Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія чэмпіянаты па палітвязьнях: параўноўваем сытуацыю 2014 і 2021 гадоў


Выява, распрацаваная Юліяй Ляшкевіч
Выява, распрацаваная Юліяй Ляшкевіч

У 2014 годзе, калі ў Менску праводзіўся чэмпіянат сьвету па хакеі, у Беларусі было 10 палітзьняволеных. У 2021 годзе іх 178 — амаль у 18 разоў больш. 7 гадоў таму ЧС зь Беларусі так і не перанесьлі, турнір прайшоў у Менску.

Параўноўваем, што зьмянілася ў Беларусі за 7 апошніх гадоў.

2014 год: 10 палітвязьняў, каля 40 прэвэнтыўных затрыманьняў

Многія эўрапейскія палітыкі заклікалі перанесьці месца правядзеньня Чэмпіянату альбо байкатаваць яго з палітычных матываў. У красавіку 2012 году Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам пазбавіць Беларусь права на правядзеньне чэмпіянату.

Тады за кратамі заставаліся палітвязьні: старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, палітык Мікалай Статкевіч, анархісты Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка.

Аднак Чэмпіянат сьвету зь Менску так і не перанесьлі — ён прайшоў у Менску ў траўні 2014 году. А перад яго правядзеньнем пачаліся прэвэнтыўныя затрыманьні палітычных актывістаў, а таксама «зачыстка» Менску ад так званых «асацыяльных элемэнтаў».

Затрымлівалі актывістаў, анархістаў, футбольных фанатаў. І ня толькі ў Менску, а і ў рэгіёнах — каб не даехалі да сталіцы падчас чэмпіянату. Тагачаснага сустаршыню «Маладога фронту» Андрэя Цянюту затрымалі 3 траўня ў Гомлі. Футбольных фанатаў — у Барысаве.

Зубар Волат, сымбаль чэмпіянату 2014-га
Зубар Волат, сымбаль чэмпіянату 2014-га

Некаторым актывістам міліцыянты проста прапаноўвалі «зьдзелку»: зьехаць са сталіцы, альбо будуць сядзець «за лаянку» да сканчэньня спаборніцтваў. Так, Паўлу Вінаградаву, тагачаснаму рэкардсмэну па колькасьці затрыманьняў на вуліцы, параілі зьехаць да бацькі ў Бярэзіна. Зьмітру Дашкевічу далі максымальную колькасьць сутак — 25. А легендарнага «чалавека-майку» Юрыя Рубцова, тэрмін зьняволеньня якога скончыўся падчас чэмпіянату, выпусьцілі з Акрэсьціна, зноў затрымалі па дарозе дадому, у Гомель, і «закрылі» на суткі. Падчас той адседкі Юры Рубцоў абвясьціў на Акрэсьціна галадоўку.

Паводле адмысловай справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна» і Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH), прэвэнтыўна затрымалі каля 40 палітычных актывістаў.

2021 год: 178 палітзьняволеных, трое журналістаў за кратамі

На пачатак 2021 году ў Беларусі палітычнымі зьняволенымі прызнаныя 178 чалавек. У тым ліку і прэтэндэнты на кандыдатаў у прэзыдэнты — экс-банкір Віктар Бабарыка, блогер Сяргей Ціханоўскі, і сяброўка Каардынацыйнай Рады Марыя Калесьнікава, адвакат Максім Знак. За кратамі блогеры, бізнэсоўцы, актывісты штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты, удзельнікі акцыяў пратэсту, журналісты. Усе яны трапілі пад палітычна матываваны крымінальны перасьлед у сувязі падзеямі, якія разгарнуліся падчас і пасьля кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 2020 годзе.

Дзясяткі палітычных актывістаў вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі за мяжу, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская, Валеры і Вераніка Цапкалы.

Жнівень 2020 года
Жнівень 2020 года

«Навошта нам такі хакей, які прыводзіць да масавых парушэньняў правоў чалавека?»

Ці ёсьць нейкія мэханізмы, каб паўплываць на Міжнародную фэдэрацыю хакею? Юрыст Валянцін Стэфановіч расказаў, што праваабаронцы напісалі старшыні IIHF спадару Фазэлю два лісты: адзін — ад «Вясны», другі — ад Міжнароднай фэдэрацыі па правах чалавека (FIDH), а таксама прасілі старшыню фэдэрацыі сустрэцца з праваабаронцамі.

«Але Фазэль, відавочна, праігнараваў. Таму мы сёньня яшчэ адзін ліст напісалі, будзе і яшчэ адзін зварот FIDH.

Асаблівых мэханізмаў узьдзеяньня няма: спартовая Міжнародная фэдэрацыя хакею — самастойная. Але, на мой погляд, яны мусяць прыслухоўвацца да меркаваньняў палітыкаў, праваабаронцаў.

Мы часта цытуем выраз Кубэртэна, што спорт павінен быць па-за палітыкай. Але я лічу, што хакейны чэмпіянат нельга праводзіць у краіне, дзе ён можа стаць дадатковым фактарам павелічэньня рэпрэсій супраць грамадзян. А такое можа здарыцца», — перакананы Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца прыгадаў 2014 год, калі актывістаў прэвэнтыўна затрымлівалі, а ўвосень 2014 году «Вясна» разам з FIDH апублікавала грунтоўную справаздачу аб становішчы з правамі чалавека.

«Улады гэтага і не хавалі, актывістаў проста па сьпісах затрымлівалі. А Менск ачысьцілі ад „асацыяльных элемэнтаў“. Гэта цалкам у духу Алімпіяды 1980 году ў Маскве, калі, каб стварыць ілюзію пра сацыялізм, людзей за 101-ы кілямэтар высялялі.

Навошта нам такі хакей, які прыводзіць да масавых парушэньняў правоў чалавека?», — задае рытарычнае пытаньне праваабаронца.

На думку Валянціна Стэфановіча, калі ўсё ж Міжнародная фэдэрацыя хакею канчаткова вырашыць праводзіць чэмпіянат у Беларусі, яна сутыкнецца з байкотам.

«Ужо заявілі пра байкот дацкая, фінская нацыянальныя фэдэрацыі. Думаю, далучацца іншыя скандынаўскія краіны, верагодна, і ЗША, і Канада. Ну, будуць гуляць у хакей з Расеяй і Казахстанам. Атрымаецца яшчэ горш, чым калі б яго перанесьлі ў іншую краіну», — мяркуе праваабаронца.

«Ужо запусьцілі абноўленую аватарку з шаломам»

Вядомая беларуская рэклямістка Юлія Ляшкевіч ужо распачынае кампанію, падобную да той, што праводзілася напярэдадні і падчас Чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году.

Тады Юлія Ляшкевіч разам з Марынай Адамовіч, жонкай палітзьняволенага Міколы Статкевіча, запусьціла сэрыю хэштэгаў, якія рэкамэндавалі выкарыстоўваць журналістам пры публікацыі ў інтэрнэце інфармацыі аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі: #minsk2014, #минск2014, #мінск2014 #worldcup2014 #hockey2014, #хоккей2014 #belarus2014, #icehockey2014.

Юлія са сваёй камандай валянтэраў выпусьціла адмысловыя плякаты, прысьвечаныя кожнаму з палітзьняволеных, на беларускай, ангельскай і расейскай мовах.

Юлія Ляшкевіч на Чарнобыльскім шляху 2019 года
Юлія Ляшкевіч на Чарнобыльскім шляху 2019 года

«Розныя былі карцінкі: параўноўвалі чэмпіянат сьвету ў Менску з Алімпіядай 1936 году ў Бэрліне, пры фашыстоўскім рэжыме. Распрацавалі тады каляндар «Сьвята кожны дзень» — з раскладам выхаду на волю затрыманых напярэдадні Чэмпіянату сьвету па хакеі. Запусьцілі і таталізатар: трэба было ўгадаць, каго затрымаюць наступным.

Пералічвалі колькасьць людзей на сутках — колькі матчаў можна было правесьці зь іх удзелам. А цяпер можна, да прыкладу, падлічыць: колькі трыбун можна запоўніць сутачнікамі, колькі квіткоў можна купіць на штрафы.

Зараз хочам некаторыя рэчы перарабіць — ужо запусьцілі абноўленую аватарку з шаломам. Ёсьць яшчэ цікавыя ідэі — будзем працаваць з тым жа самым дызайнэрам.

Дарэчы, шмат прызоў тады атрымалі на фэстывалі беларускамоўнай рэклямы «АDNAK!», — кажа Юлія Ляшкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG