконт мяне.
31 сьнежня апоўдні ў судзе Партызанскага раёну Менску павінен быў адбыцца разгляд хадайніцтва майго адваката аб зьмене меры стрыманьня. Аднак у 12:15 мяне выклікаў да сябе сьледчы (зноў жа без майго адваката) і паказаў дакумэнт, дзе было напісана, што ў выніку праведзеных з 28 сьнежня сьледчых дзеяньняў сьледчаму не ўдалося выявіць якіх-небудзь парушэньняў, учыненых мной. Таксама ў гэтым дакумэнце было пазначана, што зь мяне зьнялі ўсе падазрэньні, мера стрыманьня адмененая і мяне вызваляюць.
Я вярнуўся ў камэру, растлумачыў хлопцам, што мяне вызвалілі, сабраў рэчы. Затым па мяне прыйшоў канваір. Дарэчы, пры выхадзе зь СІЗА мяне не надглядалі, хоць звычайна гэта робяць. Проста далі расьпісацца ў паперцы і адпусьцілі.
Каля выхаду ў сваёй машыне мяне чакала жонка. Аднак перада мной спыніўся яшчэ адзін аўтамабіль, зь яго выйшлі двое — мужчына і жанчына. Сказалі, што яны з дэпартамэнту міграцыі і што мне трэба да іх. Мякка кажучы, я быў у шоку: што яшчэ са мной адбудзецца?
Я сеў у іхную машыну, але папрасіў даць мне магчымасьць сказаць жонцы, што адбываецца. На што мне адказалі: «Нельга».
Калі шчыра, гэтая практыка хаваньня інфармацыі, калі ніхто нічога нікому не паведамляе — гэта жахлівая рэч. Цяжкая псыхалягічна.
У машыне мне паказалі новую пастанову: я павінен быць прымусова дэпартаваны з забаронай уезду ў Беларусь цягам дзесяці гадоў. Аднак абгрунтаваньня, за што мне далі такую забарону (максымальна магчымую) і чаму мяне трэба дэпартаваць адразу, сёньня, у гэтым дакумэнце я ня ўбачыў. Магчыма, проста не дачытаў да гэтага, мне хапіла першых радкоў.
Затым супрацоўнікі дэпартамэнту сказалі, што сёньня дэпартаваць мяне ня змогуць, таму што праз паўтары гадзіны ім трэба ісьці «ахоўваць ялінкі». З гэтай прычыны мяне зьмесьцяць у іхны ізалятар, а 5 студзеня, пасьля сьвятаў ужо, адправяць самалётам у Расею. Я спытаў, ці ёсьць хоць нейкі шанец пазьбегнуць вяртаньня ў СІЗА. «Калі пасьпееце знайсьці за паўтары гадзіны білет і паляцець з краіны — то вось ваш шанец», адказалі мне.
І потым пачалося... Я даў ім нумар адваката, яны патэлефанавалі яму, той патэлефанаваў маёй жонцы, жонка патэлефанавала маёй сястры ў Перм, сястра пачала тэрмінова шукаць хоць нейкія авіябілеты. Прамога рэйсу ў Маскву тады не знайшлося. Дэпартамэнт міграцыі спачатку настойваў, каб рэйс быў менавіта безь перасадак. Мой адвакат прапанаваў варыянт вывезьці мяне на аўтамабілі ў любы пункт, куды скажуць. Але яны адмовілі: дазволена толькі самалётам. І тут мая сястра даслала варыянт вылету ў Маскву з транзытам празь Вільню і Стамбул.
Шчыра кажучы, гэтым дваім прадстаўнікам дэпартамэнту міграцыі я ўдзячны, бо яны вельмі ляяльна да мяне паставіліся і зрабілі сапраўды ўсё, каб я паляцеў у гэты ж дзень. Яны нават пасьпелі пасварыцца з кімсьці са сваіх, бо хтосьці там не хацеў, каб я ляцеў такім чынам. У выніку яны вырашылі, што вось білет, і я зь ім палячу.
За гэты час маёй жонцы пасьпелі паведаміць, каб яна сабрала мне рэчы і падвезла іх у аэрапорт. Ужо ў аэрапорце я ўпершыню за ўвесь гэты час нарэшце ўбачыў жонку і змог пабыць зь ёй нейкі час: пакуль пераапранаўся, пакуль рабіў QR-код для праходу мяжы ў Вільні.
Я прыляцеў у Вільню, з сабой у мяне не было ні грошай, ні тэлефона. Толькі заплечнік з адзеньнем.
На літоўскай мытні ў аэрапорце мне дапамаглі дзьве дзяўчыны: адна дала мне свой тэлефон, каб я зьвязаўся з жонкай, другая мяне накарміла.
У Стамбульскім аэрапорце я апынуўся недзе за дзесяць хвілін да Новага году. Дарэчы, чагосьці асаблівага там з гэтай нагоды не адбывалася. Людзей было даволі шмат, але ніхто не сьвяткаваў. Тут я правёў усю ноч: мой вылет у Маскву быў а 9-й раніцы.
У Маскве мяне сустрэла сястра з квітком у Перм, дзе жывуць усе мае сваякі. У ноч з 1 на 2 студзеня мы зь ёй паляцелі, нарэшце.
Які стан цяпер? Складаны. З аднаго боку, я вельмі рады, што так усё хутка і параўнальна лёгка вырашылася са мной. Сустрэўся зь сям'ёй, падзякаваў усім, хто падтрымаў, дапамагаў. Але з другога, надзвычай балюча за тых, хто да гэтага часу на Валадарцы — за Юлю, Сярогу, Алу, Пецю. Гэта вельмі несправядліва ўсё“.
„Пакуль мяне дапытвалі, побач білі людзей, і нікога гэта не бянтэжыла“
Паліна Ляднёва, 18 гадоў:
„Мае бацькі — мастакі, і сама я таксама зь дзяцінства малюю. Але вырашыла паступаць у ГІЦІС на рэжысуру. У Маскве я правучылася год, а потым пачаўся карантын, і я, прыехаўшы дадому, вырашыла больш не вяртацца: зразумела, што рэжысура — гэта пакуль не маё.
Але выбары таксама паўплывалі. І калі пасадзілі Бабарыку, я выйшла на свой першы палітычны пікет і зразумела, што не магу прапусьціць выбары ў Беларусі. А вучоба ў нас пачыналася 21 ліпеня.
Падзеі, якія адбываліся да выбараў, я ўспрымала хутчэй як прыгоду. Але трыгерам для мяне стаў неапраўданы гвалт, які здарыўся пасьля. Дакладней, ня тое, што ён цяпер здарыўся, а тое, што ён быў усе гэтыя 26 гадоў, а я пра гэта ня ведала. Гэта было адначасова і зьдзіўленьне, і страх, што такое можа і далей працягвацца.
І я вырашыла выходзіць, каб падтрымліваць і ўласны эмацыйны стан, і людзей навокал. У першыя пасьлявыбарчыя дні страху не было, а быў моцны стрэс. Страх зьявіўся, калі ў краіне аднавіўся інтэрнэт, і я пабачыла фатаздымкі з пратэстаў.
Першы раз мяне затрымалі 11 жніўня, і гэтае затрыманьне было для мяне самым страшным. Я выйшла з дому і пайшла шукаць, дзе зьбіраюцца людзі. Дайшла да Камароўкі і сустрэла там групу зь пяці чалавек. Мы пайшлі па вуліцах, і ў выніку нас сабралася чалавек 30. Дайшлі да Рыгі, там было чалавек 300–400. Было ўжо позна, я зразумела, што нас мала і трэба вяртацца. І калі я вырашыла ісьці, увесь натоўп пайшоў у кірунку майго дому. У гэты час мне патэлефанаваў тата, які езьдзіў на машыне і сачыў за тым, што адбываецца, і сказаў, каб мы былі асьцярожнымі, бо на нас палююць два бусы.
Адарваўшыся ад натоўпу, я чакала на сьвятлафоры, калі загарыцца зялёны, каб перайсьці дарогу, і патэлефанавала бацьку, каб сказаць, што ўжо іду дадому. У гэты момант праехала спачатку машына ДАІ, а за ёй… Так, два бусы.
Гэта здарылася за сэкунду: я не пасьпела адключыць тэлефон, ззаду падбягаюць, хапаюць, забіраюць тэлефон, разварочваюць мяне і глядзяць на мае зрэнкі, кажуць, што я «абдзяўбаная», закідваюць у адзін бус, потым адразу ў другі, ставяць на калені, паклаўшы рукі на сядзеньне.
У маім тэлефоне амапаўцы знайшлі некалькі фатаздымкаў з 9 жніўня, і гэта стала нагодай для псыхалягічных прыніжэньняў. Мне пагражалі 10 гадамі, казалі, што я загубіла сваю маладосьць. Я ня ведала, куды мяне вязуць, што будзе, таму было вельмі страшна. А яшчэ было страшна ад таго, што я не пасьпела папярэдзіць бацькоў.
Мяне прывезьлі пад стэлу — у тую ноч туды прывозілі ўсіх затрыманых і пераводзілі ў міліцэйскія «бобікі». Проста на вуліцы затрыманых надглядалі, вытрасалі заплечнікі. Затым мяне павезьлі ў Фрунзэнскае РУУС.
Нас не чапалі, але па дарозе падбіралі мужчын і вельмі моцна іх білі — да такой ступені, што яны не маглі самі заходзіць у гэтыя «стаканы» ў «бобіках». Потым затрымалі нейкага бацюшку, які ехаў на ровары з трэніроўкі. Яго пабілі, крыху правезьлі і выкінулі.
У РУУСе затрыманых прывялі ў спортзалю. Калі туды даставілі мяне (гэта было блізу 12 ночы), там ужо знаходзілася каля сотні чалавек. Потым прывозілі новых людзей. Хлопцы і мужчыны ляжалі ўсе пабітыя, у кагосьці было парванае адзеньне. Але некалькі чалавек былі цэлыя і стаялі — гэта мяне зьдзівіла.
Мяне разам зь іншымі паставілі да сьцяны і надзелі кайданкі. Потым дапытвалі, здымалі на відэа. Людзі, якія гэта рабілі, былі бяз формы, але я думаю, што гэта супрацоўнікі ГУБАЗІК.
Яны былі самымі жорсткімі. АМАП прыводзіў, міліцыянты проста складалі пратаколы, а гэтыя білі. Мяне ня білі, і ўвогуле ставіліся нармальна, толькі пыталіся: «Чаму выходзіш? Колькі табе заплацілі, хто плаціў?»...
Пасьля допыту мяне паставілі на калені, ілбом у падлогу і завёўшы рукі назад. Так давялося стаяць досыць доўга.
Калі вялі на вопіс рэчаў, мяне вельмі груба ўзялі, адшпілілі ад адной рукі кайданкі. Трэба было пры ўсіх зьняць і выцягнуць з-пад адзеньня станік. Вопіс складала жанчына, якая, з аднаго боку, вельмі моцна на мяне псыхалягічна ціснула, спрабавала выхоўваць, але ў той жа час недзе і дапамагала. У мяне быў белы бранзалет і значок з «Пагоняй», і яна сказала: «Лепш здымі, давай я выкіну, каб не было наступстваў».
Быў адзін малады міліцыянт, які спрабаваў да мяне прыставаць — вельмі недвухсэнсоўна мяне абдымаў, кранаў, калі я стаяла проста на допыце ў кайданках. Усё гэта было навідавоку. І што мяне яшчэ ўражвала: пакуль мяне спакойна дапытвалі, побач білі людзей, і нікога гэта не бянтэжыла, гэта было нормай — і гэта страшна. Таго міліцыянта нядаўна задэанонілі, я яго пазнала. Пазьней ён дапамагаў дзяўчатам: здымаў кайданкі, даваў папіць.
На нейкі час пра мяне забыліся, а потым да мяне падышоў чалавек бяз формы і загадаў станавіцца на калені, галавой у падлогу, пасярод залі. Празь нейкі час да мяне падышоў яшчэ адзін супрацоўнік у спартовым адзеньні, спыніўся за 10 сантымэтраў ад маёй галавы, зрабіў крок і ўдарыў мяне нагой па лбе.
Болю я ў той момант не адчувала: напэўна, у стрэсе болевы парог адключаецца. Але мне стала вельмі крыўдна, я падумала: чым яго так жанчыны пакрыўдзілі?
Потым да мяне прыйшоў «добры-злы паліцэйскі», паставіў каля мяне крэсла, сеў на яго і стаў пытацца, чым мне дапамагчы. Потым ён сказаў, што, калі атрымаецца, я сёньня пайду дамоў, і адвёў мяне да сьцяны.
Я на свае вочы бачыла пратакол, складзены з маіх словаў: што мяне затрымалі каля парку Дружбы народаў, я ішла дадому адна. Але пазьней мне далі на подпіс іншы пратакол. Яго не дазвалялі прачытаць, але я пасьпела заўважыць, што ў ім мяне затрымалі на Каменнай Горцы на мітынгу праз гадзіну пасьля рэальнага затрыманьня, і нібыта я выкрыквала лёзунгі «Свабоду Статкевічу!», «Свабоду Севярынцу!»
У той дзень (а тым часам ноч прайшла) я аказалася адзінай, каго адпусьцілі дадому. Суд адбыўся 28 жніўня. Прычым аб працэсе я даведалася за гадзіну да яго, калі прыйшло SMS. Ніякім іншым чынам мяне ў суд не выклікалі. Нягледзячы на ўсе парушэньні, мне прысудзілі 20 базавых штрафу.
8 верасьня, падчас жаночага маршу ў падтрымку Марыі Калесьнікавай, сеціва абляцелі здымкі жорсткіх затрыманьняў жанчын, якія стаялі ў счэпцы на Машэрава. Сярод іх былі і я з малодшай сястрой.
Спачатку нам сказалі сыходзіць, што забяруць толькі хлопцаў. Але іх было чалавек 10 усяго, таму немагчыма было пайсьці. І ў пэўны момант пачалі пачкамі забіраць усіх у аўтазакі.
Адтуль я змагла патэлефанаваць родным і нават даслаць бацьку кантакты адваката.
У Першамайскім РУУСе, куды прывезьлі затрыманых, сытуацыя была зусім іншай, чым у Фрунзенскім. Пратэстоўцы перазнаёміліся, сядзелі, размаўлялі паміж сабой. Потым маю сястру адпусьцілі, бо яна непаўналетняя, а ўсіх астатніх пагрузілі ў аўтобус і павезьлі на Акрэсьціна. Там у тую ж раніцу адбыліся суды. Мне далі 15 базавых.
Цікава, што момант нашага зь сястрой затрыманьня трапіў на відэа «Онлайнера» і на шматлікія фатаздымкі. І многія настаўнікі з гімназіі-каледжа мастацтваў, дзе я вучылася, пачалі тэлефанаваць майму тату і пытацца, як дапамагчы. На наступны дзень суседка проста прынесла грошы на штраф.
Пасьля другога затрыманьня я стала больш асьцярожнай.
13 кастрычніка паехала па справах у атэлье каля станцыі мэтро «Маладзёжная». Па дарозе каля Інстытуту журналістыкі БДУ ўбачыла акцыю студэнтаў, якія сьпявалі песьні. Пастаяла зь імі пару хвілін і пайшла далей.
Падыходжу да атэлье, і тут на мяне ззаду накідваюцца два вялізныя мужыкі. Перада мной спыняецца белая ці серабрыстая машына; трэці адчыняе дзьверы, чацьвёрты — за рулём. Мяне запіхваюць у машыну, гаворачы: «Паліна, усё добра, ты не перажывай». Адразу адбіраюць тэлефон, надзяваюць на галаву мяшок і вязуць кудысьці.
Я вельмі напалохалася. Па дарозе мяне спрабавалі забалбатаць, казалі, што зараз прывязуць паглядзець на людзей і, калі я іх пазнаю, мяне адпусьцяць.
Калі прыехалі, мяне, зь мехам на вачах, доўга вялі ўверх спачатку па лесьвіцы, потым — па дывановай дарожцы. Нарэшце прывялі ў кабінэт і зьнялі мяшок. У кабінэце мне ў вочы кінуўся дыван у выглядзе дзяржаўнага сьцяга, які вісеў на сьцяне.
Паступова я здагадалася, што знаходжуся ў КДБ. Там мяне дапытвалі 5 гадзін.
Адразу, калі зайшла, я ўбачыла на стале раздрукаваныя копіі пашпартоў: майго і маіх бацькоў. Аказалася, мяне вылічылі па відэа, якое 4 кастрычніка падчас нядзельнага маршу зьнялі ціхары.
Я раніцай выходзіла ў машыну па друшляк, папрасіла бацькоў прывезьці яго зь вёскі. І выйшла, каб яго забраць. І першае пытаньне было: «Навошта табе быў патрэбен друшляк?». Потым было пытаньне пра фіранкі, пра нейкую суседку, і я зразумела, што за мной сачылі, і не адзін дзень. Я ўспомніла, як раніцай мяне пазнала нейкая жанчына і пайшла за мной, але я не зьвярнула на гэта ўвагі. Потым мама прыгадала, што за ёй сачылі на працы, і тата сказаў, што некалькі разоў у яго пільна ўглядалася нейкая жанчына.
У мяне дапытваліся пра дваровую актыўнасьць, пра тое, чаму я выходжу на маршы, пра бацькоў і знаёмых, а таксама ня вельмі знаёмых людзей.
Цяпер я разумею, што трэба было проста маўчаць і нічога не казаць. І я рабіла спробы, але вельмі слабыя. Але тады ў мяне, відаць, спрацавала ахоўная рэакцыя — я шмат-шмат балбатала, але не пераходзіла межаў: «Так, я хаджу і буду хадзіць». Я расказала, што я бачыла 11 жніўня, мяне прарвала, у мяне паліліся сьлёзы. І яны ажно замоўклі, а пасьля спыталі, ці я падавала скаргу ў пракуратуру.
А потым прыйшоў ідэоляг, поўны прафэсіянал і вельмі добры актор. Ён зразумеў, што мяне палохаць нельга, і пачаў са мной пагаджацца, але стаў ціснуць на мяне праз бацькоў і ўскладаць на мяне віну за іх лёс і лёс сястры, якую паставілі на ўлік. Спачатку я таксама вырашыла зь ім гуляць. Але потым у мяне скончыліся сілы, і мне па чарзе сталі прапаноўваць то кавы, то каньячку. Калі выводзілі ў прыбіральню, доўга шукалі павязку ці мяшок на галаву, але не знайшлі, таму сказалі проста апусьціць галаву ўніз, бо «тут проста так хадзіць нельга». Я ішла па чырвонай дывановай дарожцы і бачыла на сьценах нейкія карціны.
У КДБ склалі чарнавік пратаколу на мяне за ўдзел у маршы 4 кастрычніка. Потым мяне прывезьлі ў Савецкае РУУС. Калі там пакідалі, пажадалі ўдачы.
Мне было адначасова вельмі брыдка і вельмі сьмешна. Брыдка, бо ў кантэксьце маёй галавы яны — вельмі сьлізкія і прадажныя людзі, зь якімі непрыемна знаходзіцца побач, а сьмешна — ад усяго таго абсурду, які адбываўся. Гэта крыху ратавала.
Мяне прывезьлі ў РУУС першай, а потым туды сталі падвозіць затрыманых у «ланцугах салідарнасьці». Я даведалася, што ў міліцыянтаў ёсьць «на пабягушках» падлеткі — хлопцы, якія бегаюць і дакладаюць, дзе што адбываецца.
Пасьля мяне павезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Цягам двух дзён мяне не маглі асудзіць, бо, у адрозьненьне ад усіх, пратакол на мяне быў складзены не за ўчорашні дзень, а за 4 кастрычніка. Гэтыя два дні былі для мяне самымі цяжкімі, бо я ніяк не магла зьвязацца з бацькамі і думала, што супрацоўнікі КДБ прыехалі да іх.
Гэтыя два дні я проста плакала. Мы сядзелі ў вельмі сьмярдзючай камэры, нас кепска кармілі, балела галава. Адзінае, што ратавала, — гэта Вольга Шпарага, якая ўжо адседзела там 5 сутак. Яна нас падтрымлівала.
Пасьля першага суду маю справу адправілі на дапрацоўку, бо ў пратаколе не было ні паказаньняў сьведак, ні нават скрыншота зь відэа. На другім судзе сьведка «захварэў», але пакінуў свае паказаньні ў запісцы, якую зачыталі. Яны былі цалкам сьпісаныя з пратаколу. Гэтым разам мне выпісалі 11 дзён арышту. Бацькі пра рашэньне суду змаглі даведацца толькі праз паўтара дня, бо працэс ня быў пазначаны ў раскладзе.
Патрымаўшы яшчэ дзень на Акрэсьціна, мяне этапавалі ў Жодзіна. І там, апроч самой прыёмкі, усё было «вельмі добра». У камэры было 8 дзяўчат, сярод якіх дызайнэркі, каліграфістка, мэдык, адвакатка. Дзяўчаты малявалі, сьпявалі песьні, гулялі ў розныя гульні, чыталі ўголас, размаўлялі. Я склала цэлы сьпіс таго, чым мы займаліся ў турме.
Не было страху, а было адчуваньне санаторыя, бо мы ўсё вымылі ў камэры, абжыліся. Пад канец нават не хацелася выходзіць. Бо я разумела, што па-за турмой засталіся ўсе праблемы.
Першы час пасьля вызваленьня ў мяне быў страх, што за мной могуць сачыць, але паступова гэтыя перажываньні адышлі.
А неўзабаве здарылася трагедыя з Раманам Бандарэнкам, зь якім я пазнаёмілася літаральна за тыдзень да яго сьмерці. Я жыву недалёка ад «плошчы Перамен», і ўсе падзеі, што там адбываюцца, праходзяць на маіх вачах і вельмі моцна адгукаюцца ў сэрцы. Я вельмі цяжка перажывала сьмерць Рамана, я ўпершыню так блізка сутыкнулася з гэтай зьявай.
Пік перажываньняў адбыўся 15 лістапада, падчас зачысткі «плошчы Перамен». Я зразумела, што мне трэба зьехаць. І зьехала на два тыдні ў Піцер, адпачыла, а потым вярнулася ў Беларусь. Я не зьбіраюся пакідаць краіну, калі мне і маім блізкім ня будзе непасрэднай пагрозы.
Дзень 9 жніўня стаў пераломным у маім жыцьці, і наступныя некалькі месяцаў шмат чаго далі. Я стала менш эгаістычнай, адчула сябе часткай народу, пазнаёмілася з цудоўнымі суседзямі, наладзіла стасункі з бацькамі, зразумела свае магчымасьці і сваю адказнасьць. Перажываньні, якія раней здаваліся вялікімі, цяпер сталі няважнымі. Я часта плакала, але не ад таго, што ўсё кепска, а ад таго, якімі цудоўнымі аказаліся людзі, якіх я сустракаю. І ўсё гэта дазваляе адчуваць сябе шчасьлівай.
З аднаго боку, хочацца, каб тут усё хутчэй скончылася. З другога боку, ёсьць людзі, якія змагаюцца з гэтым 26 гадоў, і я іх вельмі моцна паважаю. Таму трэба далей працягваць рабіць усё, што ў маіх сілах. Мне здаецца, што ў нас будзе вельмі добрая, яркая і сьветлая вясна“.
„Мяне затрымалі на бел-чырвона-белым грузавіку“
Раман Шабановіч:
„Яшчэ да выбараў мой сын Рэнат увесь час браў удзел у прабегах раварыстаў. Усё было добра, але літаральна перад выбарамі, 7 жніўня, ён быў пабіты АМАПам. У выніку пашкоджаньне рукі, страсеньне мозгу, шматлікія сінякі. Але і гэта ж ня ўсё. Яго завезьлі ў РУУС, там яшчэ зьдзекаваліся. Яго не аддавалі мне. Яго там запалохвалі, дапытвалі. Мне проста заявілі, што ён наркаман, абкураны, абколаты. «Вось ён валяецца, вось ён у вас які».
Я ім прапанаваў правесьці экспэртызу, зрабіць аналізы. Праз гадзіну сына аддалі, нейкія паперы падсоўвалі, нешта я падпісваў. Пасьля яго забралі ў лякарню хуткай дапамогі. Натуральна, не абкураны, не абколаты. Проста жорстка пабіты, запалоханы.
Далей ён ляжаў у лякарні, і на другі-трэці дзень да яго прыйшлі ўначы ў палату са Сьледчага камітэту, пачалі дапытваць. Сыну 16 гадоў! Яго ня мелі права ноччу дапытваць.
Калі я сына забраў зь лякарні (гэта было 15 жніўня, калі хавалі Тарайкоўскага), мы зь ім удзельнічалі на «Пушкінскай». Пасьля 16-га ўсё нібыта было добра. Мы таксама падтрымлівалі пратэстоўцаў і зьбіраліся ўсёй сям’ёй ісьці да стэлы, у абед. Але, на жаль, так не атрымалася. Я з дачкой на сваім грузавіку зь бел-чырвона-белым сьцягам быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Грузавік у мяне адабралі, мне пагражалі. Нам удалося з дачкой уцячы: нас выратавала калёна пратэстоўцаў.
Машына пасьля гэтага прапала. Я стаў шукаць машыну. Праз два дні людзі мне расказалі, дзе яна стаіць; я пайшоў, каб яе забраць. Там з чорнай машыны з расейскімі нумарамі выбеглі двое мужчын і сталі мяне біць. У нейкі момант я страціў прытомнасьць. Прыйшоў у сябе, калі ўжо быў у іхнай машыне, і яны пачалі ўжо ехаць. Але дзьверы яшчэ былі не зачыненыя, у мяне нават ногі тырчалі. Адзін сядзеў за рулём, другі на мне. Мне ўдалося ўцячы. Даганяць мяне яны ня сталі, бо ўбачылі, што ўжо пачалі зьбірацца людзі. Яны ўбачылі людзей. То бок прабеглі за мной пяць мэтраў, вярнуліся ў сваю машыну і зьехалі.
Мне давялося хавацца. Мяне ўжо шукалі. Потым мяне дапытвалі, пагражалі крымінальнай справай за тое, што я ўдзельнічаў на «Пушкінскай», у пратэстах, што мой сын… Пагражалі ўсёй нашай сям’і. І ўсё гэта цягнулася… 28-га мяне пад надуманай нагодай, што нібыта я аказваў супраціў, пасадзілі на Акрэсьціна, 31-га судзілі, восем сутак. На Акрэсьціна ўсё было добра, найлепшыя людзі — там. На Акрэсьціна і ў Жодзіне — найлепшыя людзі, якія мне сустракаліся ў Беларусі.
Пасьля таго, як я адсядзеў «суткі» і выйшаў, зноў мяне дапытвалі, пагражалі крымінальнай справай. У выніку 10 кастрычніка яе завялі. І людзі, зь якімі я сядзеў і зь якімі мы разам хадзілі на пратэсты, угаварылі мяне, што дзеля сям’і я павінен зьехаць. У мяне вялікая сям’я, пяцёра дзяцей, чацьвёра зь іх малалетнія, іх трэба ўтрымліваць. Жонка ў мяне не працуе. У выніку я цяпер знаходжуся ў Вільні. Тут для мяне створаныя ўсе ўмовы. Мне дапамаглі прайсьці карантын, знайшлі жыльлё, зрабілі адну візу, цяпер робяць другую. І неўзабаве я змагу працаваць, дапамагаць сваёй сям’і.
Вельмі спадзяюся вярнуцца найбліжэйшым часам. Так думаем мы ўсе. І будзем усё рабіць дзеля гэтага. Нават знаходзячыся тут, будзем хоць якімі шляхамі дзяўбці гэтую ўладу“.
„У Быхаўскі ізалятар мяне забіралі 10 міліцыянтаў“
Алег Караваеў, 46 гадоў, прадпрымальнік, Быхаў:
„Мы былі абсалютна апалітычнымі людзьмі. Займаліся сямейным бізнэсам: маем невялікае прыватнае прадпрыемства фота- і відэапаслуг. Выбарчая кампанія зьмяніла наша стаўленьне да падзеяў, якія раней не цікавілі.
Мы зразумелі: з маўчаньня нічога добрага ня выйдзе. Маўчаць -- значыць быць саўдзельнікам прававога бясчынства.
Нас абурыла, як праходзіла перадвыбарчая кампанія. Як камандзе Ціханоўскай перашкаджалі агітаваць, сустракацца з выбарнікамі. 9 жніўня ў нас застаўся неадключаным інтэрнэт, і мы бачылі, як сілавікі разганялі тых, хто выйшаў выказаць незадаволенасьць фальсыфікацыяй выбараў. Гвалт у сталіцы ня даў нам застацца ў баку ад пратэстаў. Пасьля 9 жніўня мы ў Быхаве ўдзельнічалі ўва ўсіх пратэставых акцыях.
11 жніўня некалькі дзясяткаў гараджан сабраліся каля райвыканкаму дазнацца вынікі выбараў. У Быхаве ні на адным участку ня вывесілі выніковых пратаколаў. Да раённай адміністрацыі па нас прыехала міліцыя на дзьвюх машынах і хацела ўсіх забраць, але мы адбараніліся.
Ганна напісала заяву ў акруговую камісію, каб паказалі копіі пратаколаў. Праз тры дні ёй адпісалі: пратаколы віселі на стэндах, а вы іх ня ўбачылі. А арыгіналы ўжо адпраўленыя ў Цэнтральную выбарчую камісію.
Гараджане, якія найбольш актыўна паводзілі сябе каля райвыканкаму, трапілі пад увагу мясцовай міліцыі і зазналі перасьлед. Сярод іх была наша сям’я...
13 жніўня адбылася першая акцыя пратэсту. На яе выйшла дзяўчына з абразом, яе брат паехаў у Менск і апынуўся ў ізалятары на Акрэсьціна.
У той жа дзень у цэнтар гораду выбраліся пратэставаць жонка з 15-гадовай дачкой і сваёй маці. Да іх далучыліся яшчэ людзі. Начальнік міліцыі страшыў грамаду адміністрацыйнай адказнасьцю за несанкцыянаваны пікет. Празь дзьве гадзіны людзі сышлі, але ў іншым месцы гораду «ланцуг салідарнасьці» ўтварыла яшчэ адна група незадаволеных фальсыфікацыяй выбараў і гвалтам сілавікоў.
Пакуль трывала адноснае зацішша, на пратэсты выходзіла да 80 жыхароў райцэнтру. Самы масавы сход сабраў некалькі соцень удзельнікаў. Людзі малявалі транспаранты, прыходзілі з кветкамі і паветранымі шарыкамі. Міліцыя назірала за пратэстоўцамі, здымала іх на відэа, але не разганяла.
Да нас накіроўвалі людзей нападпітку, якія паводзілі сябе з выклікам. Правакавалі. Падаслалі былі жанчыну, якая потым стала гераіняй прапагандысцкага рэпартажу на тэлевізіі. Яна заяўляла, што зь ёю абяцалі расплаціцца бутэлькай віна за ўдзел у пратэсьце. Яна ж фігуравала сьведкай у маёй адміністрацыйнай справе. На пратэстах дырэктары школаў высочвалі падначаленых і пагражалі ім звальненьнем.
19 жніўня ўдзельнікі праўладнага мітынгу кідалі ў нас манэтамі, вяртаючыся зь яго. Гэтак яны намякалі, што мы прадаліся і цяпер здраднікі. Усяляк абражалі, кідаліся з кулакамі. Міліцыя спакойна назірала.
Пасьля першых «ланцугоў салідарнасьці» супрацоўнікі ДАІ папярэдзілі: як толькі я крануся на сваёй старэнькай машыне, будуць штрафаваць. Транспарт быў патрэбен для працы, і мы ўзялі ў крэдыт белую «Ладу». Нашылі на яе чырвоную паласу і натхнялі пратэстоўцаў, праяжджаючы каля іх. За гэта міліцыя «прызначыла» мяне арганізатарам пратэставых акцыяў, маўляў, Караваеў усіх баламуціць. Пусьцілі пагалоску, што машыну мне купілі палякі і ў мяне за мяжою дом каля мора.
Акцыі пратэсту праходзілі да 21 жніўня. Потым пачаўся прэсінг на найбольш актыўных удзельнікаў. Многіх змусілі падпісаць у пракуратуры паперу аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Такі дакумэнт падпісаў і я.
Тых, каго выклікалі ў міліцыю, падбівалі заявіць, што зь імі я разьлічваўся сьпіртнымі напоямі і грашыма. Мая справа за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства была на 100 старонках. Апыталі 15 сьведак, у тым ліку начальніка міліцыі. Яшчэ мне інкрымінавалі заклік на несанкцыянаваны мітынг. 17 кастрычніка Быхаўскі суд прысудзіў 8 дзён арышту. У ізалятар мяне забіралі 10 міліцыянтаў.
Умовы ўтрыманьня ў ізалятары — глыбокае сярэднявечча. Знаходжаньне ў ім — зьнявага чалавечага гонару і годнасьці. Гэта месца псыхалягічнага катаваньня, бо як яшчэ можна ўспрымаць адсутнасьць у ХХІ стагодзьдзі водаправоду, прыбіральні і вокнаў у камэры.
Мне давялося сядзець у чатырохмясцовай і двухмясцовай камэрах. Абедзьве былі пафарбаваныя ў сіні колер, і ў іх стаяў прыцемак. Меншая была вузейшая за раскінутыя рукі.
У камэры на чатырох былі двухпавярховыя ложкі, стол ды лаўкі, прыбітыя да падлогі. На зьбітым у камякі штодзённымі шмонамі матрацы ляжаць было невыносна. Цела ныла, нібы пабітае. Пасьцельнай бялізны не выдавалі. Вэнтыляцыі не было. Вокнаў таксама. З «кармушкі» ў дзьвярах, якую зрэдку адчынялі, прабівалася сьвятло звонку. Пад стольлю безупынна гарэла лямпачка, але чытаць пры ёй было цяжка. За 8 дзён ніводнага разу ня вывелі на прагулку.
У камэры стаяла плястмасавае вядро з накрыўкай, у якое сядзельцы хадзілі па патрэбе. Зь яго жудасна сьмярдзела. Ня ўсе карысталіся ім, некаторыя трывалі, пакуль выведуць у агульны туалет. Гэта адбывалася два разы на дзень: раніцою і ўвечары. У ім замест унітаза была яміна ў падлозе. Экскрэмэнты змывалі вадою зь вядра.
У агульны туалет выносілі вёдры з камэр. Неяк адно зь іх пралілі і жыжа заставалася непрыбранай два дні. У прыбіральню тады не магчыма было ўвайсьці. Там жа кучай звальвалі сьмецьце з камэр. За 8 дзён ня бачыў, каб яго выносілі. Побач быў душ, які не працаваў, бо зламаўся, як нам казалі, бойлер.
Выводзячы ў прыбіральню і заводзячы назад у камэру, абшуквалі. Таксама разьдзявалі да галізны, адпускаючы на волю. Незразумела, што з камэры можна было прыхапіць з сабою. Стаўленьне ахоўнікаў да мяне не было хамскім, але і патураньняў таксама не дапускалі.
У тых, хто сядзеў у ізалятары, было паламанае жыцьцё. На ўмовы ў вязьніцы яны не наракалі і, як мне здалося, успрымалі іх за нармальныя.
Маімі сукамэрнікамі былі так званыя бытавікі: сямейныя дэбашыры, п’яніцы, хуліганы. За 8 дзён няволі памяняліся 12 сядзельцаў. Зь імі цяжка было знайсьці агульную тэму для гаворак. Ратавалі кнігі.
У аднаго сукамэрніка здарыўся быў прыступ эпілепсіі. Ахоўнікі сказалі, што нічога страшнага, ён тут ня першы раз і трэба сунуць яму нешта ў рот, каб не закрываў. Другі перапіў сьпірту, і ноччу ў яго ўсчалася белая гарачка. Ён кідаўся на сьцены...
Пасьля адседкі маю сям’ю і наш бізнэс не пакінулі ў спакоі. З праверкай на прадпрыемства наведаліся інспэктары зь дзяржкантролю. Запатрабавалі за два гады дакумэнтацыю. Абмежаваліся накладаньнем штрафаў...
Зацікавілася намі і камісія ў справах непаўналетніх. Палохалі паставіць сям’ю на ўлік як сацыяльна неўладкаваную, а таксама вінавацілі ў неналежным выхаваньні дзяцей, бо іх з бацькамі бачылі на маршы. Інспэктары тлумачылі свой інтарэс пракурорскай праверкай. Урэшце прыслалі паперу, што справа супраць нас спыненая, бо выйшаў тэрмін яе разгляду.
У далейшым за «разьмяшчэньне экстрэмісцкай інфармацыі» ў сацыяльных сетках мяне аштрафавалі на 405 рублёў. На суд прыйшоў з торбаю, гатовы да турмы. Страшылі, што ў ізалятары карантын і штодзённых перадач ад жонкі больш не дазволяць.
Падчас сьледзтва нам далі зразумець, што перасьлед ініцыяваны кімсьці «зьверху». Быў выпадак, калі нам не дазволілі здымаць ранішнік у садку, хоць напярэдадні ўсё было ўзгоднена з загадчыцай. У гэты садок хадзіла тады наша дачка.
Потым нам паведамілі, што райвыканкам даслаў у школу распараджэньне пакараць тых, хто напісаў «добрую характарыстыку» на сям’ю Караваевых. Існавала пагроза, што яе перапішуць на кепскую і органы апекі возьмуцца за нашу сямʼю і дзяцей зноў, і цяпер больш сур’ёзна.
Для ўлады мы сталі нядобранадзейнымі грамадзянамі толькі за тое, што выступілі супраць несправядлівасьці. Мы асьцерагаліся адпускаць дзяцей на прагулку адных. Выходзілі заўжды сям’ёю. Нас насьцярожваў лясканьне дзьвярэй у пад’езьдзе, бо думалі, што ідуць па нас. Пакуль былі ў Беларусі, не адчувалі сябе ў бясьпецы.
17 сьнежня мы выехалі ў Літву. Усё, што мы нажылі, кінулі на радзіме, і цяпер наша будучыня няпэўная. У нас тут часта пытаюцца, ці не шкадуем, што пратэставалі. Адказваем: «Не». Мы рабілі, што маглі, дзеля будучы сваёй краіны, каб нашы дзеці жылі ў ёй бяз боязі быць схопленымі на вуліцы людзьмі ў масках. Разам з тым пабачаны фізычны гвалт і перажыты псыхалягічны прэсінг ніколі не сатруцца з нашай памяці. Мы яго не забудзем і не даруем“.
„У Фрунзэнскім РУУС стаяў дзікі мужчынскі лямант і плач“
Марыя Матусевіч, 21 год, Менск:
„Я грамадзянка Літвы, але нарадзілася і вырасла ў Менску — літоўскі пашпарт атрымала ў спадчыну ад мамы. У Беларусі ў мяне заўсёды быў пастаянны від на жыхарства, але летам 2020-га шмат што зьмянілася.
У ноч на 12 жніўня я разам з тады яшчэ сваім хлопцам і сябрам апынулася ў Фрунзэнскім РУУС. Тое, што вы бачылі на відэа By_Pol, далёка ня самае страшнае, што адбывалася там у тую ноч. Але давайце па парадку.
Мы выходзілі на пратэсты і 9, і 10 жніўня. 11-га вырашылі, што будзем, як партызаны, развозіць людзям ваду і мэдыкамэнты. Наклеілі на заднія вокны машыны чырвоныя крыжы, каб людзі разумелі, што мы свае, і адправіліся ў горад.
Прыкладна а 2-й гадзіне ночы, калі пратэст ужо заціхаў і мы вырашылі ехаць дадому, каля Палаца спорту нас спыніў супрацоўнік ДАІ. Ён да нас нават не падышоў, адразу выбег «Алмаз» (у іх на форме былі нашытыя бірузовыя перакуленыя трыкутнікі). Нас выцягнулі з аўтамабіля, пачалі корпацца ў машыне і асабістых рэчах. Усё гэта суправаджалася абразамі, лаянкай і здыманьнем на камэру з бліскавіцай. Калі ўбачылі мой літоўскі пашпарт, перавялі ўвесь фокус увагі на мяне. Казалі, што я лялькавод зь Літвы, якая прыехала, каб разбурыць іх краіну, і пагражалі мне 12 гадамі турмы.
Сілавікі радаваліся, думаючы, што затрымалі мэдыкаў. Пазьней у РУУС мы даведаліся, што амапаўцам давалі грашовыя бонусы за ўпаляваных журналістаў і лекараў — яны самі гаварылі пра гэта паміж сабой. Яшчэ я чула, як яны абмяркоўваюць, хто больш запакаваў: «У вашай брыгады ўжо 300? Блін, у нас усяго 250, трэба паднаціснуць».
Калі нас пасадзілі ў бус, хлопцаў адразу ж пачалі біць дубінкамі. Мяне спачатку не чапалі, але потым амапавец сказаў: «Ты ж зь Літвы! Раз там фэмінізм, значыць, будзеш адграбаць, як усе». І пачаў біць і мяне, але не дубінкай, а рукамі — па сьпіне, шыі, галаве. Нас білі ўсю дарогу да РУУС. Калі прыехалі, мы адразу ж трапілі ў спартовую залю. Як мне здалося, там ужо было чалавек 200 — відэа, якое трапіла ў сетку, відавочна, здымалі да нашага прыезду. Многія хлопцы ў кадры яшчэ цэлыя, я ж убачыла іх у той залі ўжо моцна пабітымі.
Яшчэ быў хлопец, айцішнік. Яго затрымалі на «Пушкінскай», калі ён выходзіў з працы. Ён стаяў у РУУС толькі ў джынсах, якія былі амаль цалкам разарваныя, і ўвесь у сіняках. Пазьней мы даведаліся, што штаны яму спэцыяльна разрэзала дзяўчына-амапаўка, каб паглядзець на яго тату. Яшчэ быў хлопец, якому разрэзалі джынсы на ягадзіцах разам з майткамі. Яго білі кожны раз, калі кудысьці выклікалі. Ён расказаў мне, што зь яго гэтак зьдзекуюцца за бел-чырвона-белую застаўку на тэлефоне.
Уся спартзаля ў РУУС была ў крыві, у мачы і ў фэкаліях — некаторыя хлопцы ад страху... Адзін амапавец сказаў мне: «Бачыш таго хлопца? Ён абрабіўся — і цябе чакае тое самае». Пачаўся вопіс рэчаў і складаньне ідэнтычных пратаколаў зь няправільным часам/месцам затрыманьня і гэтак далей.
Памятаеце першыя кадры відэа By_Pol, дзе хлопец ляжыць на шэрай падлозе? Іх зьнялі ў ціры РУУС, які абсталявалі пад «катоўню».
Мяне падвялі да гэтага пакою, пыталіся, хто я такая і чаму не люблю радзіму, пару разоў ударылі і пакінулі сядзець там жа. Крыху пазьней сьледчы выклікаў мяне на допыт проста ў «катоўню». Там 6-7 хлопцаў ляжалі штабэлямі — іх білі дубінкамі, хадзілі па іхных сьпінах, рабілі ім «ластаўкі». Гэта таксама здымалася на відэа, сілавікі наогул многае запісвалі на камэры, нават рабілі сэлфі на фоне пабітых імі людзей. Думаю, гэтыя здымкі ўсплывуць пазьней — будзе страшна ўбачыць на іх сябе.
Пасьля допыту мяне зноў пакінулі сядзець каля «катоўні» — здавалася, пра мяне проста забыліся гадзіны на дзьве. Я бачыла, як у гэтае памяшканьне заводзяць хлопцаў, якія яшчэ могуць ісьці самі, а праз хвілін 15-30 іх ужо выводзяць пад рукі, ледзь жывымі. Увесь гэты час пад дзьвярыма стаяў дзікі мужчынскі лямант і плач — гэта было невыносна слухаць.
Калі пра мяне ўспомнілі, завялі назад у залю, а потым зноў накіравалі на вопіс дакумэнтаў. За сталом сядзелі дзьве дзяўчыны — рыжая і белая. Пазьней я даведалася, што гэта супрацоўніцы Фрунзэнскага аддзелу міліцыі №3. Рыжая мяне пастаянна правакавала, пыталася, ці варта яно таго. У мяне з сабой быў тэлефон, але ня мой, а сябра. Яго таксама выклікалі, разблякавалі тэлефон і пачалі лазіць у тэлеграме. Сьветлавалосая супрацоўніца знайшла аўдыёпаведамленьне, дзе сябра апавядае, як 9 жніўня хадзіў да стэлы, і паклікала амапаўца. Той паставіў сябра на калені і пачалі біць дубінкай па вонкавым боку сьцёгнаў. Усё рабілася з мацюкамі.
Пазьней я даведалася, што было з маім хлопцам. Яго адвялі ў памяшканьне з туалетамі, каб запісаць відэа. Ён расказаў, што ўбачыў там душавую, цалкам залітую крывёю. А калі яго ўжо зьнялі, амапаўцу нешта не спадабалася, і ён некалькі разоў ударыў хлопца з калена ў грудзі. Ад гэтага ў яго быў моцнае садно.
Зьбіваньне скончылася толькі пад раніцу, калі ў РУУС сталі рыхтавацца да перазьменкі. Мы ціха сядзелі ў залі, нам нават пачалі даваць ваду, вадзіць у туалет. Сярод супрацоўнікаў, якія такім чынам дапамагалі, быў лейтэнант Андрэй. Ён зьняў зь мяне кайданкі, але пазьней амапавец зацягнуў мне рукі сьцяжкай так моцна, што яны пасінелі. Лейтэнант на просьбу майго хлопца зьняў зь мяне і сьцяжку. Гэты Андрэй рабіў паўторны вопіс маіх рэчаў, таму што першы, мабыць, згубілі. Мы зь ім разгаварыліся:
«Я ж бачу, што ты нармальная дзяўчынка, чаго палезла сюды? Колькі табе гадоў?»
«Проста хацела дапамагчы людзям. А табе колькі гадоў? Няўжо табе падабаецца твая праца?»
«Мне 20 гадоў, і я проста зарабляю грошы. А хто там пры ўладзе, што ён там робіць — наогул пофіг».
Лейтэнант Андрэй, пра якога гаворыць гераіня. Фота: ягоная старонка ў ВК. Кадар зь відэа: ByPol
Пазьней я знайшла старонкі гэтага лейтэнанта ў сацсетках і адправіла яго імя ў «Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў». Ён нікога ня біў, нават дапамагаў затрыманым, але ён стаў сьведкам таго пекла, якое дзеялася ў РУУС, і нічога не зрабіў. Мне б хацелася, каб ён паспрыяў у расьсьледаваньні гэтых злачынстваў, а не казаў, што яму «ок» ад выгляду пабітых, ледзьве жывых людзей. Хоць, напэўна, гэта сьведчаньне таго, што гэты лейтэнант, у адрозьненьне ад мяне і іншых, бачыў падобнае і раней. У РУУС я пераканалася, як моцна сілавікам прамываюць мазгі ідэолягі. Яны ўсе сьвята верылі, што мы ворагі народу, якія ня цэняць, як шмат робіць для гэтай краіны Лукашэнка.
Пры гэтым сярод іх сапраўды ёсьць людзі. Акрамя 20-гадовага лейтэнанта, быў яшчэ міліцыянт, які прыйшоў ужо пасьля перазьменкі. У яго з сабой была гронка бананаў і энэргетык — мабыць, на абед. Ён раздаў усе бананы і напой дзяўчатам. Яшчэ я запомніла амапаўца, які ўжо бліжэй да абеду адвёў мяне ў прыбіральню і зьняў кайданкі. Я памылася і захацела завязаць валасы, але з сабой у мяне быў толькі белы бранзалет, які цудам не намацалі ў кішэні. Калі я яго дастала, амапавец сказаў: «Ня варта. Яны цябе заб’юць, калі завяжаш белым бранзалетам».
Пасьля перазьменкі сапраўды прыйшла крыху больш спакойная зьмена, але там была супрацоўніца АМАПу Ксюша. Яна заляцела ў спартовую залю са словамі: «Якога х*я вы тут палеглі?» Было гадзін 7-8 раніцы, шмат у каго пачалі званіць тэлефоны, будзільнікі — Ксюшы гэта не падабалася. І яна максымальна вычварнымі спосабамі разьбівала гэтыя тэлефоны. Кідала аб сьцяну, біла дубінкай. Так яна разьбіла ўшчэнт тэлефонаў восем. Адна дзяўчына ня вытрымала і ціхенька сказала «сука», а Ксюша пачула. Паставіла яе на калені, дала аплявуху і вывела з залі. Калі абедзьве вярнуліся, дзяўчына плакала.
Потым нас пачалі вывозіць, ня кажучы нікому, куды наогул мы едзем. Калі мяне прывезьлі на Акрэсьціна, я нават не разумела, што знаходжуся ў Менску. Хоць быў момант, калі людзі пад сьценамі ЦІПу пачалі пляскаць — закралася думка, што я ўсё ж у горадзе. Мне хацелася верыць, што ўсё гэта вось-вось скончыцца, але яно не канчалася. На Акрэсьціна дзяўчат сабралі купкай на вуліцы, хлопцаў разьмеркавалі па пэрымэтры. У той дзень было вельмі холадна, але шмат хто быў лёгка адзеты. Мы прамерзьлі на вуліцы гадзіны дзьве, пакуль ішлі суды. У нейкі момант людзі ў камуфляжнай форме ўсё ж прынесьлі нам падсьцілкі, падобныя на тэнты паходных намётаў. Але толькі дзяўчатам.
Суды скончыліся на гадзіну раней, чым павінны былі. Асудзіць пасьпелі далёка ня ўсіх, але амаль усім, каму пасьпелі, далі «суткі» — са штрафамі адпусьцілі толькі некалькі чалавек. Нас пагналі на агляд, дзе прымусілі разьдзецца дагала і прысядаць. Потым усіх дзяўчат сабралі ў прагулачнай камэры — зноў на вуліцы, але ўжо бяз тэнтаў. Хтосьці зь міліцыянтаў прынёс абязбольвальныя і бутэльку вады для тых, у каго былі месячныя, са словамі: «Калі даведаюцца, што я гэта зрабіў, мяне прыб’юць».
Мы згрупаваліся, каб саграваць адна адну, і ў нейкі момант я заснула. Прачнулася ад таго, што ў ЦІП і на вуліцы стаяў гул — мужчын зноў пачалі біць. Ня толькі мяне ў тыя дні затрымалі разам з хлопцам, былі і іншыя дзяўчаты, чые маладыя людзі таксама знаходзіліся на Акрэсьціна — мы сядзелі, слухалі, як іх б’юць, і плакалі.
Празь нейкі час нас пачалі разьмяркоўваць па камэрах у будынку. Я трапіла ў чатырохмясцовую, куды разам са мной пасадзілі яшчэ прыкладна 50-60 дзяўчат. З намі была жанчына, якую затрымалі п’янай. Калі яна працьверазілася, пачалася белая гарачка. І яна ўмудрылася разьбіць у камэры галаву. Дзяўчаты прасілі выклікаць ёй «хуткую», але канваіры проста кінулі ім бінты. А на астатнія просьбы адказвалі: «Калі вы не заткняцеся, мы вас пусьцім па коле».
Калі ў камэры многія ўжо спрабавалі паспаць, мяне і яшчэ адну дзяўчыну папрасілі на выхад. Прымусілі падпісаць нейкія паперы (адзінае, што я пасьпела ў іх убачыць — параграф «У выпадку паўторнага затрыманьня будзе крымінальная адказнасьць») і вывелі на вуліцу. Сказалі апусьціць галаву ўніз, каб мы ня бачылі, як хлопцы праходзяць праз «калідор» з дубінак. І, калі мы ўжо выйшлі за вароты ЦІПу, да нас падбег хлопец у вайсковай форме, паказаў, дзе стаяць валянтэры, і параіў быць больш акуратнымі. У той момант хацелася яму адказаць: «Сур’ёзна?»
Было каля чатырох гадзін раніцы. Валянтэры адразу далі мне плед і тэлефон, але я ня ведала на памяць ніводнага беларускага нумара, а інтэрнэту тады не было.
Запаліла цыгарэту, але, не пасьпеўшы дакурыць, пачула крыкі: «АМАП!» Усе пачалі ўцякаць, але я бегчы не магла — кульгала. Я ўпала недзе ў кустах, накрылася пледам і малілася, каб мяне не знайшлі.
Калі вакол стала цішэй, вырашыла паспрабаваць дайсьці да праспэкта. Але, як толькі паднялася, за мэтраў 20-50 убачыла «касманаўта» у чорным шлеме. І схавалася ў біятуалет, які быў зусім побач. Думала, што прасяджу да сьвітаньня, але пачула, як хлопец, які ішоў міма, нешта гаварыў у тэлефон. І выскачыла з гэтай прыбіральні проста на яго. Ён зноў адвёў мяне да валянтэраў. Яны расказалі, што адзін мужчына, які жыве на Акрэсьціна, аддаў свой дом пад валянтэрскі рух. Яго злавілі і моцна пабілі той ноччу.
Ніякіх ключоў і дакумэнтаў у мяне не было — усё засталося ў машыне, якую зь месца нашага арышту зьвезьлі сілавікі, таму я папрасіла адвезьці мяне да сяброўкі. Так скончылася маё знаходжаньне ў РУУС і ЦІП. Майго хлопца і сябра таксама адпусьцілі — хоць іх пасьля Акрэсьціна этапавалі ў Слуцак, дзе нават накармілі і пусьцілі ў душ. Але, у адрозьненьне ад мяне, хлопца пасьпелі асудзіць на 15 сутак, а сябра — на 11.
Мы адразу ж вырашылі, што хочам зьехаць — калі не з краіны, то хаця б зь Менску, таму паспрабавалі ануляваць ягоны прысуд. Хлопец заікаецца, і гэта быў шанец. А яшчэ ў нас быў моцны адвакат, таму ўсё атрымалася — суткі «адмянілі». Да гэтай гісторыі нашы стасункі можна было апісаць фразай «сябры з бэнэфітамі».
Але калі ён выйшаў пасьля судовага паседжаньня, адразу ж зрабіў мне прапанову замуж. Сказаў, што калі на Акрэсьціна стаяў на каленях тварам у падлогу, зразумеў, што я «тая самая».
Мы прабылі ў Беларусі да 27 кастрычніка. Забралі рэчы і машыну — на зьдзіўленьне, нават цэлую. Праўда, з нашых гаманцоў, якія засталіся ў аўтамабілі, зьніклі 300 рублёў. Толькі ў маім партманэце хтосьці ўсё ж вырашыў пакінуць 25 рублёў пяцёрачкамі.
Самае цікавае, за ўвесь гэты час я не атрымала ніякіх позваў. Была ўпэўненая, што пра мяне проста забыліся, ажно не. У сьнежні дадому ў Менск прыйшоў ліст з фразай «Вырашаецца пытаньне аб ануляваньні ВНЖ». Я патэлефанавала ў міграцыйную службу, там сказалі, што я парушыла грамадзкі парадак паводле артыкулу 23:34.
У выніку ў мяне больш няма віду на жыхарства, але ёсьць забарона на ўезд у Беларусь на пяць гадоў.
Крыўдна і злосна ад таго, што ты хацеў зрабіць нешта добрае, але цябе за гэта пабілі і амаль зьнішчылі маральна. Пасьля таго, што здарылася, у мяне разьвілася моцная форма посттраўматычнага стрэсавага расстройства (ПТСР), які дайшоў да памежнага разладу псыхікі. Першы час, калі мы яшчэ былі ў Беларусі, я не магла нават хадзіць па горадзе адна. На жаночыя і нядзельныя маршы ў верасьні хадзіла зь сябрамі — жаданьне змагацца не прапала, я ўсё адно той яшчэ воін. Траўмаваны, але воін (сьмяецца). Цяпер мой стан палепшыўся, у Літве стала нашмат спакайней, але я працягваю працаваць з псыхатэрапэўтам.
Самае іранічнае ў гэтай гісторыі тое, што за год да 11 жніўня 2020-га я паехала жыць у Лёндан. Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты, вырашыла падтрымаць беларусаў у «загнілым Захадзе» і кінула кліч у фэйсбуку, каб сабраць людзей на акцыю салідарнасьці каля амбасады. І разам зь іншымі беларусамі сабрала! У нас на акцыях былі Яўген Чычваркін, Мікалай Халезін, Аіша Янг з Amnesty International, Alan Flowers і шмат іншых выдатных людзей. У выніку ў Англіі ўтварылася паўнавартасная беларуская дыяспара з прыкладна тысячы чалавек.
Я хацела зьлятаць у Менск у верасьні, каб палячыць калена і адпачыць, але памяняла квіткі на лета. Была маральна гатовая да «сутак», але не да зьдзекаў. І вельмі баялася, што на допыце сьледчы высьветліць, што я маю дачыненьне да арганізацыі акцый пратэсту ў Лёндане — тады б я дакладна ня выйшла.
Я плянавала, што пасьля Менску вярнуся ў Лёндан, але ў выніку пабывала ў Фрунзэнскім РУУС, на Акрэсьціна, выйшла замуж і зьехала жыць у Вільню. Складана загадваць, што будзе далей, але адно я ведаю дакладна: мы вернемся ў Беларусь, калі там здарацца перамены. Я веру, што ўсе, хто зьдзейсьніў жудасныя злачынствы, будуць пакараныя. І моцна ганаруся беларусамі“.
„Роўна ў 23:34 ахоўнікі пачулі: «З Новым годам! Сыходзь!»“
Антон Галанаў, 19 гадоў, студэнт Горадзенскага ўнівэрсытэту:
„Я трапіў за краты за тое, што сфатаграфаваўся з суседзямі па Малінаўцы на фоне бел-чырвона-белага сьцяга.
Пры гэтым, паводле пратаколу, я ўдзельнічаў у маршы, выкрыкваў палітычныя лёзунгі. Сьведка на судзе паблытаў і дату майго затрыманьня, і месца, і час — усё адно далі 15 сутак. Не зьмякчыла прысуд нават тое, што ў мяне інваліднасьць зроку.
Чатыры дні я правёў на Акрэсьціна. Адзін зь іх — з сукамэрнікам, у якога пацьвердзіўся каранавірус; яго пасьля забралі. У сераду нас перавезьлі ў Жодзіна. Перадачы ніхто атрымаць ужо не пасьпеў.
Пашанцавала, што валянтэры далі хаця б зубныя шчоткі, туалетную паперу і крыху печыва.
Перадача ад сваякоў прыйшла акурат перад Новым годам — 30 сьнежня, але яе чамусьці ўвесь дзень і ноч трымалі пад дзьвярыма і аддалі толькі 31-га.
Сваякі паклалі нам сыр, каўбасу. З навагодняга — крыху мандарынаў і сурвэткі зь зімовымі ўзорамі. Лісты мне ўсе 15 дзён не аддавалі, хоць ведаю, што іх пісалі. Мы самі 31 сьнежня перадалі на волю віншаваньні для сваіх — з тымі, хто выходзіў з турмы раней.
31 сьнежня бліжэй да адбою хлопцы — у камэры было 10 чалавек — селі за стол, упрыгожылі яго сурвэткамі, расклалі сваё «багацьце».
У перадачы аказаліся аднаразовыя кубачкі. Мы налілі ў іх вады з-пад крана і «чаркаваліся», прамаўляючы тосты: «Каб новы год быў лепшы за стары», «За перамены», «Каб не сустракацца больш у падобных месцах»… Дзяўчаты з суседняй камэры пачалі сьпяваць «Муры» і ўсялякія навагоднія песьні кшталту Jingle Bells. А недзе ў 23:34 (відаць, у адной з камэр змаглі даведацца пра час) у СІЗА пачуўся крык: «Сыходзь! З Новым годам! Ура!» Ахоўнікі, канечне, афігелі ад такога нахабства. Пачалі рабіць заўвагі, усіх супакойваць. Адзін супрацоўнік папрасіў: «Давайце хаця б Новы год сустрэнем па-за палітыкай».
Пасьля 00:00 грымелі салюты. У нейкі момант нават здалося, што пару залпаў было зусім побач зь СІЗА. Мы вырашылі, што гэта, каб падтрымаць нас.
1 студзеня ніякіх паслабленьняў для асуджаных не было — пад’ём у 6:00 і ўсё паводле раскладу. Праўда, ежа была нашмат лепшай, чым звычайна: на сьняданак далі рыс, на абед быў смачны боршч, мяса далі нетрадыцыйна шмат. Складвалася ўражаньне, што кухар спэцыяльна пастараўся.
На волі мяне сустракалі ня толькі сваякі, але і суседзі з двара. З фаервэркамі і шампанскім. Так што сьвята для мяне працягнулася. Праўда, большым сьвятам было зноў спаць на сваёй канапе з выключаным сьвятлом. Ведаеце, адно з маіх хобі — гістарычная рэканструкцыя. І я актыўна зьбіраў старую форму міліцыянэраў, яшчэ савецкую нават. А цяпер і ня ведаю, што з гэтым рабіць. Апранаць яе пасьля выбараў дакладна ня хочацца“.
Уладзімер Плахотнікаў, 38 гадоў, распрацоўнік інтэрнэт-крам:
„Мяне схапілі недалёка ад станцыі мэтро «Партызанская» 20 сьнежня, у родным раёне, калі я адзін ішоў дадому.
Асноўную частку сваіх «сутак» я адбыў у Жодзіне.
Ніякіх паслабленьняў у гонар сьвята нам не рабілі. Нават не выводзілі пагуляць, хоць мы вельмі прасілі — за 13 дзён я дыхаў сьвежым паветрам толькі адзін раз. Але вось душу мы, нарэшце, дачакаліся 31 сьнежня. А так усё, як звычайна: прыбіральня безь дзьвярэй, адпаведныя пахі і ахоўнікі, якія сьвяцілі лазэрам у вочы, каб мы не сядзелі на ложках (на лаўцы на ўсіх месца не хапала, даводзілася стаяць).
Падняць сабе настрой атрымалася толькі перадачамі, зь якіх і склаўся сьвяточны стол.
Бліжэй да паўночы мы чулі, як нейкія людзі крычалі пад турмой: «З Новым годам!» Было вельмі прыемна. Раніцай 1 студзеня мы зноў разбавілі традыцыйны рацыён нашымі перадачкамі: было крыху мандарынаў і нават кавалак чырвонай рыбы. Павіншавалі адзін аднаго. Незвычайныя ў мяне эмоцыі ад сустрэчы Новага году ў турме — будзе што ўспомніць. І такое дакладна не забудзеш.
2 студзеня на свабодзе мяне сустракаў натоўп з блізкіх. Было вельмi прыемна, што столькi чалавек прыехалі мяне сустрэць. І з падарункамi! А дома мяне чакаў сьвяточны стол i яшчэ порцыя падарункаў пад ялінкай.
Астатнія сьвяты правяду дома, бо захварэў за кратамі на каранавірус“.
Максім Каравай, 33 гады, дырэктар рэстаўрацыйнай фірмы:
„Забралі 20 сьнежня проста каля пад’езда ў Менску. Пакуль я вёў размову з бабуляй, якая падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, невядомыя выбеглі з буса і мяне забралі: на 12 сутак па вядомым артыкуле 23.34.
У камэры са мной былі некалькі айцішнікаў, выкладчык вышэйшай матэматыкі, навуковец, інжынэр, спартовец, а таксама адзін мужчына, які сядзеў за крадзеж.
Самым цяжкім для мяне было спаць з уключаным сьвятлом. На пытаньне, чаму так, нам адказалі: «Каб вам не было тут салодка». У камэры была антысанітарыя, паўсюль — цьвіль і жудасны смурод. Праўда, празь некалькі дзён знаходжаньня ў Жодзіне мы атрымалі мыла і ўжо вымылі ўсё, да чаго дацягнуліся. Акрамя гэтага, нам не аказвалі мэдычную дапамогу — у некаторых сукамэрнікаў была тэмпэратура, мы прасілі лекі ці хаця б кіпень, але некалькі дзён нас ігнаравалі. Толькі пад самы Новы год выдзелілі дзьве таблеткі парацэтамолу на дзесяць чалавек.
31 сьнежня дайшла першая перадача. Ліставаньне пры гэтым блякавалася цалкам.
У нас атрымаўся сапраўдны сьвяточны стол, бо да гэтага мясцовую ежу больш выкідалі — яна была нясмачная. З сурвэтак мы зрабілі навагоднюю ялінку. Нягледзячы на адбой у 22:00, мы бліжэй да 00:00 перастукваліся і крычалі адзін аднаму «Жыве Беларусь!». Мы ведалі, што недзе побач з намі ў Жодзіне Марыя Калесьнікава і Сяргей Ціханоўскі, таму разьлічвалі, што нехта захоча прыйсьці павіншаваць іх пад турму. Так і адбылося: уначы мы пачулі звонку і гук ад фаервэркаў, і крыкі «Жыве Беларусь!». Самы цікавы дзень у турме атрымаўся. Што тычыцца жаданьняў, то загадалі мы ўсе адно: тое, чаго хоча ўся краіна.
Асобны дзякуй валянтэрам, якія і ў сьвяты дапамагалі сваякам зь перадачамі“.
Арцём Быстрык, Менск:
„Мяне затрымалі 20 сьнежня на раённым маршы ў Менску. З Заводзкага РУУС адвезьлі на Акрэсьціна, а на наступны дзень быў суд паводле двух пратаколах (артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі).
Супраць мяне сьведчыў засакрэчаны супрацоўнік міліцыі «Макідонскі» (менавіта празь «і»). Судзьдзя прысудзіла 15 дзён арышту, і я выйшаў на волю ўжо ў 2021 годзе — 4 студзеня. Ужо падчас затрыманьня супрацоўнікі паабяцалі, што я буду сустракаць Новы год «з жалезнай ялінкай».
У камэры было 8 чалавек, і амаль усе «нашы» людзі. Хаця некаторых затрымалі выпадкова: той, што атрымаў 12 сутак, ішоў у краму па хлеб, а другі, якому далі 14 сутак, выходзіў з пад’езда ў таксоўку.
На Каляды асаблівага сьвяткаваньня не было. Я ўсіх павіншаваў, сказаў, што павінна быць 12 страваў, мы пасьмяяліся, бо там місак было 12, а ня страваў. А на Новы год час нам ніхто не абвяшчаў. Трэба было некалькі разоў спытацца ў ахоўнікаў, колькі часу, бо хацелі пачаць сьвяткаваць у 23:34. А 10-й вечара ў нас быў адбой, але мы займаліся сваімі справамі.
Пра Новы год мы даведаліся, калі за вакном пачулі выбухі пэтардаў. Радыё ў гэтую ноч наогул не ўключалі. Гэта была адзіная ноч, калі ўсе былі крыху разьняволеныя: і вязьні, і ахоўнікі.
Мы крыкнулі ў калідор «Жыве Беларусь!», нехта зь іншых камэраў адказаў «Жыве!», потым нібыта ўсім паверхам крычалі «Сыходзь!». Напярэдадні, у сераду, нам амаль усім перадалі перадачы, таму было адчуваньне сьвяточнага стала. Ахоўнік трапіўся больш-менш добразычлівы, магчыма, падпіў ці што, казаў нам: «Вас падманула звычайная кухарка». Гэта выклікала сьмех, бо вядома было, хто падмануў яго.
Тое, што ўсіх пазбавілі сямейных сьвятаў, гэта асабліва цынічна. Гэтыя запужваньні маюць адваротны вынік. Мы там толькі з хлопцамі кансалідаваліся, пасябравалі, дамовіліся, што іншага шляху няма і трэба змагацца да перамогі“.
Андрэй Шарэнда, актывіст, Берасьце:
„Затрымалі 29 сьнежня за бел-чырвона-белы сьцяг на гаўбцы. 1 студзеня, калі я павінен быў выйсьці на волю, мяне затрымалі паўторна за ўдзел у акцыі ў Менску 8 лістапада. 4 студзеня адпусьцілі, але суд працягнецца.
Новы год сустрэлі ў камэры ўдвух, зь дзьвюма мандарынкамі. Па фаервэрках за сьценамі мы зразумелі, што Новы год ужо прыйшоў. Зьелі па мандарынцы і так адзначылі. У ахоўнікаў на тэлефоне, ці дзе, чуўся толькі пачатак выступу Лукашэнкі, але мы яго ня слухалі. Яго потым ці то выключылі, ці то прыглушылі. Нас ніхто не папярэджваў, што ўжо Новы год.
У сувязі са сьвятам не было ніякага паслабленьня, а ў мэню буракі замянілі на шаткаваную капусту. Падчас праверкі 1 студзеня я павіншаваў усіх з Новым годам. На праверцы ўсіх ставяць тварам да сьцяны, робяць шмон у камэры. І калі супрацоўнікі ІЧУ спыталі, якія ёсьць пытаньні, я павіншаваў іх з Новым годам. Яны сказалі: «Вас таксама».
Асноўнай мэтай пераднавагодняга затрыманьня было сарваць сьвята, зрабіць кепска за грамадзянскую пазыцыю. Калі я выйшаў з ІЧУ, то даведаўся, што дома зрабілі ператрус і затрымалі маю жонку Паліну. Яе ў кайданках адвезьлі ў ІЧУ Берасьця. Паліну затрымалі ў адміністрацыйнай справе, таксама праводзіцца праверка ў крымінальнай — нібыта за зьнявагу супрацоўніка пры затрыманьні мяне. Больш інфармацыі будзе пасьля суду.
Малодшаму сыну 4 гады, і ён цяжка гэта ўспрымае. Калі прыйшлі зь ператрусам, Паліна не адчыняла дзьверы, дык іх выбілі нейкай кувалдай. У гэты час яна была з сынам у іншым пакоі. У сына стрэс, і ён пытаецца, дзе мама.
Пасьля ІЧУ ў мяне невялікая тэмпэратура, і асабліва няма на каго пакінуць дзяцей. Будзем спадзявацца, што Паліну выпусьцяць“.
„Самае складанае — ведаць, што іх білі нізавошта“
Тацяна Васюніна, мэдык, былая студэнтка VI курсу БДМУ, супрацоўніца станцыі хуткай мэдычнай дапамогі 6-й лякарні ў Менску:
„Калі даведалася пра масавыя вызваленьні на Акрэсьціна, я сабрала сумку мэдыкамэнтаў зь вечара, легла спаць. Ад усіх перажываньняў ня спалася — залезла ў Telegram. У чаце валянтэраў зьявілася інфармацыя, што ўсіх затрыманых плянуюць адпускаць глыбокай ноччу 13 жніўня. Упэўненая: гэта зрабілі, каб выматаць валянтэраў.
Я адразу выехала на Акрэсьціна. Таксіст, даведаўшыся, куды я накіроўваюся, грошай ня ўзяў.
Асьцярогі пацьвердзіліся: валянтэры былі вельмі стомленыя, а ноччу амаль нікога ня выпусьцілі. Зьнясіленыя мэдыкі зьехалі. Ранкам, калі ў лягеры засталіся толькі я і яшчэ адзін чалавек, пачалося.
Столькі пацярпелых я ня бачыла ніколі. Самае складанае — ведаць, за што іх білі. Дакладней, ведаць, што нізавошта.
Каб прыхаваць факты зьбіваньня, самых «цяжкіх» выпускалі на досьвітку (у 5-6 раніцы) — ім валянтэры адразу выклікалі «хуткую». Астатнім дапамагалі на месцы.
Пераломы канцавін і касьцей чэрапа, шырокія гематомы, страсеньні мозгу, закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы, раны, моцныя ўдары, расьсечаныя вусны і бровы, вывіхі пальцаў. Пацярпелыя — ад 14-гадовых падлеткаў да старых. Дапамога патрабавалася і сваякам затрыманых: у іх пачыналіся панічныя атакі, рэзка падымаўся ціск, «зрываўся» сардэчны рытм.
Многія вызваленыя скардзіліся на моцныя болі ва ўсім целе, але сінякоў відаць не было. Высьветлілася, іх білі праз анучы і кардон, каб не пакінуць сьлядоў. Адзеньне і кардон засьцерагаюць дробныя сасуды, разьмешчаныя на паверхні скуры, але ўдарная хваля праходзіць глыбей, траўмуючы цягліцы, косьці, закранаючы нэрвы. Гэта рабілася, каб людзі не змаглі зьняць пабоі.
Большасьці сьляды зьбіваньня сапраўды зафіксаваць не ўдалося. Але былі і тыя, хто нават не спрабаваў гэтага зрабіць: у няволі запалохвалі, што знойдуць усіх, хто паспрабуе даць агалоску таму, што адбываецца ў турмах. Як мы потым даведаліся, ахвочым зьняць пабоі наўмысна ўскладнялі задачу — увесь час перакідалі ў іншыя інстанцыі.
Нягледзячы на тое, што пасьля перажытага я літаральна не магла есьці, спаць, займацца звыклымі справамі, я працягвала працаваць у намётавым лягеры ў Жодзіне, дзе пазнаёмілася з высакакляснымі спэцыялістамі з РНПЦ «Кардыялёгія», РНПЦ «Траўматалёгія», з мэдыкамі, якія мелі досьвед працы за мяжой.
Так прайшла рэшта лета: марш, валянтэрства, зноў марш — і так далей.
З пачаткам навучальнага году шчыльны графік — вучоба ва ўнівэрсытэце, навуковая праца і работа на падстанцыі «хуткай» — не дазволіў бываць на маршах кожныя выходныя.
Я ладзіла акцыі сама, у мэдунівэрсытэце. У дзень усеагульнага страйку арганізавала акцыю на знак салідарнасьці з рабочымі-страйкоўцамі, прасьпявалі «Тры чарапахі». Удзельнічала ў сядзячых дэманстрацыях у холе ВНУ, некаторыя зь іх таксама арганізоўвала сама.
У пятніцу 30 кастрычніка з ініцыятывы прарэктара адбыўся «дыялёг» паміж перамоўнай групай студэнтаў і адміністрацыяй унівэрсытэту. Нам прапанавалі аднавіць адлічаных студэнтаў у абмен на поўнае маўчаньне. Сказалі, калі мы не перастанем ладзіць акцыі, яны працягнуць адлічваць студэнтаў за іх грамадзянскую пазыцыю, пасьля чаго ўпершыню прыгразілі перадаць справы актывістаў у Сьледчы камітэт для завядзеньня крымінальных справаў.
У той жа вечар людзі з адміністрацыі ўнівэрсытэту параілі мне «быць больш асьцярожнай і старанна ўзважваць свае рашэньні», бо «ва ўнівэрсытэту канчаецца цярпеньне» і яны «сапраўды гатовыя да сур’ёзных мераў».
І ўжо ў панядзелак 2 лістапада маіх бацькоў тэрмінова выклікалі ў рэктарат. Я хацела прысутнічаць на сходзе, заяўляла пра незаконнасьць недапушчэньня мяне да ўдзелу ў пасяджэньні, на што прарэктар адказаў: «Мы самі вырашым, што законна, а што не».
Адміністрацыя ВНУ прыстрашыла бацькоў: супраць мяне будзе заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу «Экстрэмізм» за зрыў лекцыі ў дзень усеагульнага страйку і за іншыя мірныя акцыі пратэсту. Паставілі ўльтыматум: альбо я змаўкаю назаўсёды і на любую іхную просьбу супрацоўнічаю з адміністрацыяй, дапамагаю ў барацьбе з пратэставымі настроямі, адгаворваю студэнтаў ад акцый і страйкаў, альбо яны накіроўваюць усе матэрыялы, зьвязаныя са мной, у Сьледчы камітэт, і на мяне заводзяць крымінальную справу.
Мае дзеяньні ацанілі не як выказваньне асабістай грамадзянскай пазыцыі, а як меркаваньне, навязанае з-за мяжы. На думку адміністрацыі, у звычайнага студэнта не хапіла б розуму і мужнасьці паводзіць сябе так.
Дарэчы, у верасьні ў БДМУ, як і ў некаторых іншых унівэрсытэтах, зьявілася пасада «прарэктар у бясьпецы». На пытаньне студэнтаў, каго ж ён будзе абараняць, атрымалі адказ: «Усіх нас, і студэнтаў у тым ліку». Аднак абаронца доўгі час пазьбягаў знаёмстваў і не называў сваё імя; яшчэ да ўвядзеньня масачнага рэжыму пастаянна карыстаўся маскай, нацягваючы яе пад самыя вочы.
Нягледзячы ні на што я працягвала ўдзельнічаць у народных маршах. Разам зь іншымі неабыякавымі студэнтамі-мэдыкамі запісала відэазварот. Навучальныя заняткі наведвала па-ранейшаму.
Праўда, пасьля кансультацыі з адвакатам вырашыла зрабіць візу — на ўсялякі выпадак.
У часе падрыхтоўкі дакумэнтаў сталі адбывацца непрыемныя падзеі ў маім асяродзьдзі: затрыманьні, ператрусы, допыты. Для прад’яўленьня крымінальных артыкулаў сталі затрымліваць звычайную моладзь, студэнтаў.
Бацькам сказалі, што мне аб’явілі вымову; далей былі дакладныя, выклікі ў дэканат. Азнаёміцца з дакумэнтамі і атрымаць іх копіі не дазволілі.
За некалькі дзён да выхаду відэазвароту студэнтаў БДМУ я пакінула Беларусь. Рашэньне далося нялёгка. Не магла паверыць, што ўсё гэта адбываецца на самой справе. Першапачаткова не чакала, што хтосьці будзе дапамагаць — зьяжджала «ў нікуды».
Мне не было дзе праходзіць самаізаляцыю, але на мяжы высьветлілася, што ўцекачоў і тых, хто едзе з гуманітарнай візай, могуць бясплатна разьмясьціць у гатэлі. У выніку я праходзіла самаізаляцыю недалёка ад Беластоку: добрыя ўмовы, трохразовае харчаваньне. Затым апынулася ў шэлтары, дзе цяпер чакаю пачатку вучобы.
Шэлтар, «дом часовага побыту», адкрыўся дзякуючы фонду валянтэраў зь Беластоку — беларусаў, якія ў розны час пакінулі краіну з палітычных прычынаў. Заснавальнікі «дома» заўсёды гатовыя дапамагчы, часта прыяжджаюць у госьці. Людзі з усёй Польшчы прывозяць ежу, вопратку, журналісты просяць пра сустрэчы.
Вялікая частка насельнікаў шэлтара — студэнты з падобным лёсам. Мы весела і дружна жывём на адным паверсе, кожны вечар адбываецца нешта незаплянаванае — настольныя гульні, песьні пад гітару. Я атрымала прапанову вучыцца ў Эўропе ў праграме Кaстуся Каліноўскага.
Я абсалютна ні пра што не шкадую. Яшчэ да ўсіх падзей я бачыла вельмі шмат перашкод, каб стаць сапраўды добрым спэцыялістам. А цяпер у Беларусі мара ўсяго жыцьця — стаць лекарам — пагатоў ня можа быць рэалізаваная.
Пляную працягнуць вучобу на мэдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту.
Стала непажаданай сваёй краіне, свайму ўнівэрсытэту — давялося зьехаць, сабраўшы рэчы літаральна за дзень. А цяпер мяне гатовыя прыняць два эўрапейскія мэдычныя ўнівэрсытэты на бясплатнае навучаньне са стыпэндыяй. Так што падобныя пераломныя моманты могуць стаць спружынай для ўзьлёту і ўздыму.
Я зь нецярплівасьцю чакаю вясны, калі ўсе прачнуцца і пачнуць дзейнічаць“.
„Каб закрэсьліць у календары дзень, прачыналіся навыперадкі“
Міхась Мішук, мастак, Менск, затрыманы 15 лістапада:
„Камэра 18 квадратаў, хлопцы палічылі.
Каля дзьвярэй — акно. Матавае шкло з ушытымі ўсярэдзіну мэталічнымі кратамі, перад ім, унутры — сталёвыя краты, за ім — яшчэ адны, за тымі кратамі, што звонку — сталёвыя жалюзі. Такім чынам, чатыры віды пляцёнкі са сталі.
Па баках каля сьценаў па дзьве пары нараў. Паміж нарамі — забэтанаваны стол з лавамі. Паміж сталом і лавай — 10 см. Паміж лавай і нарамі — яшчэ 10 см.
Далей, у напрамку да выхаду — рукамыйнік, невялікая сьценка, францускі туалет (па-сялянску — параша, або дальняк).
На сьцяне каля парашы надпіс абвяшчае «месца для курэньня», вышэй на сьцяне — выцяжка. Курыць было можна нармальным зэкам, гэта відаць, бо сьцены ад папярос усе пажаўцелі. Палітычным залётным курыць нельга, але хтосьці рызыкуе. На сьцяне насупраць — мэталічная паліца.
Далей — выхад. Перад дзьвярыма стаіць «тормаз». «Тормаз» — яшчэ адзін від мэталічных кратаў. Калі дзьверы адчыняюцца з таго боку, з унутранага застаецца «тормаз».
Над выхадам — камэра 360, адкрывае від на ўсе куткі камэры (такая таўталёгія). Надпіс пад камэрай абвяшчае: «Я за вамі назіраю». Гэта работа кагосьці з тых, хто быў тут да гэтага. Яшчэ адна праца ранейшых жыхароў — каляндар. Каб закрэсьліць у ім дзень, прачыналіся навыперадкі.
Над дзьвярыма ў шэраг разьмешчаныя: выцяжка, «луна» + радыё, прыток. У выцяжку паветра выходзіць, з прытоку заходзіць. «Луна» — начны сьвяцільнік. Ён таксама працуе для нармальных зэкаў, для палітычных залётных ён не патрэбен, бо белае дзённае асьвятленьне не выключаюць увогуле.
Каля дзьвярэй кнопка. Надпіс каля кнопкі — «Гарсон». Калі націснуць на кнопку, «гарсон» раве з таго боку, з канца калідора: «ХТО-О?!» — «ВОСЬМАЯ!» — «ШТО-О?!» — «ЧАЛАВЕКУ ДРЭННА, ДАЙ ВУГЛЮ!» Здараецца невялікі імправізаваны дыялёг, каб празь дзьве гадзіны паўтарыцца: «ХТО-О?!» — «ВОСЬМАЯ!» — «ШТО-О?!» — «ДЗЕ, Б..., ВУГАЛЬ?!»
У дзьвярах «кармушка». У яе баландзёр совае баланду. Калі выпадкова праспаць сьняданак, можна атрымаць пяць чарпакоў аўсянкі на падлогу. Большая частка рацыёну складаецца з такога багацьця прадуктаў: аўсяная і ячная каша, бульба, капуста. Плюс хлеб-цагліна, бохан на камэру, і гарбата.
Хлеб-цагліна ня сьвецкі, порысты, а сапраўдная цэгла, бяз пораў. Добры для лепкі пацераў і шахматных фігур. Яго пякуць вязьні. Баландзёр — таксама зэк, часам з баландай падкідвае запалак тым, хто курыць, часам дае больш гарбаты, бо залётныя падзяліліся салам зь перадачы.
Пра тое, што палітычных цяпер шмат, крычаць сьцены, мэбля, нават талеркі з кубкамі: «Жыв Беларусь», «Верым, можам, пераможам», «Лукашэнку ў аўтазак», «Наша возьме», «Жыве вечна». Відаць, што бедных баландзёраў прымушалі з кубкаў надпісы счышчаць мэталічнай шчоткай, ня выйшла.
На Акрэсьціна спачатку сядзелі ўвасьмёх у камэры на чатырох. Стандартнае разьмяшчэньне. Па двое на жалезны ложак безь бялізны. У нашым мястэчку ўрокі аскезы праводзяцца паўсюдна і рэгулярна. Цяпер — практычны занятак. У каго ёсьць досьвед падрыхтоўкі да Вялікага посту, не прападзе.
Першы дзень не кармілі зусім. Не паілі. Другі — хлеб і вада. На трэці да хлеба налілі капуснай вадкасьці, на смак зусім цудоўнай, пры той толькі ўмове, што два папярэднія дні правёў на аскезе; калі не, дык супчык так сабе.
Да супчыку, пасьля судоў у тры патокі, нас заставалася ўжо трое. Апошнім перад абедам сыходзіў малец гадоў дзевятнаццаці, недурны хлопец. Ён быў упэўнены, што атрымае ў крайнім выпадку штраф, бо ён ні ў чым не вінаваты, і так шчыра злаваўся пасьля суду. Накрычаўся і ад злосьці заснуў, а як прачнуўся — паехаў матаць свае 15 сутак.
Засталіся супрацоўнік унівэрсытэту і прадпрымальнік. Прадпрымальнік просты, беларускі, дробнакалібэрны. Супрацоўнік унівэрсытэту — з выгляду батанік, як з карцінкі ў падручніку. Калі зь яго выпала: «Пры ператрусе канфіскавалі зброю» — думалі, здалося. Высьветлілася, хлопец добра страляе зь вінтоўкі, нават іншых навучае.
У скарбонку лёгкіх тэхнічных нязручнасьцяў — у камэры не было туалетнай паперы. Пры такой дыеце яна магла б і не спатрэбіцца, але што рабіць тым, хто перад прыгодамі добра пасьнедаў, не ўдакладнілі. У сераду вертухай прасунуў у кармушку рулён: «Папера трэба? Адмотвай». Прадпрымальнік прагна наматаў, колькі змог, пакуль вертухай ня вырваў рулён з кармушкі. Са здабытага частку пакінулі каля клязэта, другую частку падзялілі на траіх, кожнаму ў кішэню.
Суду над унівэрсытэцкім не дачакаліся, перавялі ў іншую камэру, у другое крыло. Сказалі, на пятнаццаць хвілін, каб лішні раз не карміць. Там папера была. Лёша-прадпрымальнік адмотваў сабе тры разы: адкруціць, рассовае па кішэнях, падумае і яшчэ адкруціць, ці мала што. За двухгадзіннае знаходжаньне ў віп-акамэры налічылі па 17 рублёў за кожнага. Перад этапам Лёша адкруціў яшчэ паперы і сьвіснуў кавалак мыла, гаспадарнік.
У аўтазаку на Жодзіна ехалі ў асноўным свае, плюс чатыры зэкі. Перад адпраўленьнем канваіры зарадзілі пісталеты, каб зэкі ехалі ціха і ня рыпаліся. Хлопцы побач зьбялелі, але неўзабаве ачуліся.
Па дарозе апавядалі, як зь імі ў васьмімясцовай камэры на шаснаццаць чалавек пасяліўся «хатні баксэр». Яму далі пяць сутак. Канваіры, наглядчыкі і іншыя «таварышыначальнікі» яго добра ведалі, бачылі ня першы раз, нават не другі. Ён ім стаў як родны, заходзіў кожны раз, як на п’яную галаву паб’е жонку. Такім часта даюць штраф у плечы, які выплачваецца не з рахунку гаспадарскай весялосьці, а за кошт зімовых ботаў для жонкі, але часам ласкава дораць жонцы пяць сутак на гаеньне сінякоў, і сустракайце барбара дома з катлетамі. Атрымаеце рахунак за пражываньне, які будзе кампэнсаваны са зьберажэньняў на зімовую куртку, а ня з тых, што на чакушку.
У восьмую зайшлі позна ўвечары, у дзень перадач. Перад намі адразу разгарнуліся пакеты. — У каго чаго не хапае, кажы. Трымай майткі, трымай шкарпэткі, табе; на шчотку зубную. Частуйцеся. Тут у нас «абшчак», гэта — адказны за «абшчак», раздае ўсім пароўну.
З «абшчаку» кожнаму ў камэры сабралі яшчэ і экстраны пакет: трохі арэшкаў, каўбасы, сухафруктаў. На выпадак пераводу, каб да людзей з пустымі рукамі не ісьці. А калі перавядуць у адзіночку — каб ад мясцовых далікатэсаў зусім не апухнуць.
Новая кампанія атрымалася такая: два прадпрымальнікі, інжынэр, які абслугоўвае складанае мэдычнае абсталяваньне, супрацоўнік «Эўраопту», мэнэджар на фірме, дзе я прывык закупляцца шрубамі, завадчанін, футбольны трэнэр, настаўнік геаграфіі і адзін беспрацоўны.
Зь беспрацоўным незвычайная гісторыя. Хлопец з інтэлігентнай сям'і, вучыўся ў Коласаўскім ліцэі, але потым яго чагосьці пераклініла (напэўна, яшчэ тады адчуў неадпаведнасьці ў паветры) і ён пайшоў давучвацца ў ПТВ, на майстра нажа і сякеры. З працай не складалася, усюды выганялі за спрэчкі з начальствам, а тут такое не прынята, кар’ерныя лесьвіцы закрытыя для разумнікаў, адкрытыя для сракалізаў.
Адно за адно, клінічная дэпрэсія. Да гэтага лета хлопец два гады не выходзіў з хаты. На руках сьляды. Ежу прыносілі сябры. Усё б, напэўна, так і працягвалася нейкі час, калі б не падзея.
Калі на вуліцы выстраіліся першыя чэргі за кандыдатаў, ён упершыню за два гады выйшаў з хаты, каб пакінуць свой подпіс. І з таго часу стаў выходзіць у сьвет рэгулярна.
Завадчанін, 19-гадовы баўгарын, нагадваў маладога старшыню калгасу — рэзкі, нястрымны і зусім ня кемлівы чалавек. Прасьцей кажучы, даўбень. Дзякуючы яму ў камэры было ўведзена карыснае правіла. Вылаяўся матам — прысяданьне. Хоць вельмі хутка меру стрыманьня давялося зьмяніць: мацюкнуўся — дзесяць прысяданьняў. Ненадоўга, але дапамагала крыху яго суцішыць.
Ён выконваў ролю белага шуму. Пра нешта ўвесь час плявузгаў, выхваляўся, што дзякуючы ягонай кансьпірацыі 007 бацькі нічога не западозраць. Да серады. У наступны дзень перадач заводзкаму балбатуну прыйшоў пакет, ён убачыў прозьвішча на блянку, сеў на лаўку і ўпершыню ненадоўга заткнуўся. А потым ціха: «Ну ўсё, мне гамон». Бацька ў баўгарына таксама аказаўся хатні баксэр.
Футбаліст, наадварот, усю дарогу маўчаў. На дзясятыя суткі я яго зразумеў і замоўк таксама. Усё ж такі апошнія тры дні былі лішнімі; дзесяць сутак — цалкам дастаткова: усё ўбачыў, усё пачуў, атрымаў новы досьвед, пагуляў з пацанамі ў марскі бой, праслухаў ад інжынэра лекцыю пра апарат МРТ, пасядзеў на дыеце з сухога пайку — і дадому. Але заставалася яшчэ трое сутак, іх было вырашана правесьці з затычкамі ў вушах і з тэмпэратурай. З тэмпэратурай гэта футбаліст першы прыдумаў, а за ім і ўсе астатнія захварэлі.
Перад сном і пасьля пад’ёму праз камэры праходзілі начныя і ранішнія перастукваньні. Суседзі лупілі па сьценах для перазоваў, ці ўсе на месцы, і для інфармацыйнага паведамленьня — сьняданак, адбой.
З радыё ўвесь дзень трашчалі панарамныя весткі. Але з інфармацыйнымі катаваньнямі, як і з аскезай, нас вучылі даваць сабе рады яшчэ да. Калі з тарахцелкі выбіваўся віскат правадыра, у ізалятары адкрываліся краны, і вада ў парашу змывала непатрэбныя галасы. Перад тым, як разысьціся па хатах, мы пакінулі ў вязьніцы паказальнік для гэтых галасоў, каб яны без жыхароў не заблукалі. Пэдантычна вырваны з часопіса са сканвордамі, выпрастаны і прылеплены да трубы партрэцік правадыра цяпер азарае парашу ў восьмай.
Пра вертухаяў. У бусе я апынуўся першым, нейкі час ехалі з малойчыкамі па ўраджай. Біў адзін, самы дробны. Падобна на тое, курсант. Удараў сваімі капыткамі, нешта крычаў, астатнія моўчкі заліпалі ў тэлефонах. Дзіўнае адчуваньне — б’юць, а не баліць. Ці то зіма, пухавік, ці то шок. Нават сьмешна, так ён, небарака, стараўся. Калі сабралі ўраджай — малы супакоіўся або стаміўся, больш нікога ня білі.
Каталіся некалькі гадзін. Прыехалі ў РУУС.
Адзін быў адэкватны, усё нібыта разумеў. Такія раздражняюць яшчэ больш. Што ж ты забыў, увесь зь сябе адэкватны, у гэтай яме? Калі ў тыле ворага — пахвальна. Але падобна, проста адседжваеш штанцы — нядобра. Ён ціха спытаў: «Навошта вы працягваеце?» — «Самі ведаеце, навошта» — «Ведаю, толькі думаю, што час ужо сышоў». Час не сышоў, час прыйшоў. Таму і трымаецца годная ўсьмешка і зіхоткі погляд на твары чалавека, які стаіць пад палкамі дзікуна.
У РУУС пазнаёміўся з таксісткай. Забаўная дзеўка, шматдзетная маці. Расказвала, што адзін хлопчык перад паездкай узяў зь яе абяцаньне, што яго даставяць да пункту, абяцанае атрымаў і адразу прызнаўся, што з гэтых, з чорнакашульнікаў. Што зробіш, слова дала, не парушыш; ехаў побач, скардзіўся, маленькі.
Ад дзьвярэй РУУС да дзьвярэй аўтазака хлопцы і дзяўчаты беглі пад «музычнае» суправаджэньне сабачага брэху. Слоў не разабраць, толькі сіпатыя крыкі. За плотам стаяць сваякі з пакункамі, загаварыць з сабакамі пасьля некалькіх няўдалых спробаў больш не спрабуюць. Мерзнуць, слухаюць брэх, пакункі павязуць дадому: не прымаюць шчоткі, майткі, сурвэткі, лекі і ўсё іншае. Абыдуцца.
З жодзінскіх вертухаяў былі таксама з разуменьнем. Яны ўспрымаюцца прасьцей, больш пазытыўна за тых з разуменьнем, мусарскіх. Адзін вывеў на шпацыр, упершыню за тыдзень. Пакуль ішлі па калідорах, коратка пераказаў навіны. Людзі сталі хадзіць дварамі. Бабкі на плошчы зноў далі жару. У Баравой адключылі ваду. Санкцыі, ЧС па хакеі пакуль у падвісоне. Цара выгналі з царквы. Зьлітыя гутаркі прыдворных спадароў. Памочнік намесьніка галоўнага вертухая, здаецца, памёр, толькі гэта пакуль сакрэт.
Адзін амаль ужо перад выхадам даў пакурыць, адчыніў кармушку: «Курцы ёсьць?» — «Ёсьць» — «Колькі?» — «Трое», — прасунуў у кармушку шэсьць цыгарэт, пстрыкнуў запальнічкай, прыкурылі адну і ад яе — астатнія.
«У сярэднім па лякарні» — нічога незвычайнага, нічога, збольшага, цікавага. Вертухаі — людзі спэцыфічныя, але стабільныя ў сваёй спэцыфічнасьці. Калі з табой гавораць, як з быдлам, дык гэта не таму, што ты чымсьці закрануў, пакрыўдзіў, а таму, што іншых зносін яны, на жаль, ня ведаюць. Паміж сабой лаюцца нават часьцей, чым са зьняволенымі, атрымліваюць ад старэйшых па званьні смачных плескачоў і высьпяткаў на пастаяннай аснове, сказы будуюць выключна на выклічніках «блянах…»
На пытаньні адказваюць у адпаведнасьці са сваім, нікому не зразумелым, лягічным кодам.
«Колькі часу?» — «Неўзабаве абед».
«Калі ў душ?» — «Паглядзім».
«Які дзень тыдня?» — «Будны».
«Ці хутка адбой?» — «Уначы».
Схапіў моцных флэшбэкаў зь дзяцінства. Казармы, кірзачы, нечытэльная тупая гаворка, дзіцячыя гульні, «хто мацней прынізіць, той круты пацан», танцы з бубнам перад візытам начальства, нізкапаклонства па правілах харчовага ланцужка. Мама часам брала з сабой на працу. Добра, што аддала на маляваньне, і гэтае жыцьцё ў кірзачах зь дзяцінства здавалася цацачным, несапраўдным. Добра, што сьпіна крывая і кульгавае сэрца, не давялося ісьці добраахвотнікам у пастаноўку бясьпекі. Яно такое і ёсьць, гэтае жыцьцё ў кірзачах (у берцах яшчэ горш), як вельмі бяздарны тэатар. Акторы трымаюцца за свайго бяздарнага кіраўніка, ведаюць, што любы іншы кіраўнік пазбавіўся б ад бяздарных, адпаведна яму, актораў у першы ж дзень.
На выхадзе з ізалятара адзін вертухай усё пакепліваў, круціўся-вярцеўся, сьлінкі з мацюкамі пырскаў у паветра: «Шо, пойдзеце яшчэ гуляць, эць? Э, шо, каму гавару? Пойдзеце?!» Ніхто яму не адказваў. Трошкі яшчэ паскакаў, павыступаў і заткнуўся нарэшце.
Па калідорах да дзьвярэй прайшлі праз два пункты пропуску. Умоўныя пункты, тэатральныя. Стол; за сталом грамадзянка жаночага полу, маладая, гадоў 25, але дадае сабе зь дзясятак гадоў саўгасным манікюрам і манерай фарбавацца. Праходзіш міма яе, у вуха ляціць нахабны аўтапілётны голас, як з бартавога кампутара, агучанага стомленай савецкай прадавачкай з унівэрмага: «Прозьвішча, імя!», «Год нараджэньня!», «Праходзьце!».
Вось дык работка, бл… Усё жыцьцё, відаць, марыла.
Вярнулі матузкі. З РУУС засталося вярнуць астатняе.
Задушыў спакусу кожнага мусарочка расцалаваць і высмаркацца кожнаму ў камізэльку ў падзяку за падсаджаны знарок, карпатлівай працай, пастаянным тасаваньнем прыбылых каранавірус. Ды што там, людзі няшчасныя, будзьце здаровыя. Займеў спакусу кожнаму, у свой час, запатрабаваць экзальтавана беражлівых адносін. Хай убачаць, як бывае. Сабака, як той казаў, бывае кусьлівай толькі ад сабачага жыцьця.
Без даведкі аб аплаце пражываньня і швэдзкага стала ў жодзінскім «санаторыі» вярнуць рэчы адмовіліся. Давялося вяртацца.
Сустрэў сьведку з суду. Таго, які прадставіўся паручнікам Ржэўскім і пахваліў за «асаблівы погляд». Пазнаў мяне, хлусок, і я яго пазнаў. Па пагонах аказаўся ўсяго толькі падпаручнік. А без балаклавы падпаручнік выглядае яшчэ больш нязначна, чым у ёй. Засаромеўся, замітусіўся, апусьціў галаву ў лінолеўм і патупаў далей па кабінэціках.
Падышоў да мясцовага сакратара, папрасіў убачыць дакумэнты пра затрыманьне.
«Вам навошта?» — «Хачу запомніць прозьвішчы». Праз кароткую няёмкую паўзу: «Добра, зараз прынясу дакумэнты. А ў Літву потым паедзеце?» — «Ну не, яшчэ тут пажывём».
Эпілёг. Пра бяздарнасьці пісаць нецікава і зусім няма чаго. Пісаць цікава і хочацца пра людзей душэўных, нашых, сапраўдных. Таму фінал гісторыі такі, якім ён павінен быць — у руках нашых, душэўных, сапраўдных.
Празь месяц вярнуўся на тое месца, зь якога забралі. Па ровар. Ён стаяў там, чакаў, беражліва захутаны, каб не замёрз і ня змок, у цэляфан. Людзі паклапаціліся. Глядзеў на велік, як дурань, ледзь ня плакаў.
Павыбягалі жанчыны з суседніх крамаў, абступілі:
— Хлопец, ты як? Як здароўе? Мы твой велік сфатаграфавалі, па ўсіх чатах-групах выслалі. Ніхто не прыходзіў. Ты чаму так доўга? Усё ў парадку? Дзякуй Богу, вярнуўся.
Вось яны якія, сапраўдныя беларусы.
Родныя, кранальныя, найлепшыя, нашы.
Жыве!“
„Мне да галавы прыставілі пісталет“
Крысьціна, байкерка, Менск:
„Увечары 11 жніўня мы зь сябрамі пад’ехалі да «Макдональдса» ва Ўруччы, але ён быў зачынены. Тады вырашылі разьвярнуцца ў раёне станцыі мэтро, паехалі папіць кавы каля ГЦ «Спэктар». Рух ня быў перакрыты, машына ДАІ з выключаным сьвятлом стаяла на ўздыме за прыпынкам. Мы выехалі, сталі набіраць хуткасьць, бо там дарога ідзе ўгору. Раптам у аўтамабілі ўключаецца «люстра» і ён выяжджае нам напярэймы. Я ехала другой, а хлопец наперадзе ледзь не ўпісаўся ў машыну. Але ўсе пасьпелі спыніцца.
Мы ня ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Чаму нас спынілі, мы ня ведаем.
З машыны, якая нас спыніла, выскачылі два чалавекі: адзін з дубінкай, другі — зь пісталетам. А я хацела дакумэнты даставаць, думала, можа, звычайная праверка. Дакумэнты не спатрэбіліся, нам адразу пачалі крычаць: «Зьлезьлі з матацыклаў! Мордай у зямлю!». Хлопцаў скінулі з байкаў, я хутка сама зьлезла. І пачаўся гэты кашмар. Адну дзяўчыну за тое, што яна спытала ў гэтых людзей, хто яны, папрасіла прадставіцца, ударылі дубінкай па касцы. Хлопцаў білі. Мне да галавы прыставілі пісталет.
Ніякіх бэджаў ні ў кога зь іх не было, ніхто не прадстаўляўся. Але, хутчэй за ўсё, там былі ня толькі супрацоўнікі ДАІ, але і АМАПу таксама. Урэшце туды пад’ехалі шэсьць экіпажаў, але мяне ў службовай машыне везьлі якраз тыя людзі, якія першымі нас спынілі. Надзелі кайданкі, пасадзілі на задняе сядзеньне. За рулём быў той чалавек, які падчас затрыманьня быў зь пісталетам. І ён пытаўся дарогу да Першамайскага РУУС — ня ведаў, як праехаць. Мне здаецца гэта дзіўным: наўрад ці супрацоўнік ДАІ ня ведае, як праехаць у РУУС. Ды і гаворка ў яго не як у інспэктараў. Таму я думаю, што яны былі не з ДАІ, ДАІшнікі не такія.
Нас было шасьцёра матацыклістаў, тры хлопцы і тры дзяўчыны. Матацыклы засталіся проста на дарозе. Іх забралі нашы сябры пасьля таго, як нам дазволілі зрабіць тэлефонны званок з РУУС.
У РУУС былі некалькі чалавек нармальных. А астатнія... Хлопцаў там у кабінэтах білі. Нас зьмясьцілі ў «малпоўню» спачатку, але потым усіх перавялі ў спартзалю. Хлопцаў там то на калені ставілі, яны маглі дзьве гадзіны так стаяць, а то загадвалі пакласьці рукі за сьпіну. Калі нешта было ня так — а там было пару чалавек, якім заўсёды нешта не падабалася, — падыходзілі, маглі нагой па твары ўдарыць або па нырках.
Нас забралі а 21:30, і дзесьці да паўдня 12 жніўня мы прабылі ў РУУС. Потым усіх перавезьлі на Акрэсьціна.
Допытаў як такіх не было. Пыталіся, маўляў, чаго ў мітынгу ўдзельнічалі. Мы адказвалі, што нічога такога не рабілі, але ніхто ня слухаў. Там тваё слова наогул нічога ня вартае, нікога не цікавіць. Сяброўку пабілі: у яе ўсе ногі пабітыя, плюс пры затрыманьні яе ўдарылі дубінкай па касцы. Хлопцаў білі, яны таксама пабітыя. У мяне асабліва няма сінякоў, толькі раз на Акрэсьціна жанчына па нагах ударыла.
Жанчыны там таксама працуюць. Яны не пытаюцца; калі што — адразу без разбору б’юць дубінкай па нагах. Проста жанчыны зь пекла нейкага, я ня ведаю, як гэта апісаць“.
Алена, сяброўка Крысьціны:
„Мы з Максімам ехалі ў канцы, і я не адразу зразумела, што наогул адбываецца. Падумала, што, як заўсёды, хочуць праверыць дакумэнты. Але супрацоўнікі з самага пачатку сталі паводзіць сябе агрэсіўна, выхоплівалі ключы ад матацыклаў — мне адразу гэта не спадабалася. Але я ні слова не пасьпела сказаць, бо пачула крыкі: «На калені!» Дзяўчынкі сталі на калені, я таксама. Потым падбег мужчына ў форме супрацоўніка ДАІ і стаў біць майго сябра па сьпіне. Я сяджу, не разумею, што адбываецца. Кажу: «Ня біце яго». Я думала, яны пачулі, што я дзяўчына, хоць я была ў шлеме зь візарам. І тут мне з усёй сілы ўдарылі дубінкай па шлеме — так, што нават візар адламаўся. Уявіце, гэта адмысловыя шлемы, у іх візары нават пры аварыі не адломваюцца, хіба што адлятаюць у некаторых выпадках пры дэфармацыі шлема. А тут гэты палімэрны плястык пераламаўся — гэта якой была сіла ўдару?
Пасьля гэтага кружылася галава, было млосна. Можа быць, у мяне было страсеньне, але нікому не было да гэтага справы. Цяпер я спрабую зафіксаваць пабіцьцё. Але гэта таксама квэст: цяпер экспэрты здымаюць пабоі толькі з пастановай міліцыі. Раней быццам былі платныя паслугі, але цяпер іх адмянілі праз каранавірус.
У РУУС мяне везьлі ў міліцэйскім аўтамабілі верхам на іншым чалавеку. Спачатку туды зацягнулі Вадзіма, прычым не пасадзілі на сядзеньне, а «спакавалі» тварам у падлогу. А мяне запхнулі наверх: і вось так мы ехалі, як дровы. Я прасіла іх прадставіцца, але мне адказалі: «Пытаньні тут задаеш ня ты».
У спартзалі РУУС сядзець можна было на каленях, рукі за сьпіну, апусьціцца як мага ніжэй і глядзець у падлогу. Білі ў асноўным па нагах, але ў мяне там рыштунак. Сінякі засталіся толькі на сьцёгнах, бо там няма ахоўных элемэнтаў. Хлопцаў нашых білі, мяне ўдарылі, але хтосьці з нашых заступіўся, маўляў, ня біце яе. Толькі тады яны апамяталіся, што я дзяўчына. Зь мяне пачалі сьцягваць шлем. Вельмі доўга яго зьдзіралі, я прасіла: «Зашпільку расшпіліце, калі ласка». Толькі потым разабраліся нарэшце.
Пасьля ўсяго гэтага падышоў супрацоўнік, сеў на крэселка, а я сядзела на каленях. Ён спытаў прозьвішча, імя, імя па бацьку. Я папрасіла яго прадставіцца ўсё ж такі. У гэты момант падскочыў нехта ззаду і з усёй сілы выцяў мне дубінкай па назе. Пасьля гэтага супрацоўнік перапытаў: «Пытаньні яшчэ ёсьць?» Я сказала: «Не».
Далі мне нейкую паперу пра тое, што ўдзельнічала ў мітынгу, выкрыквала лёзунгі. Прычына нашага затрыманьня названая не была. Глядзіце самі: мы разварочваліся пад мостам, усе былі ў шлемах, некаторыя матацыклы з праматокамі: як іх можна перакрычаць, што за лёзунгі, што за мітынгі? Я ўсё гэта спрабавала растлумачыць, напісала, што ня згодная, паказала, што пабілі. Пасьля гэтага нас завялі на вобшук, папрасілі разьдзецца, абшукалі ўсе, абмацалі камбінэзон. У каго быў абутак з матузкамі — матузкі забралі. І адвялі ў камэру, дзе мы правялі некалькі гадзін.
Нам ніхто не прадстаўляўся, але, наколькі я зразумела з размоваў, у ліку тых, хто нас ахоўваў там, былі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Яны таксама былі ў масках, у бронекамізэльках. І ўсё ж гэта былі самыя адэкватныя хлопцы, якія з затрыманымі абыходзіліся ветліва, па-людзку. Да іх можна было зьвярнуцца, задаць нейкія пытаньні. Нават калі яны не адказвалі, то прынамсі не хамілі. Ім за гэта хачу выказаць падзяку. Многія іншыя паводзілі сябе агідна: білі хлопцаў, абражалі, зьдзекаваліся, папросту кажучы.
Нас пагрузілі ў аўтазак, як быдла. Шлемы пакідалі на падлогу, дарагія шлемы качаліся там, нашы рэчы шпурлялі. Прывезьлі на Акрэсьціна, паставілі тварам да сьцяны — так мы стаялі некалькі гадзін. Гэта таксама катаваньне: стаяць, глядзець у сьцяну, паварочвацца нельга. Толькі потым нам дазволілі прысесьці. Хлопцам — у той жа паставе: на каленях, тварам да сьцяны. На Акрэсьціна таксама быццам дзьве розныя структуры працуюць: адны адэкватныя, другія не.
Там былі дзьве дзяўчыны: адна адэкватная, ну а другая — самі разумееце. Мяне распранулі, чамусьці хацелі забраць куртку ад камбінэзона, але мужчыны з аховы дазволілі яе пакінуць — і дзякуй ім за гэта вялікі. Толькі потым мне далі мэдыка. Але ня з хуткай дапамогі (яны якраз нармальныя), а таго, што там у іх працуе. Мне трапілася нейкая ўгневаная жанчына, якая казала, што праз нас чацьвёртыя суткі ўжо працуе. Гематомы яе не цікавілі, я казала пра страсаньне мозгу, але на гэта ніяк не адрэагавалі, толькі накрычалі.
Нас адвялі ў прагулачную камэру пад адкрытым небам. Бэтонныя сьцены, падлога і дзірка ў ёй у якасьці туалету. Наступіла ноч. Бяз курткі было б зусім холадна нават стаяць, а сесьці на падлогу было проста немагчыма. Да нас прывялі яшчэ, напэўна, дваццаць затрыманых дзяўчат: хто ў шортах, хто ў джынсах з кофтачкай. Гэта рэальна катаваньне. Спаць альбо стоячы, таму што на падлозе холадна, альбо ня спаць — скакаць, бегаць, каб сагрэцца. Мы здымалі абутак і сядалі на яго, каб крыху адпачыць.
Адпусьцілі пад 4 гадзіны раніцы. Ня ўсіх, а толькі тых, хто ўжо пабываў у Першамайскім РУУС.
Цяпер у сувязі з атрыманьнем цялесных пашкоджаньняў я пішу заяву для разбору з нагоды незаконнага затрыманьня і наогул правамернасьці дзеяньняў супрацоўнікаў. Начальнік Бараўлянскага аддзелу міліцыі аказаўся вельмі пісьменным і ветлівым чалавекам. Ён патлумачыў мне альгарытм дзеяньняў, я яго і прытрымліваюся. Цяпер еду ў Першамайскі аддзел Сьледчага камітэту“.
Крысьціна:
„Нас адпусьцілі празь дзень ці крыху больш. Усіх, за выключэньнем аднаго хлопца, над якім адбыўся суд і якога накіравалі затым у Жодзіна. Нам далі нешта накшталт папярэджаньняў, сказалі падпісаць.
У жніўні мы падалі заяву. Увесь гэты час і з пракуратуры, і са Сьледчага камітэту прыходзілі толькі адпіскі, што тэрмін правядзеньня праверкі падоўжаны альбо што матэрыялы кудысьці перанакіраваныя. Так падаўжалі на месяц, потым яшчэ на месяц — і ніякага канкрэтнага выніку. Нас больш ніхто нікуды не выклікаў, быў толькі той раз, калі мы ўласна і давалі паказаньні. Пры гэтым мы пастаянна застаёмся на сувязі: але ні званка, ні чагосьці яшчэ. Мне тэлефанавалі толькі сьведкі, усяго чалавек дваццаць.
Мы шукаем адваката для таго, каб той мог азнаёміцца з ходам праверкі. Патрэбен хтосьці, хто змог хаця б трапіць у СК і паглядзець, што з нашымі заявамі. Адвакат мае на гэта права, а мы не.
Днямі я атрымала чарговую пастанову са Сьледчага камітэту: з 2 лістапада праверка прыпыненая да атрыманьня заключэньня відэафонаскапічнай экспэртызы. Тэрміны аднаўленьня праверкі не пазначаныя, але заяўнікам прапанавана абскардзіць гэтую пастанову ў начальніка Першамайскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту ці ў пракурора Першамайскага раёну.
Мы ня ведаем, як дзейнічаць. Сядзім усе тры месяцы і проста чакаем каля мора пагоды. Я ня ведаю, што рабіць, але я вельмі не хачу, каб гэтая гісторыя папросту замялася. Гэта беззаконьне, гэта проста нейкі жах“.
„Я зачынены ў клетцы тыгр“
Дзяніс Іскорцаў, спэцыяліст у псыхалёгіі камандных працэсаў:
„Я мужчына, і мне 45, або 50, а можа, 55 ці нават 70.
Я зачынены ў клетцы тыгр.
Я моцны, але я ўжо перажыў апэрацыю і ведаю, што здароўе не бясконцае.
Я кажу: «Сам пайду, не ўцяку» — і заходжу ў аўтазак.
Я памятаю, што з калецтвам мне трэба будзе жыць і спраўляцца самому.
Я гляджу ў вочы 20-гадоваму патрульнаму, і ён іх адводзіць.
Я ўздрыгваю ад нечаканых званкоў у дамафон, але спакойна размаўляю са сьледчым.
Я злуюся на пытаньні блізкіх «Ты дзе?», «Куды ідзеш?», «Ці ты пойдзеш?», «Ці ты вернесься?». Але не магу сказаць: «Я цябе таксама люблю і перажываю за цябе».
Я жудасна хвалююся за дарослых дзяцей, але толькі пішу ў агульны чат: «Мы дома, а вы як?»
Я знаходжу падстрахоўку на выпадак затрыманьня, каб вазіць прадукты дзевяностагадовай бабулі.
Я ня ўсё расказваю жонцы, засьцерагаючы яе ад стрэсу. І, здаецца, яна гэта разумее.
Я раблю пазыкі, каб, нягледзячы на памерлы бізнэс, адправіць дачку на вучобу.
Я пішу гнеўны пост і сьціраю яго, бо ў мяне 80 супрацоўнікаў і ў нас ужо быў МНС.
Я здымаю сьцяг, бо маленькія дзеці пэрыядычна застаюцца адны дома.
Я выходжу на нядзельны шпацыр, беручы з сабой лазьневую торбу і два венікі.
Я злуюся на сына. Шукаю яму адваката. І захапляюся яго адвагай.
Я тлумачу сябрам затрыманага, як яго шукаць і што рабіць.
Я распакоўваю цукеркі, наразаю каўбасу, выбіраю пракладкі, каб адвезьці перадачу жонцы.
Я еду ў ачэплены раён, углядаюся ў мінакоў і вывожу людзей у бясьпечнае месца.
Я чакаю суду. Мне пашанцавала з адвакатам і ня надта старанным супрацоўнікам РУУС, але цяпер замест пэўнасьці 12 сутак у Жодзіна ў мяне 57 дзён чаканьня і надзеі.
Я развожу ежу па 6 адрасах ковідных сяброў.
Я адпраўляюся ў Баранавічы сустракаць з турмы калегу.
Я веру ў перамогу, і злуюся на тых, хто гаворыць, што здаецца і траціць сэнс.
Я туплю ў тэлефон, адкладаючы справы, і зрываю тэрміны.
Я дзейнічаю, дапамагаю, клапачуся пра іншых. Але мне складана клапаціцца пра сябе.
Я разумею, што я не ў парадку. Але гэта ж нармальна. Мне цяжка назваць, што не ў парадку. Але я рызыкую гаварыць пра адчай і бясьсільле.
Я выяўляю ў сабе незнаёмую жывёльную злосьць і агрэсію, хоць у 13 зьбег зь першых спаборніцтваў па боксе.
Я выбіраю не зьяжджаць, бо тут мой дом, хоць здаецца, што там больш бясьпечна.
Я паважаю свой страх і хваляваньне перад выхадам на шпацыр.
Я ўбачыў сэнс жыцьця, хоць пару гадоў таму здавалася, што я яго страціў.
Я зачынены ў клетцы тыгр.
***
Вобраз зборны.
Супадзеньні магчымыя, але не абавязковыя.
Так гавораць кліенты на сэсіях, расказваюць сябры, бачу і пражываю сам“.
„Усё значна горш, чым ты мог сабе ўявіць“
Вольга Хіжынкова, Міс Беларусь – 2008:
„Сонечныя дні ў турме былі самымі складанымі. Шэрасьць неяк можна ператрываць, а калі столькі сьвятла... Адразу ўяўляеш сабе, як бацькі выходзяць з хаты, сядаюць на ганак разам з нашым сабакам — старэнькай Мартай – і жмурацца на сонца... Гэта цяжка.
Як толькі ўбачыла вочы блізкіх і пераступіла парог хаты, здалося, быццам скончыўся страшны сон і гэтых 42 дзён зьняволеньня не было. Але яны былі: поўныя самымі рознымі людзьмі, кнігамі і разважаньнямі.
Ці зьмянілася нешта ўва мне пасьля затрыманьня? У галоўным — не. Бо каштоўнасьці, якія я падтрымлівала раніцай 8 лістапада, застаюцца для мяне актуальнымі і сёньня.
Вядома, уявіць загадзя, як ты будзеш паводзіць сябе ў падобных абставінах, немагчыма. Нам уласьціва прыпісваць сабе пэўныя рысы характару і спадзявацца, што, незалежна ад абставін, ты будзеш паводзіць сябе годна. Але папраўдзе абсалютна кожны, я ўпэўнена ў гэтым, можа трапіць у сытуацыю, якая прымусіць адступіцца ад сваіх прынцыпаў.
Мне пашчасьціла — я засталася ім верная.
Каб хаця б паспрабаваць прымусіць чалавека адмовіцца ад сваіх поглядаў, перайсьці на другі бок, яму трэба паказаць нейкі стваральны і паказальны прыклад.
Уявім раптам, што я, апынуўшыся ў ЦІП на Акрэсьціна, на свае вочы ўбачыла, што ўсе нормы ўтрыманьня людзей у турме выконваюцца. Што супрацоўнікі размаўляюць з табой па-чалавечы — я ні ў якім разе не гавару пра нейкае «эксклюзіўнае» стаўленьне, выключна пра мінімальную этыку.
Дык вось, калі б усё было так, я б, магчыма, засумнявалася: «Ну ўсё ня так ужо дрэнна... Можа быць, жахі перабольшаныя?»
Але ў рэальнасьці ты бачыш, што ўсё значна горш, чым ты мог сабе ўявіць. І гэта толькі ўмацоўвае цябе ў тваіх перакананьнях. Калі мэта — яшчэ мацней настроіць людзей супраць сябе, што ж, гэта слушны шлях.
На маршы я выходзіла раз за разам хутчэй ад таго, што ёсьць нешта большае, чым страх. Я ж якраз восьмага лістапада і не хацела ісьці. Прачнулася, паглядзела ў вакно — было пахмурна — і адчула, што хачу застацца дома. Што сілаў больш няма. Але адкрыла стужку, пачытала навіны... І зразумела, што павінна выйсьці.
Пагатоў давайце ўдумаемся ў саму пастаноўку пытаньня: ці магу я выйсьці з дому, ці не? Яна больш чым дзіўная.
Бо я цалкам адэкватны чалавек, які не зьбіраецца рабіць ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў. Дык чаму ж я павінна баяцца прагулкі па сваім горадзе? Няўжо гэта ўсё, да чаго мы прыйшлі за гады сувэрэнітэту?
Да таго, што чалавек, які апынуўся ў цэнтры гораду па нядзелях — парушальнік закону.
І што нам рабіць, калі гэта адзіна магчымы шлях волевыяўленьня ў сытуацыі, калі свабоды і правы асобы абясцэненыя?.. Іншых варыянтаў выказаць свой пункт гледжаньня не было, а я не магу сябе паважаць, калі маўчу. Я ня маю згоды сама з сабой, калі сяджу як мыш пад венікам.
Калі б я ведала наперад, праз што давядзецца прайсьці, я б зрабіла тое самае. Я была да гэтага гатовая. Неразумна публікаваць фатаздымкі зь нядзельных прагулак у адкрытым доступе і спадзявацца, што з табой гэтага ня здарыцца.
Мне нават пісалі пару разоў: «Оля, некалькі новых падпісчыкаў і твая згадка ў СМІ ня вартыя таго, каб рызыкаваць сваёй бясьпекай». Але ж я рабіла гэта не дзеля новых падпісчыкаў і згадак у СМІ.
Кожны мой пост, кожны мой выхад быў надзеяй на тое, што мяне пачуе хоць адзін чалавек, ад якога нешта залежыць. Што дзякуючы майму голасу, які гучыць сярод многіх іншых, нешта можа зьмяніцца. Я разумею, што гэта гучыць наіўна, але раптам?.. Прынамсі, я буду ведаць, што зрабіла тое, што ад мяне залежала. Я ж ніколі не заклікала да беспарадкаў — толькі да дыялёгу. Мне няма чаго саромецца і няма пра што шкадаваць.
Напэўна, я шчасьлівы чалавек, бо, знаходзячыся ў турме, зразумела, што на волі ўсё рабіла правільна — прынамсі, паводле маёй шкалы каштоўнасьцяў. Займалася тым, што для мяне сапраўды важна. Была з тымі, каго і праўда люблю.
Адзінае, чым дакарала сябе, — што ў гэтай сытуацыі не падумала пра бацькоў, пра Ваню і пра жывёлаў пад маёй апекай. Мучылася ад таго, што ўсе цяжкасьці, якія мы раней дзялілі на дваіх, зваляцца цяпер на плечы майго мужа.
Хоць, калі шчыра, нават у той момант, калі думала пра гэта, я разумела, што ўсё роўна б не змагла па-іншаму. І што мае блізкія ведаюць гэта.
Ніхто з маіх родных людзей ні ў чым не папракнуў мяне. Бацькі цалкам на маім баку. Кажуць, што трэба трымаць сьпіну і заставацца вернай сваім перакананьням.
Тата, дарэчы, раней не без раздражненьня мог сказаць: «Ну што вы ўсё ходзіце і ходзіце? Навошта ўсё гэта?». Або так разважаў: «Так, ты, вядома, добрая. Ты нічога дрэннага зрабіць ня можаш. Але адкуль ты ведаеш, што там на другім баку натоўпу? Затрымліваюць толькі тых, хто буяніць».
Калі мяне арыштавалі, тату давялося сёе-тое пераасэнсаваць. Інакш давялося б прызнаць, што ягоная дачка дэбашырка.
Дарэчы, пра дэбашыра. За больш як месяц адседкі маімі суседкамі ў камэры станавіліся самыя розныя жанчыны. Калейдаскоп лёсаў такі, што пры жаданьні можна выпусьціць зборнік апавяданьняў у духу майго ўлюбёнага Даўлатава.
Першыя два тыдні я знаходзілася ў кампаніі жанчын, якія сядзелі не паводле майго артыкулу. У асноўным іх забралі за расьпіцьцё сьпіртных напояў і задзірлівыя паводзіны ў грамадзкіх месцах. Усе яны былі вельмі дабрадушнымі і бяскрыўднымі людзьмі. Проста ў нейкі момант абставіны аказаліся мацнейшымі за іх.
Мяне асабліва ўразіла Валянціна Ўладзімераўна — усіх, хто старэйшы за мяне, я называла па бацьку.
Валянціна займалася лёгкай атлетыкай, была чэмпіёнкай вобласьці, езьдзіла на міжнародныя спаборніцтвы. Атрымала вышэйшую адукацыю ў Рызе, працавала ў банкаўскай сфэры, 10 гадоў была юрысконсультам.
А потым у яе жыцьці здарыўся нейкі надлом, пачаліся праблемы з алькаголем... Цяпер яна рэгулярна трапляе ў турму. У гэты раз яна ўцякала ад п'янога мужа — так і апынулася на вакзале, адкуль яе забралі. Кажа: «Лёгкая атлетыка мне вельмі спатрэбілася — мой жа ніколі мяне дагнаць ня можа».
Спачатку ў камэры ў яе здарыўся прыступ эпілепсіі, потым — белай гарачкі. Гэта доўжылася пяць дзён. А пасьля яна стала інтэлігентнай, вельмі добрай жанчынай.
У яе, дарэчы, ёсьць два сабачкі. Я вельмі за іх перажываю. Думаю, можа, трэба зьезьдзіць туды, праверыць, што зь імі…
Яшчэ адна мая кампаньёнка, якая прывяла з сабой у камэру «хатніх гадаванцаў» (вошай), — Ала Ільлінічна.
Некалькі гадоў таму ў яе загінуў муж — няшчасны выпадак: быў зваршчыкам, зваліўся з вышыні. Потым дачка нейкім чынам, я ўжо не разьбіралася ў гэтых сямейных цяжкасьцях, выцесьніла яе з кватэры. І Ала Ільлінічна пачала бадзяцца. Яна курсуе паміж Камароўкай і вакзалам, сьпіць каля цеплатрас — гэта ўсё яе жыцьцё.
У трэцяй маёй суседкі і цёзкі іншы маршрут: дом — праца. Здаецца, цалкам сабе нармальны варыянт. Але пераадолець гэтую адлегласьць для Вольгі — сапраўдны квэст. Бо ў дарозе яе знаходзяць прыгоды. Кажа: «Дакладна памятаю, што ехала на працу, а прачнулася на Акрэсьціна і ў сіняках».
Яна пазбаўленая бацькоўскіх правоў — дачка жыве зь сястрой. Сястру мая суседка па камэры лічыць у гэтым вінаватай. Ды ўсе вакол вінаватыя: не разумеюць яе, несправядлівыя да яе, не дапамаглі. А розум у яе працуе, жартуе вельмі сьмешна! Шкада чалавека. Я кажу: «Воля, трэба проста перастаць піць. Паспрабуй! Ты ўжо 15 дзён пратрымалася». «Не, — кажа, — я занадта люблю піва, з гэтым нічога нельга зрабіць».
Гэты сьвет існуе як быццам паралельна нашаму. Мы не заўважаем гэтых людзей у паўсядзённым жыцьці, а яны — нас. Напрыклад, мае сукамэрніцы ня ведалі пра тое, што адбываецца ў краіне. «Як? Проста так забіраюць і садзяць?». Яны былі шакаваныя і абураныя.
У цэлым мы нядрэнна ладзілі. І я не зусім разумею, якой рэакцыі ад мяне чакалі, калі падсялялі іх да мяне. Што я пачну крычаць: «Ды вы ведаеце, хто я такая?» і патрабаваць накрухмаленыя прасьціны? Гэта зусім не ў маёй натуры.
Я адразу зразумела, што патрэбны самакантроль і сацыяльная дыстанцыя, інакш гадаванцы неўзабаве зьявяцца і ў мяне. Бясконца мыла рукі і, па магчымасьці, працірала паверхні ў камэры. Як магла, дапамагала суседкам. Дзялілася бялізнай, спрабавала памыць ім галовы. Вельмі хацела апрацаваць іх ад вошай, але нам не перадалі гэтых сродкаў.
Я куды больш баялася прыпадобніцца не да маіх суседак у камэры, а да тых, хто прыдумляе такія «выхаваўчыя мэтады». Спадзяюся, ніякія жыцьцёвыя абставіны ня зробяць мяне чалавекам з такім мысьленьнем.
А што тычыцца гэтых глыбока няшчасных жанчын... Я ж вясковая жыхарка па сутнасьці сваёй. Мяне складана чымсьці спалохаць і шакаваць. Я не тэарэтычна, а на практыцы знаёмая з прадстаўнікамі ўсіх сацыяльных слаёў.
Па дарозе ў Жодзіна я пазнаёмілася з ашаламляльнай зладзюжкай. Яна зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражаньне: бо першае, што я ўбачыла ў яе руках — пакет з шакалядкамі. Я, як чалавек, у якога з вугляводамі асаблівыя адносіны, адразу зірнула на гэтую жанчыну ўхвальна.
Аказалася, што мая суседка падкрадае — ня тое каб на продаж, а для душы. Напрыклад, дваццаць шакалядак і бляшанку кавы яна ўзяла для сябе. Хацела піцьцём кавы прыемнасьць сабе зрабіць.
Самае неймавернае (хоць, з другога боку, чалавек — спэцыяліст усё ж такі): яна ўмудрылася гэтыя шакалядкі так прыхаваць, што іх не знайшлі пры надглядзе. Толькі каву забралі, а ўсё гэтае багацьце яна прыцягнула ў камэру. Ела там гэтыя шакалядкі ва ўсю моц. Ну і дзялілася, вядома, таксама.
«Мне дрэнна, — кажа. — Я ўжо глядзець на іх не магу. Вось бы супчыку цяпер ці кашы».
Але самай сьмешнай была яе рэакцыя на прыезд у жодзінскую турму. Акінуўшы яе позіркам, яна рэзюмавала: «Магчыма, тут нас расстраляюць».
Але ў некаторых сытуацыях пачуцьцё гумару не ратавала. Я чула, як праходзілі судовыя слуханьні, і тры гісторыі запомніліся, напэўна, назаўсёды.
Першая гісторыя — пра мужчыну, які з торцікам у руках ішоў у госьці да сваіх састарэлых бацькоў. Яны на самаізаляцыі сядзелі, засумавалі па сыну. Яму далі «суткі» — ня памятаю, праўда, колькі.
Другая — пра глухаватага дзядка, які ехаў на выставу прадуктаў пчалярства. Ён увесь час перапытваў, недачуваючы і не разумеючы, у чым яго вінавацяць. І ўсё спрабаваў растлумачыць, што на лецішчы ў яго пчальнік, расказваў, што для пчальніка гэтага трэба было купіць. Таксама прысудзілі «суткі», 12 ці 13.
Трэцяя гісторыя самая невыносная. Мужчына, як ён казаў, ішоў з царквы — некалькі дзён таму ў яго памёр сын. Хацеў памаліцца і паставіць сьвечку. Гэты мужчына назваў прозьвішча сына і нумар лякарні, заклікаў патэлефанаваць і праверыць гэты факт. Ён казаў: «Якое масавае мерапрыемства? Мне да яго справы няма. У мяне ў душы нічога, акрамя болю, не засталося. Я страціў сына. У мяне баліць сэрца».
Я ня бачыла яго твару, але ў голасе было столькі адчаю. Яму далі 15 сутак. У мяне ўсё ўнутры абарвалася. Нават седзячы там, я ўсё роўна ня верыла ў тое, што такое можа быць.
Інфармацыйны голад быў мацнейшы за фізычны. Здаецца, я б абмяняла магчымасьць атрымліваць перадачу на ліст — хоць бы адзін на тыдзень. Магчыма, таму мяне гэтых лістоў пазбавілі цалкам.
Мучыў моцны страх, што дома нешта здарылася, а я пра гэта ня ведаю. У турме я ўпершыню зразумела, што такое панічныя атакі — яны былі зьвязаныя менавіта з думкамі пра бацькоў, жывёлаў і сяброў.
Даведацца пра тое, што адбываецца дома, я не магла, але сякія-такія навіны з жыцьця краіны ўсё ж прыходзілі — ад дзяўчат, якіх да мяне падсаджвалі. Напэўна, самай цяжкай зь іх стала сьмерць Рамана Бандарэнкі.
Я пачала здагадвацца пра тое, што здарылася нешта непапраўнае, калі слухала працэс, які праходзіў у калідоры. Малады чалавек сказаў: «Я знаходзіўся ў горадзе, каб ушанаваць памяць Рамана». Я пачала ўспамінаць, як завуць загінулых... Тарайкоўскі быў Аляксандрам. Ды і месца не супадае — хлопец сапраўды гаварыў не пра «Пушкінскую».
Тады зарадзілася падазрэньне, што адбылося страшнае, што ў нас новая ахвяра. І вечарам таго ж дня да мяне падсялілі дзяўчат, якія ўсё расказалі. Гэта быў страшэнны боль. Але сьледам за ім прыйшло іншае пачуцьцё: ты наогул ні на што не павінна скардзіцца ў гэтай сытуацыі. Ты яшчэ можаш нешта зьмяніць, бо жывая. Проста трэба трымацца і быць моцнай.
Пражываць гэты досьвед мне вельмі дапамагала літаратура. За 42 дні я прачытала раманы Булата Акуджавы «Падарожжа дылетантаў» і Айн Рэнд «Атлянт расправіў плечы», перачытала п'есы Чэхава і галоўныя творы Булгакава.
Колькі разоў я чытала Булгакава, а зноў знайшла новае для сябе. Адна сцэна з Понтыем Пілатам у «Майстру і Маргарыце» чаго вартая. Тая, у якой ён прымае рашэньне, наступствы якога будуць мучыць яго ўсё жыцьцё. Ня ведаю, чаму гэтую кнігу яшчэ не ўключылі ў сьпіс забароненай у турме літаратуры.
Магчыма, хтосьці проста не заўважае гэтых паралеляў.
Мяне, напрыклад, проста ўразіла сытуацыя, калі ахоўнікі, убачыўшы ў камэры маю кнігу — «Сабачае сэрца» — пачалі сьмяяцца: «Ой, ды мы гэта яшчэ ў школе чыталі!». Ну так, чыталі... Сытуацыя проста трагікамічная.
Але часьцей за ўсё ў турме я ўспамінала кнігу «Сказаць жыцьцю ”Так!”» Віктара Франкла — псыхоляга, які прайшоў праз канцлягер.
Я пракручвала ў галаве фрагмэнт пра тое, як у яго ўвесь час развальвалася тое падабенства абутку, якое Віктар змог для сябе змайстраваць. Ён разумеў, што гэты абутак — нітачка, якая зьвязвае яго з жыцьцём, з чалавечым абліччам. Як толькі ён зьмірыцца з тым, што абутак разваліўся, — памрэ.
І вось аднойчы падчас работ Віктар знайшоў у заледзянелай зямлі кавалак дроту, змог пранесьці яго ў барак і схаваць. Ён піша, што, прыціскаючы гэты дрот да сябе, упершыню за доўгі час адчуў сябе шчасьлівым чалавекам. Бо ведаў: зь яго дапамогай ён адрамантуе чаравікі — і жыцьцё працягнецца.
Чалавечыя пакуты за гэтыя дні не абясцэнілі ў маіх вачах пакуты жывёлаў, наадварот. Гэта ўсё так цесна зьвязана. Тое, што чалавек падпарадкаваў сабе ўсё — гэта зло, і я заўсёды пра гэта казала. Карцінка, пасьля якой я перастала есьці мяса, да гэтага часу стаіць перад вачыма. Я ехала кудысьці па МКАД, а перада мной — фура з каровамі, якіх зразумела куды вязуць. Лупцуе дождж, кроплі сьцякаюць па гэтых веях доўгіх... Яны ня ведаюць, што іх чакае.
І вось едзем мы ў аўтазаку — і не належым сабе і сваёй волі, не разумеем, куды нас вязуць і што з намі будзе далей.
Адчуваеце паралель? Справа толькі ў тым, у каго больш сілы. Ён і вырашае, як распарадзіцца вашым лёсам.
Супрацоўнікі турмы розныя. Адзін ахоўнік выкінуў на падлогу булачкі, выпечаныя мамай адной са зьняволеных. Іншы разарваў малюнак з коцікам на сьцяне.
Але сярод супрацоўнікаў такіх месцаў ёсьць адэкватныя людзі, якія не выходзяць за рамкі сваіх службовых паўнамоцтваў. Я іх сустракала.
Думаю, многія зь іх — проста выканаўцы, якія дзейнічаюць у рамках дазволенага. Яны ведаюць, што катаваць людзей фізычна нельга, але ёсьць маса іншых спосабаў зрабіць балюча, не выходзячы за рамкі прававога поля.
А ёсьць і адмысловая катэгорыя. Тыя, хто робяць гэта ахвотна, не без задавальненьня. Гэта значыць, прыўносяць ва ўсякую справу асабісты ўклад. Я глядзела на іх і разумела, што, калі ім дазволяць паўтарыць падзеі жніўня, яны без сумненьняў зробяць гэта. Таму што адчуваюць патрэбу ў вымяшчэньні сваёй агрэсіі.
Я не магу глядзець такім людзям у вочы. Мне сорамна. Не за сябе.
Калі выйшла, я не была гатовая да такой хвалі любові і ўсяляк пратэстую супраць тэрміну «народнай гераіні», якім бы прыемным ён ня быў. Я саромеюся, па-першае.
А па-другое, для мяне герой — гэта кожны, хто выйшаў з зоны свайго камфорту, сказаў сваё слова, перамог страх. Да таго жг я праўда не лічу сябе пацярпелай. Я жывая і здаровая. У мяне нават аналіз крыві добры.
Я скептык, але, магчыма, усё менавіта так дзякуючы гэтай самай калясальнай падтрымцы, якая дабіралася да мяне празь нейкія там энэргетычныя патокі.
Ня ведаю, як гэта дзейнічае, але я сапраўды яе адчувала. І я ад усяго сэрца хачу сказаць «дзякуй» за ўсё тое добрае, што было сказана і напісана мне за гэты час. Тое суперажываньне, якое выказалі мне і маім блізкім — найлепшае, што маглі для мяне зрабіць беларусы.
Я такая ўдзячная, што нават бянтэжуся. Кожны раз, калі вы кажаце мне нешта добрае, шукаю словы, якія будуць такімі ж шчырымі і каштоўнымі. Калі дорыце кветкі, хачу падарыць нешта ў адказ, таму што адчуваю тое самае, што і вы.
Я ведаю пра флэшмоб з калготкамі Conte, а таксама пра скандал, які разгарэўся неўзабаве пасьля яго.
Я сапраўды баюся, што «дзяўчына з упакоўкі калготак» можа стаць маім самым вялікім дасягненьнем у жыцьці. І што пазнаваць мяне будуць па нагах. Я ўдзячная ўсім, хто імкнуўся мяне абараніць, але хачу заступіцца за Conte, якіх зачапіла рыкашэтам. Мы і сапраўды даўно не зьвязаныя працоўнымі адносінамі, у іх няма перада мной ніякіх абавязаньняў. Тое, што адбылося, — хутчэй пралік маркетолягаў або SMM-спэцыялістаў, якія выбралі, магчыма, ня самы зручны момант для публікацыі. Ня больш за тое. А па факце пацярпела рэпутацыя брэнду, зь якім мяне зьвязваюць толькі самыя цёплыя ўспаміны і 10 гадоў супрацоўніцтва, пра які я і слова дрэннага не скажу.
Мне вельмі цікавы сацыяльны піяр і арганізацыя мерапрыемстваў у сфэры культуры і спорту. Са спортам я, вядома, і зусім пасьпела парадніцца. У ім усё значна больш сумленна і празрыста, чым у мэдыясфэры. А яшчэ ў апошні час спорт адкрыў для нас выдатных асобаў. І мне вельмі хочацца, каб як мага больш беларусаў ведалі ня толькі аб прафэсійных дасягненьнях нашых спартоўцаў, але і аб іх цудоўных чалавечых якасьцях. Менавіта так, дзякуючы фармаваньню асабістага брэнду, і нараджаюцца зоркі спорту за мяжой. На жаль, у нас з гэтым пакуль цяжка. Я спадзяюся, што ў мяне атрымаецца паўплываць на гэтую сытуацыю. Я вельмі хачу вучыцца новаму, прыносіць карысьць сваёй краіне і людзям, якіх люблю.
Калі выпадаеш з жыцьця на доўгі час, становісься асабліва адчувальнай да зьменаў ва ўсім. І я заўважыла, як памяняліся беларусы літаральна за месяц. Усе ходзяць ашаломленыя, з квадратнымі вачыма, у якіх застыла трывога. Замкнуліся на ўсе замкі і як быццам нават шыі ў плечы ўцягнулі. Я разумею, з чым гэта зьвязана. І гэта зусім ня радуе.
Але тым ня менш…
Я ня веру ў тое, што цяперашняя сыстэма застанецца нязьменнай. Таму што гэта шлях самаразбурэньня.
Беларусы за гэты час сталі досыць моцнымі для таго, каб не пагаджацца на жыцьцё ў Залюстроўі, дзе дабро называюць злом, а зло — дабром.
Іншае пытаньне: мы ўсе так стаміліся, што гатовыя верыць чаму заўгодна — картам Таро, астролягам, а таксама прадказальнікам з фэйсбуку. Важна адмовіцца ад ілюзій, набрацца цярпеньня і веры. І прыняць, што гэта доўгі шлях. Але мы пройдзем яго, і акажацца, што ў яго канцы — сьвятло. І ў гэтым сьвятле мы ўпершыню ўбачым сябе як нацыю“.