Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка страціў чэмпіянат у хакеі. Хроніка падзей


Аляксандар Лукашэнка вітае ў Менску кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля, 11 студзеня 2021
Аляксандар Лукашэнка вітае ў Менску кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля, 11 студзеня 2021

18 студзеня Міжнародная фэдэрацыя хакею абвясьціла, што рашэньне не праводзіць сусьветны чэмпіянат 2021 году ў Менску зьяўляецца «непазьбежным». Прыгадваем, як усё пачыналася.

Замест Фінляндыі — Беларусь і Латвія

У 2016 годзе Беларусь падала заяўку на правядзеньне чэмпіянату сьвету ў хакеі ў 2021 годзе. Змагацца за права прыняць чэмпіянат беларуская фэдэрацыя хакею пастанавіла ў ліпені 2016 году.

Тады ж стала вядома, што апанэнтам Беларусі ў змаганьні за права прыняць чэмпіянат стане Фінляндыя, якая, па словах экспэртаў, мела значна вышэйшыя шанцы. Гэта прызнавалі і спартовыя чыноўнікі ў Беларусі — і прапаноўвалі, у выпадку адмоўнага рашэньня, падаваць заяўку на чэмпіянат 2022 году.

Ужо ў верасьні 2016-га старшыня Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль падчас свайго візыту ў Менск казаў, што «пытаньне правядзеньня чэмпіянату ў 2021 ці 2022 годзе ў Беларусі разглядаецца ўсур’ёз».

Для Беларусі хакейны чэмпіянат 2021 году мог стаць другім. Менск прымаў чэмпіянат у 2014 годзе, і тады яго высока ацанілі ў Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Перамагчы Фінляндыю ў магчымасьці правесьці чэмпіянат было для Беларусі складана, таму ў 2017 годзе было вырашана падаць сумесную заяўку з Латвіяй. Чэмпіянат плянавалася правесьці ў Рызе і Менску.

У выніку Беларусь і Латвія атрымалі такое права, а чэмпіянат у Фінляндыі вырашылі правесьці ў 2022 годзе.

Прэзыдэнцкія выбары і гвалт над грамадзянамі ўсё зьмянілі

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году ў Беларусі сытуацыя зьмянілася: тысячы затрыманых, сотні зьбітых, вынікі выбараў не прызналі заходнія краіны і міжнародныя арганізацыі.

Ужо 7 верасьня, на фоне масавых пратэстаў у Беларусі, партнэр афіцыйнага Менску на чэмпіянаце Латвія зьвярнулася ў Міжнародную фэдэрацыю хакею з просьбай правесьці спаборніцтвы разам зь іншай краінай, не зь Беларусьсю. Прычына — парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

17 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі, дзе, сярод іншага, заклікаў не праводзіць чэмпіянат у Менску.

18 верасьня старшыня Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль заявіў, што «заклапочаны сытуацыяй у Беларусі».

З кастрычніка па лістапад заклікі не праводзіць чэмпіянат у Беларусі гучаць як ад беларускай апазыцыі, так і ад эўрапейскіх чыноўнікаў.

На пачатку лістапада кампанія «Голас» праводзіць апытаньне сярод жыхароў Беларусі, у якім бяруць удзел 420 тысяч чалавек. 90,85% выказваюцца супраць чэмпіянату. 18 лістапада Эўрапарлямэнт пачынае збор подпісаў супраць чэмпіянату ў Беларусі.

12 лістапада ў Менску гіне Раман Бандарэнка. Хлопец выйшаў паглядзець, як невядомыя зразаюць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары ягонага дому. На Рамана накінуліся невядомыя і зацягнулі яго ў аўтамабіль. Пасьля ён памёр у лякарні, не прыходзячы ў прытомнасьць.

Сярод невядомых заўважылі чалавека, падобнага да кіраўніка Беларускай фэдэрацыі хакею Дзьмітрыя Баскава. Пазьней у інтэрнэт трапіў запіс размовы, дзе чалавек з голасам, падобным да голасу Баскава, абмяркоўвае сьмерць Бандарэнкі. Пасьля гэтага Латвія забараніла кіраўніку Беларускай фэдэрацыі хакею ўезд на сваю тэрыторыю.

Супраць выступленьня зборных сваіх краін на чэмпіянаце ў Беларусі выступілі спартовыя чыноўнікі з Чэхіі (3 сьнежня), Фінляндыі (24 жніўня), Швэцыі.

Прыезд Рэнэ Фазэля ў Менск

11 студзеня 2021 году ў Менск прылятае кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль. Фота і відэа, дзе Фазэль абдымаецца з Лукашэнкам, разьлятаюцца па ўсім сьвеце. На кіраўніка міжнароднай фэдэрацыі абрынаецца на Захадзе хваля крытыкі як з боку СМІ, так і палітыкаў. У некалькіх інтэрвію Рэнэ Фазэль спрабуе апраўдацца за абдымкі з Лукашэнкам, маўляў, «фатаздымкі абяцалі не публікаваць». І заяўляе, што ставіў перад Лукашэнкам пытаньне вызваленьня палітвязьняў.

Аднак пасьля сустрэчы нікога ня вызвалілі, крымінальных спраў супраць журналістаў і актывістаў становіцца ўсё болей, у Беларусі затрымліваюць журналіста Андрэя Аляксандрава, перакладчыцу Вольгу Калацкую.

Спонсары адмаўляюцца ад чэмпіянату, калі той пройдзе ў Менску

15 і 16 студзеня кампаніі Škoda Holding (генэральны спонсар чэмпіянату), Nivea і Tissot адмаўляюцца спансаваць чэмпіянат, калі той пройдзе ў Менску. У Латвіі заяўляюць, што гатовыя правесьці спаборніцтвы самі, безь Беларусі. 17 студзеня да адмовы фінансаваць чэмпіянат далучаецца кампанія Liqui Moly.

18 студзеня рада Міжнароднай фэдэрацыі хакею на сваім паседжаньні прыняла рашэньне не праводзіць чэмпіянат у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG