Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Эстоніі на сустрэчы зь Ціханоўскай: Абавязак свабоднага сьвету — забясьпечыць беларускаму народу права голасу


Керсьці Кальюлайд і Сьвятлана Ціханоўская
Керсьці Кальюлайд і Сьвятлана Ціханоўская

Абавязак свабоднага сьвету — забясьпечыць беларускаму народу права голасу і свабоду выбару сваёй будучыні, заявіла прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд на сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай

Бакі абмеркавалі палітычную сытуацыю ў Беларусі і пратэсты, якія працягваюцца больш за 5 месяцаў.

«Гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў працягваецца, і няма ніякіх прыкметаў годнага даверу інклюзіўнага дыялёгу з боку дзяржавы. Выклікае захапленьне мужнасьць беларускіх грамадзянаў, якія працягваюць мірныя пратэсты за дэмакратыю і свае асноўныя правы, нягледзячы на жорсткія дзеяньні ўладаў», — прыводзіць словы эстонскай кіраўніцы агенцтва БелаПАН.

Па словах Кальюлайд, краіны Балтыі і Польшча аднымі зь першых зьвярнулі ўвагу на сытуацыю ў Беларусі; Эстонія і іншыя дэмакратычныя краіны імкнуцца да таго, каб беларускае пытаньне працягвала ўздымацца ў міжнародных арганізацыях.

«Відавочна, што для Беларусі шлях наперад магчымы толькі пры інклюзіўным дыялёгу і новых дэмакратычных выбарах», — заявіла яна.

Прэсавая служба Ціханоўскай паведаміла, што яна «заклікала падтрымаць пашырэньне санкцыяў, дадаўшы ў сьпісы супрацоўнікаў АМАП і ГУБАЗіК, судзьдзяў і бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць рэжым». Былы начальнік ГУБАЗіК, цяпер намесьнік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ужо знаходзіцца ў эстонскім санкцыйным сьпісе.

Бакі абмеркавалі магчымасьць пачатку разгляду ў Эстоніі справаў па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі — некалькі беларусаў праходзяць у гэтай краіне рэабілітацыю пасьля гвалту з боку сілавікоў на радзіме.

Падчас перамоваў былі закранутыя пытаньні супрацоўніцтва паміж урадам Эстоніі і кабінэтам прадстаўнікоў Ціханоўскай у сфэры эканамічных і лічбавых рэформаў, разьвіцьця IT-сэктара. Кальюлайд пацьвердзіла магчымасьць арганізацыі канфэрэнцыі або пляцоўкі для абмену вопытам у стварэньні электроннага ўраду, правядзеньні зямельнай, мытнай і падатковай рэформаў.

Прэзыдэнтка Эстоніі таксама паведаміла, што яе краіна вылучыла 700 тысячаў эўра на падтрымку адукацыйных і грамадзкіх ініцыятываў у Беларусі.

«Абмеркавалі Ўсебеларускі народны сход і канстытуцыйную рэформу, якую хоча правесьці Лукашэнка. Ціханоўская падкрэсьліла, што ён такім чынам спрабуе выйграць для сябе час і шукае спосабы сваёй легітымізацыі, але час Лукашэнкі прайшоў», — гаворыцца ў паведамленьні яе прэсавай службы.

22 студзеня Ціханоўская возьме ўдзел у нефармальным онлайн-пасяджэньні Рады бясьпекі ААН па сытуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі. Сустрэча ініцыяваная чальцамі Рады бясьпекі Эстоніяй, Францыяй, Ірляндыяй, Нарвэгіяй, Вялікай Брытаніяй і ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG