Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 сакавіка падвысяць штраф за «сьцяг на бальконе»


Аляксандар Лукашэнка падпісаў новыя Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія прадугледжваюць у тым ліку штрафы за «сьцяг на бальконе». Законы ўступяць у сілу 1 сакавіка, паведамляе тэлеграм-канал «Пул Первого».

Паведамляецца, што дакумэнт прадугледжвае адказнасьць за «выкарыстаньне забароненай сымболікі». У прыватнасьці, за «сьцяг на бальконе» штраф складзе 20 базавых велічынь — да 580 беларускіх рублёў (каля $ 226) для фізычных асобаў і да 1740 ($ 677) — для юрыдычных асобаў.

У Беларусі грамадзян ужо штрафуюць і арыштоўваюць на суткі за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на бальконах і фасадах дамоў, расцэньваючы гэта як несанкцыянаваны пікет. Гэта таму, што сьцяг зрабіўся сымбалем пратэстаў у краіне, а Мінабароны раней назвала яго «фашысцкім». У ведамстве тады заявілі, што бяруць «пад ахову і абарону» «сьвятыя месцы», дзе арганізуюцца акцыі «пад сьцягамі, пад якімі фашысты арганізоўвалі масавыя забойствы беларусаў, рускіх, габрэяў, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў».

Законы пакуль афіцыйна не апублікаваныя, таму незразумела, што маецца на ўвазе пад паняцьцем «забароненая сымболіка». Выданьне Onliner з гэтай нагоды зьвярнулася ў прэс-службу Лукашэнкі, аднак там патлумачыць, што такое «забароненая сымболіка», ня здолелі, прапанаваўшы напісаць афіцыйны запыт. Цяпер «забароненая сымболіка» значыцца ў пастанове МУС, дзе пералічаныя ў асноўным нацысцкія сымбалі, эмблемы і атрыбуты, такія як свастыка.

Сьцяг «фашыстаў» і «здраднікаў»: што яшчэ беларускае дзяржТВ кажа пра бел-чырвона-белы сьцяг:

Бел-чырвона-белы сьцяг — гістарычны нацыянальны сымбаль Беларусі, афіцыйны сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі (1918–1919) і дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь у першую пяцігодку яе незалежнасьці. Пасьля рэфэрэндуму ў 1995 годзе, ініцыяванага і незаконна праведзенага Аляксандрам Лукашэнкам, выкарыстаньне гэтага сьцяга ў краіне фактычна забаранілі. Афіцыйным стаў сьцяг, аналягічны сьцягу Беларускай ССР, толькі безь сярпа і молата, а бел-чырвона-белы ператварыўся ў сымбаль пратэсту. Улады вельмі нэгатыўна ставяцца да бел-чырвона-белай каляровай гамы, за сымболіку ў такіх колерах маглі затрымаць, аштрафаваць, арыштаваць «на суткі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG