23 сьнежня 1595 году ў Рыме прадстаўнікоў эпіскапату праваслаўнай Кіева-Літоўскай Мітраполіі Канстанцінопальскага Патрыярхату біскупаў Іпація Пацея і Кірылу Цярлецкага прыняў у сьвяточнай атмасфэры Папа Клімэнт VIII, піша Catholic.by.
Перад ім яны далі ўрачыстае Вызнаньне веры і прысягнулі Папу — за сябе і за іншых — на вечнае злучэньне Усходняй Царквы Рэчы Паспалітай з Каталіцкай Царквой пад уладай Апостальскага Пасаду ў Рыме.
У той жа дзень Папа выдаў булу Magnus Dominus et laudabilis nimis («Вялікі Пан і вельмі ўслаўлены»), якой зацьвердзіў унію Рускай Царквы з Паўсюднай Царквой. Унія была прынятая на Сынодзе ў Берасьці, які праходзіў 16–18 кастрычніка 1596 году.
23 сьнежня 2020 году ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве — дзень падзячнай малітвы. У Менску Боская Літургія служыцца ў храме Душпастырскага цэнтру сьвятога Язэпа (вул. Арджанікідзэ, д. 6) а 18.
Сёньня ў Беларусі існуе каля трох дзясяткаў грэка-каталіцкіх парафій і місійных пляцовак.