Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заўтра іду ў ШЫЗА». Палітвязьня Мікіту Емяльянава чарговы раз кінулі ў карцар


Архіўнае фота. Мікіта Емяльянаў падчас суду па справе аб нападзе на будынкі Менгарсуду і СІЗА на Валадарскага. Люты 2020 году
Архіўнае фота. Мікіта Емяльянаў падчас суду па справе аб нападзе на будынкі Менгарсуду і СІЗА на Валадарскага. Люты 2020 году

16 сьнежня маці анархіста Мікіты Емяльянава Анастасія Емяльянава атрымала ад сына ліст, адпраўлены з турмы 7 сьнежня. «Заўтра іду ў ШЫЗА», — напісаў маці Мікіта Емяльянаў. Жанчына не выключае, што сын і цяпер у карцары.

«Нават ня ведаю, на які тэрмін Мікіту пакаралі карцарам. Маглі даць 7 дзён, а маглі і ўсе 10», — мяркуе Анастасія Емяльянава. Дакладнай прычыны пакараньня сына карцарам яна ня ведае. «Апошні карцар, у лістападзе, быў за парушэньне формы адзеньня. Пасьля гэтага Мікіта напісаў, што яшчэ двойчы атрымаў падобныя заўвагі, але за што дакладна цяпер пакаралі — невядома».

Анастасія Емяльянава лічыць, што да яе сына дадаткова чапляюцца празь ягоныя палітычныя погляды. «Мяркую, помсьцяць за ягоную пазыцыю, прэсуюць надзвычай жорстка, як і іншых анархістаў, а ён такі, што не саступае. Восеньню двойчы на знак пратэсту адмаўляўся ад ежы», — паведаміла Свабодзе маці палітвязьня Анастасія Емяльянава. Абвяшчаў сын галадаваньне ці гэта былі разавыя адмовы прымаць ежу, Анастасія ня ведае.

«Паведамляць пра ўмовы забаронена»

Анархіст Мікіта Емяльянаў адбывае 4 гады зьняволеньня ў крытай турме ў Магілёве, у яго строгі рэжым утрыманьня. Што вядома пра ўмовы, у якіх знаходзіцца Мікіта Емяльянаў?

«Пра ўмовы ім пісаць забаронена. Нават пра сукамэрнікаў нічога нельга пісаць — з кім сядзіш, якія адносіны. На спатканьнях казаў, што ў камэры ўмовы нармальныя. Быў рамонт, вакно новае — шклопакет, у камэры цёпла. А пра карцар нічога ня ведаю, акрамя агульных зьвестак, што цягам дня можна толькі сядзець на лаве, ложак адкідваецца толькі на ноч. А сам ён пра карцар нічога ня піша, на ўмовы ня скардзіцца — акрамя таго, што абмяжоўваюць ліставаньне», — расказала Анастасія Емяльянава.

Паводле зьвестак маці Мікіты Емяльянава, яму не перадалі частку лістоў ад сяброў, у тым ліку ад анархіста Зьмітра Паліенкі. Таксама ня ўсе ягоныя лісты даходзяць да адрасатаў.

Колеры Санта-Клаўса пад забаронай?

«Мікіта ўклаў ў ліст да мяне паштоўкі Ільлю Валавіку і Міхаілу Жамчужнаму. Спрабаваў падтрымаць, бо даведаўся, што іх пакаралі карцарам. Нічога асаблівага — проста словы маральнай падтрымкі. Але тыя паштоўкі да мяне не дайшлі. Іх забралі. Маўляў, ліставаньне паміж вязьнямі забаронена. Тое самае і зь лістамі яму. Нядаўна сябры адправілі яму ў лісьце калядныя налепкі, дык іх турэмная цэнзура забрала», — расказала Анастасія Емяльянава. Яна мяркуе, што турэмным цэнзарам не спадабаліся бел-чырвона-белыя колеры калядных налепак.

«Там у цэнтры малюнку Санта-Клаўс, а яго ж адзеньне не чырвона-зялёнае, а чырвонае з белым. Ну вось, пэўна, таму і не прапусьцілі», — мяркуе Анастасія Емяльянава.

Мікіта Емяльянаў вучыўся на 3 курсе БНТУ. Яго затрымалі ў кастрычніку 2019 году паводле падазрэньня ў нападах на будынак Менскага гарадзкога суду і СІЗА на Валадарскага. Свой учынак Мікіта Емяльянаў назваў пратэстам супраць перасьледу палітвязьняў.

У сакавіку 2020 году анархіст Мікіта Емяльянаў быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня, у выніку апэляцыі пакараньне зьменшылі да 4 гадоў. Спачатку Мікіта Емяльянаў адбываў тэрмін у Бабруйскай калёніі, дзе яго зьмясьцілі ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу, потым як парушальніка рэжыму перавялі ў Магілёўскую крытую турму.

Праваабаронцы Беларусі прызналі анархіста Мікіту Емяльянава палітвязьнем і дамагаюцца перагляду ягонай справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG