Агенцтва адзначае, што папа Францішак афіцыйна замацаваў правы, якія жанчыны ўжо маюць на працягу многіх гадоў у шмат якіх краінах. Пасьля ўнясеньня паправак у Кодэкс кананічнага права кансэрватыўныя біскупы ня змогуць пазбаўляць жанчын у іх дыяцэзіях магчымасьці выконваць гэтыя ролі.
У лісьце папа сказаў, што хоча дамагчыся «стабільнасьці, грамадзкага прызнаньня» жанчынам, якія ўжо выконваюць такія ролі. Паводле яго, рашэньне было прынятае пасьля тэалягічных разважаньняў і пасьля таго, як многія біскупы з усяго сьвету прапанавалі зрабіць гэтыя зьмены.
У 1972 годзе папа Павал VI вызначыў становішча акалітаў: у многіх каталіцкіх грамадах жанчыны пачалі запальваць і насіць сьвечкі, рыхтавалі хлеб і віно, а таксама чыталі Біблію падчас набажэнстваў. Цяпер гэта атрымала афіцыйнае замацаваньне ў Кодэксе кананічнага права. Пры гэтым папа Францішак зьвярнуў увагу на тое, што выкананьне сьвецкіх службаў ня мае нічога агульнага з магчымасьцю высьвячэньня жанчын.
Жанчыны ў Ватыкане займаюць некалькі важных пасадаў. Напрыклад, у студзені 2020 года ўпершыню ў гісторыі 66-гадовая Франчэска Дзі была прызначаная ў Дзяржаўны сакратарыят Ватыкану. Яна стала намесьніцай дзяржаўнага сакратара Апостальскага пасаду. Папа Францішак выступае за паступовае пашырэньне ролі жанчын у Ватыкане.