Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор Швед расказаў Лукашэнку, як паўплываў палітычны крызіс на злачыннасьць


Генэральны пракурор Андрэй Швед.
Генэральны пракурор Андрэй Швед.

Крымінагенная сытуацыя ў Беларусі знаходзілася і знаходзіцца пад поўным кантролем праваахоўнікаў, заявіў генэральны пракурор Андрэй Швед падчас справаздачы Аляксандру Лукашэнку.

«Нягледзячы на тое, што ў пэрыяд спробы дэстабілізацыі грамадзкай абстаноўкі было зроблена больш за тысячу злачынстваў, у тым ліку і цяжкіх, у нас за мінулы год адзначаецца агульнае зьніжэньне асабліва цяжкіх злачынстваў на 14%, цяжкіх — на 27%, злачынстваў у побыце — на 11%», — цытуе чыноўніка БелТА.

Пры гэтым ён прызнаў, што ў агульным вымярэньні колькасьць злачынстваў вырасла, асабліва ў кібэрпрасторы. Так, калі у 2019 годзе было зарэгістравана прыкладна 10 тысяч падобных злачынстваў, то летась — больш за 25 тысяч.

«Скарыстаўшыся ў пэўнай ступені трохі нэрвовай сытуацыяй, нагнятаньнем, адцягненьнем праваахоўнага блёку на тое, каб спыніць дэстабілізацыю грамадзкай бясьпекі, кібэрмахляры (большасьць з-за мяжы) кінуліся падманваць нашых грамадзянаў — даверлівых пэнсіянэраў, іншых асобаў. І таму адбыўся такі рост», — патлумачыў кіраўнік Генпракуратуры.

Аляксандар Лукашэнка пры гэтым выказаў задаволенасьць, што ягоным праціўнікам не ўдалося паралізаваць праваахоўную сыстэму.

«Вы ўсяго чатыры месяцы на пасадзе генпракурора, але, лічыце, як год па беларускім часе. Крымінальныя справы як спэцыяльна валам абрынуліся на вас, каб, як казалі нашы праціўнікі, паралізаваць праваахоўную сыстэму. Нічога не паралізавалася... Як я і меркаваў да выбараў, пандэмія абернецца тым, што буйныя гульцы на сусьветнай арэне пачнуць дзяліць сьвет. Пандэмія з чыста мэдычнай праблемы стала ня проста эканамічнай, а ўжо геапалітычнай. Гэта трэба ўлічваць, каб ня трапіць у жорны і нас не перамалола за наступны год».

Лукашэнка спрагназаваў, што 2021 год «будзе няпростым», але трэба ў любым разе «выстаяць, захаваць свой сувэрэнітэт». Ён адзначыў, што ўсе пытаньні сёньня так ці інакш ўпіраюцца ў палітычную плоскасьць.

На яго думку, паўстала неабходнасьць перагляду заканадаўства ў частцы гарантаваньня «бясьпекі грамадзянаў». Лукашэнка паабяцаў, што неўзабаве ў супрацы з праваахоўным блёкам будзе зроблены адпаведны аналіз.

Ён спаслаўся на досьвед Расеі, дзе «вельмі сур’ёзна» прайшліся па асноўных законах, якія забясьпечваюць абарону грамадзянаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG