Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі на «суткі» адправілі пэнсіянэрку за карагод вакол ялінкі ў лесе


Суд Савецкага раёну Гомля пакараў арыштам на 7 сутак 59-гадовую Алу К. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Так суд расцаніў карагод у лесе вакол ялінкі, у якім узяла ўдзел жанчына.

Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Лагуновіч.

25 сьнежня каля дзесяці жыхароў Гомля зладзілі навагодні пікнік у лесе. Яны ўпрыгожылі там ялінку, палілі вогнішча і вадзілі карагод. Некаторыя ўдзельнікі карагоду мелі бел-чырвона-белыя сьцягі. На ялінцы былі аркушы паперы з надпісамі «Пацук, сыходзь!» і «Ў Новы год без пацука!».

5 студзеня пэнсіянэрку Алу затрымала міліцыя. У яе доме прайшоў вобшук. Міліцыя забрала тэхніку (кампутар, дыскі, тэлефоны) і «бел-чырвона-белы сьцяг з кветкай пасярэдзіне» (маецца на ўвазе сьцяг БСДП. — РС). Пэнсіянэрку забралі на ноч у ІЧУ. 6 студзеня адбыўся суд.

Паводле рапарту міліцыі, пэнсіянэрка «ў загадзя дамоўленым месцы, у лясным масіве каля вёскі Новая Бухалаўка прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу без дазволу гарвыканкаму».

«Я не лічу, што карагод у лесе — мітынг. Я не лічу сябе вінаватай. Калі нават вы кажаце, што я была там у чырвонай куртцы — то што? Гэта абсурд — даваць паказаньні па такой справе», — сказала жыхарка Гомля.

Міліцыянты напісалі ў рапарце, што заўважылі ў тэлеграме відэа з пікніку ў лесе і «апэратыўным шляхам» вызначылі, што ўдзел у «несанкцыянаваным мітынгу» прыняла Ала.

На судзе выступала сьведка, яшчэ адна жыхарка Гомля. Яна паказала, што з Алай пазнаёмілася ў жніўні на мірных маршах. Судзьдзю цікавіла — у якіх тэлеграм-суполках удзельнічалі абедзьве жыхаркі Гомля, хто яшчэ быў на пікніку, ці была сымболіка і хто выклаў запіс у Тэлеграм.

«То бок вы пілі шампанскае, весяліліся і размахвалі бел-чырвона-белымі сьцягамі? Для чаго было сьцягі з сабой браць? Вы ж выдатна разумееце, што, каб ня гэтыя сьцягі — вам бы ніхто і слова не сказаў? — удакладняў судзьдзя. — Каб вы не выкарыстоўвалі нейкія палітычныя моманты... Вы выкарыстоўваеце бел-чырвона-белыя сьцягі, плякаты на ялінцы: "Новы год без пацука" — гэта што?».


Дзяўчына патлумачыла, што адкрыта са сьцягамі хадзіць нельга, таму яны вырашылі скарыстацца імі ў лесе.

Дзяўчыну-сьведку таксама будуць судзіць на наступным тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG