Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных спраў Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам і віцэ-міністрам Мантасам Адаменасам.
Ландсбергіс выказаўся за свабодныя і справядлівыя выбары новага прэзыдэнта Беларусі, якія, на яго думку, трэба правесьці як мага хутчэй. Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства падкрэсьліў, што беларуская справа цяпер «стаіць на першым месцы» ў літоўскім парадку дня.
Таксама на сустрэчы абмеркавалі перадачу Беларусі эўрапейскай вакцыны супраць COVID-19, забарону на ўезд і выдачу візаў для тых прадстаўнікоў лукашэнкаўскага рэжыму, хто ўдзельнічаў у злачынствах супраць беларусаў, і адкрыцьцё ў Літве новых крымінальных справаў унівэрсальнай юрысдыкцыі.
Дарадца прэзыдэнта Літвы ў пытаньнях зьнешняй палітыкі Аста Скайсгірыце таксама падтрымала Беларусь. Яна заявіла, што літоўскія дыпляматы ўжо працуюць над пытаньнем дапамогі Беларусі разам з камандай Джо Байдэна, які стаў прэзыдэнтам ЗША. Літоўскі бок, па словах Скайсгірытэ, ускладае вялікія надзеі на новую адміністрацыю Злучаных Штатаў адносна вяртаньня да ўдзелу ва «Ўсходнім партнэрстве» і супрацоўніцтва зь беларускім грамадзтвам.
Таксама выказалася па сытуацыі ў Беларусі і міністарка эканомікі Літвы Аўшрыце Арманайце.
«Любыя санкцыі — увялі іх супраць кіраўніцтва Беларусі, Расеі або Ірану — маюць эканамічныя наступствы. Але іх уводзяць нездарма, а дзеля таго, каб мы абаранілі правы чалавека», — прыводзіць словы Арманайтэ BNS.
На яе думку, у гвалтоўных дзеяньняў беларускага рэжыму супраць мірнага пратэсту мусяць быць наступствы. Таму ўраду Літвы варта разгледзець санкцыі супраць «Беларуськалію», які лічыцца адным з найбольш прыбытковых прадпрыемстваў для рэжыму Лукашэнкі.