Пра дамоўленасьць Менску і Масквы аб умовах паставак расейскай нафты ў 2021 годзе паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы. Чакаецца, што формула разьліку цаны на сыравіну і аб’ём паставак застануцца ранейшымі.
Сярод нявырашаных пытаньняў — кампэнсацыя Беларусі за «брудную» нафту, а таксама за падатковы манэўр.
У пачатку 2020 года Беларусь і Расея не змаглі дамовіцца аб цане паставак расейскай нафты, практычна ўвесь першы квартал НПЗ Беларусі працавалі з паловай загрузкі, выкарыстоўваючы альтэрнатыўныя пастаўкі, уласную сыравіну і пастаўкі праз кампаніі Міхаіла Гуцырыева. 21 сакавіка прэс-служба расейскага Кабінэту міністраў паведаміла, што прэмʼер-міністры Беларусі і Расеі дамовіліся аб пастаўках нафты на беларускія НПЗ «у поўным абʼёме і на ўзгодненых умовах». З красавіка пастаўкі былі адноўленыя.
24 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу міністар энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч і старшыня праўленьня «Газпрому» Аляксей Мілер падпісалі пратакол паміж «Газпромам» і ўрадам Беларусі, у якім вызначаны парадак фармаваньня цаны прыроднага газу для Беларусі ў 2021 годзе. Канкрэтная цана пры гэтым не абнародавалася. Сёлета яна складае 127 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Міністэрства энэргетыкі Беларусі пракамэнтавала падпісаньне пратаколу, адзначыўшы, што «ўзгоднены бакамі ўзровень цэнаў на газ на 2021 год практычна на ўзроўні 2020 году». На працягу бягучага году беларускі бок неаднойчы заяўляў пра неабходнасьць істотна зьнізіць дзейную цану на расейскі прыродны газ.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту