Праграмны дырэктар «Прэс-клюбу» Ала Шарко застанецца ў СІЗА, паведаміў БелаПАН адвакат Сяргей Зікрацкі. Па словах адваката, абарона за 24 гадзіны абскардзіць пастанову, скарга будзе пададзена ў Менскі гарадзкі суд.
Алу Шарко затрымалі 22 сьнежня супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю пасьля ператрусу ў яе кватэры. У той жа дзень ператрусы прайшлі ў офісе «Прэс-клюбу», а таксама дома ў некаторых супрацоўнікаў. Акрамя Шарко затрымалі заснавальніцу «Прэс-клюбу» Юлію Слуцкую і дырэктара Сяргея Альшэўскага, праграмнага дырэктара Акадэміі «Прэс-клюбу» Сяргея Якупава, апэратара Пятра Слуцкага, а таксама Ксенія Луцкіну, зьвязаную з праектам «альтэрнатыўнай тэлевізіі» на YouTube.
Якупава пазьней дэпартавалі ў Расею, грамадзянства якой ён мае.
6 студзеня стала вядома, што сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту каля 110 тысяч рублёў — такая сума фігуруе ў матэрыялах справы. Як сказала дачка Слуцкай, гэта «не кампэнсацыя шкоды, якую можна трактаваць як прызнаньне віны, а забесьпячэньне кампэнсацыі магчымай шкоды».