Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паклалі тварам у асфальт, дзе стаялі лужыны крыві». Магілёвец хаваецца ад перасьледу ў Літве


Дзьмітры Хацкоў
Дзьмітры Хацкоў

47-гадовы магілёвец Дзьмітры Хацкоў быў моцна пабіты на маршы ў Менску 11 кастрычніка. З Заводзкага РУУС са шматлікімі траўмамі трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Калі яго пачаў шукаць Сьледчы камітэт, удалося зьбегчы з шпіталю і зьехаць у Літву.

Свабода паразмаўляла зь Дзьмітрыем Хацковым, які падаў дакумэнты на атрыманьне статусу ўцекача.

9 жніўня затрымалі за тое, што быў у вышыванцы

Пачынаючы з 9 жніўня, Дзьмітры Хацкоў тройчы быў асуджаны паводле артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Спачатку атрымаў 6 дзён арышту, потым былі яшчэ трое сутак і штраф у 25 базавых велічыняў. Затым прысудзілі 15 дзён арышту, якія Хацкоў так і не адседзеў. Цяпер у Беларусі яму пагражае крымінальная справа.

Пасьля выбараў 9 жніўня Дзьмітры Хацкоў увечары выйшаў у цэнтар Магілёва.

«Ніякіх актыўных дзеяньняў мы тады не прадпрымаліі, я быў проста ў вышыванцы, якой прыкладна 25 гадоў, — яе мае бацькі мне падаравалі перад выбарамі. Прыехалі аўтазакі, і мяне забралі ў самы першы аўтазак. Спачатку апынуўся ў Чэрыкаве, а потым у Крычаве — бо месцаў у турмах Магілёва не хапала. Я быў асуджаны Чэрыкаўскім судом на 6 содняў, а потым мяне павезьлі ў Магілёў на прафіляктычную гутарку да намесьніка начальніка УУС Рыжанкова, які даваў каманду АМАПу забіраць людзей. А я гэта чуў», — апавядае пра першае затрыманьне Дзьмітры.

У жніўні ў Магілёве людзі выходзілі на вуліцы кожны дзень, стаялі ўздоўж цэнтральных вуліц са сьцягамі. 30 жніўня Дзьмітрыя выклікалі ў Ленінскае РУУС, паказалі здымкі, дзе ён на пікеце зь бел-чырвона-белым сьцягам на плячах.

«Сьцяг гэты таксама захаваўся з 1990-х, ён вісеў у мяне на гаўбцы з 9 жніўня да моманту, пакуль я зьехаў. Яго двойчы спрабавалі зьняць пажарнікі, але марна.

Гаворка з намесьнікам начальніка міліцыі не заладзілася, мяне „закрылі“ на тры дні без суду, а потым яшчэ прысудзілі штраф 25 базавых велічыняў», — працягвае ён.

У Магілёве ў верасьні пратэставы рух спаў, і Дзьмітры па нядзелях пачаў езьдзіць на маршы ў Менск. Сьпісваліся з аднадумцамі ў тэлеграм-каналах, сустракаліся на пэўным месцы, фармавалі калёну.

«Колькі разоў ударылі дручком па галаве, ня памятаю, бо адрэналін зашкальваў»

11 кастрычніка магілёўцы дамовіліся праз тэлеграм-каналы сустрэцца ў Менску каля царквы сьвятой Марыі Магдалены і адтуль даволі вялікай калёнай вакольнымі шляхамі пайсьці ў бок праспэкту Пераможцаў. Убачылі, што на другім баку праспэкту людзей пачалі біць, і вырашылі ісьці ім на дапамогу.

«Дарога была перагароджана мэталічнымі канструкцыямі, стаяла машына ДАІ і аўтобус з АМАПам. З АМАПаўскага аўтобуса выскачылі байцы зь зялёнымі ліхтарыкамі і чалавек са зброяй. Нас было чалавек 10, яны нападаць не адважыліся, а пырснулі балёнчыкамі і пайшлі назад.

Мы праваронілі момант, калі з боку стэлы на нас рушыў АМАП. Да мяне спачатку падышоў „ціхар“, схапіў за вопратку — ніколі б не падумаў на яго: малады чалавек, прыстойна апрануты. А потым ужо мяне схапілі чацьвёра, моцна націснулі на грудную клетку, колькі разоў ударылі дручком, ня памятаю, бо адрэналін зашкальваў. Паклалі тварам у асфальт, дзе стаялі лужыны крыві. Рэальныя лужыны, уяўляеце? І самае дзіўнае, што байцы спрабавалі кроў змываць — анучамі, вадой. Я калі галаву падняў — атрымаў па галаве дручком», — апавядае Дзьмітры.

Гэты момант трапіў у аб’ектыў фотакарэспандэнта Свабоды. На здымку людзі з забінтаванымі галовамі. Але далей было яшчэ больш жорстка, узгадвае мужчына.

«У аўтазаку было пекла. Чалавек ляжаў на падлозе ў крыві»

«Калі нас пачалі грузіць у аўтазак, я ўбачыў на падлозе чалавека ў крыві. Ня ведаю, ці ў прытомнасьці ён быў і што далей зь ім стала. Потым пачалі дубасіць мяне кулакамі, дручкамі — абараніцца не было як, бо рукі зьвязаныя за сьпінай. Я літаральна лётаў па аўтазаку. У выніку запхнулі ў „стакан“ чатыры чалавекі, а той хлопец так і застаўся ляжаць у крыві на падлозе. У клетцы была сумесь крыві і поту: то адзін траціў прытомнасьць, то другі. Папрасіў адчыніць вэнтыляцыйны люк — адчынілі клетку і ўдарылі па галаве дручком. Аднаму хлопцу было вельмі дрэнна, ён ванітаваў. Карацей, у аўтазаку было пекла», — кажа Дзьмітры.

Аўтазак недзе спыніўся, частку людзей выгрузілі. Другую частку адвезьлі ў Заводзкае РУУС. Там Дзьмітрыю стала вельмі кепска, ён задыхаўся, было млосна, галава кружылася. Папрасіў выклікаць «хуткую», але міліцыянты адмовіліся. Усіх затрыманых — чалавек 60 — завялі ў актавую залю, складалі пратаколы,"адкатвалі" пальцы. Дзьмітры адмовіўся, яму зноў стала зусім кепска.

«Мяне вывеў малады хлопец гадоў 20, вельмі ветлівы, са мной ён размаўляў на „вы“. Ён кажа: Я выклічу „хуткую“, скажу, што вы страцілі прытомнасьць. Нарэшце выклікаў. І суправаджаў мяне ў гэтай „хуткай дапамозе“ разам зь нейкім „адмарожаным“ участковым, які браў паказаньні. Ён яшчэ зьдзекаваўся з магілёўскай дзяўчыны, пагражаў згвалтаваньнем. Фэльчар „хуткай“ сказала, што забірае нас дваіх — мяне і хлопца, якому вельмі дрэнна было ў аўтазаку», — кажа Дзьмітры.

«Страсеньне галаўнога мозгу, ЧМТ, ушыб грудной клеткі, пашкоджаньне галенастопнага суставу»

Пад канвоем прывезьлі мужчын у шпіталь хуткай дапамогі. Дзьмітрый узгадвае, што ў яго было ўражаньне, нібыта міліцыя спрабавала ціснуць на дактароў, каб іх хутчэй адпусьцілі, і канвой забраў іх назад у Заводзкае РУУС.

«Мяне доўга вазілі на ўсялякія абсьледваньні У выніку толькі а 3 гадзіне ночы мяне шпіталізавалі ў 2-е траўматалягічнае аддзяленьне. І супрацоўнікі міліцыі сышлі, мабыць, падумалі, што сваімі нагамі я не ўцяку, бо мяне давезьлі на каталцы да палаты».

У заключэньні мэдыкаў пазначаны дыягназ: страсеньне галаўнога мозгу, чэрапна-мазгавая траўма, удар у грудную клетку, пашкоджаньне левага надпятавічнагалёнкавага суставу.

«Самае галоўнае — у Літве ня трэба азірацца і шарахацца ад кожнага бусіка»

У палаце, куды паклалі Дзьмітрыя, таксама былі затрыманыя і моцна пабітыя на маршы.

«Раніцай пачалі хадзіць людзі са Сьледчага камітэту. У кагосьці ў палаце быў тэлефон. Я пазваніў сябрам і праваабаронцам і папрасіў, каб мяне тэрмінова забралі з шпіталю.

Карацей, ня буду апавядаць усіх падрабязнасьцяў, але мяне вывезьлі ў бок Літвы. Візы не было, але ініцыятыва „ByHelp“ дапамагла. Беларускім памежнікам сказаў, што еду на лячэньне ў Літву. Пазьней мне перадала крыніца са Сьледчага камітэту, што мяне будуць шукаць. Вяртацца ў Беларусь мне нельга — мяне нібыта расшукваюць у крымінальнай справе як сьведку. Але я ж разумею, чым гэта можа скончыцца», — мяркуе Дзьмітры.

Дзьмітры Хацкоў ( уцэнтры) на акцыі ў Літве
Дзьмітры Хацкоў ( уцэнтры) на акцыі ў Літве

У Літве ён падаў дакумэнты на атрыманьне статусу ўцекача. Яму дапамаглі зьняць пакой, падрыхтаваць дакумэнты, забясьпечылі ўсім неабходным.

«Такая салідарнасьць і дапамога ад усіх, што ў мяне няма адчуваньня, што я тут адзін далёка ад дому. Я быў прыемна зьдзіўлены і вельмі ўдзячны ўсім, хто мне дапамагае. Гэта ініцыятывы „ByHelp“, „Разам“, „Дапамога“, Чырвоны Крыж.

А самае галоўнае — тут ня трэба азірацца і шарахацца ад кожнага бусіка», — кажа Дзьмітры Хацкоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG