Пра судовы працэс
Гледачоў у залю Расонскага суду прыйшло шмат. Большасьць гэтых людзей я ня ведаў. Выявілася, што мая паства ў Расонах досыць багатая і мяне прыйшлі падтрымаць прадстаўнікі выканкаму і супрацоўнікі мясцовага РАУС. І была цэлая заля вось гэтых людзей. Я іх прывітаў, падзякаваў за падтрымку, на што некаторыя адказалі, што яны не каталікі, а праваслаўныя. Ня ведаю, што яны хацелі гэтым сказаць.
Пасьля суду мяне арыштавалі, на кароткі час даставілі ў РАУС, а потым накіравалі ў Віцебскае СІЗА. Свой арышт я адбываў у ізалятары часовага ўтрыманьня.
Пра ізалятар
ІЧУ гэта ня тое месца, куды б я хацеў патрапіць другі раз. Не сумую па тым месцы. Зь іншага боку, абыходзіліся са мною максымальна карэктна. Не скажу, барані Божа, што мяне трактавалі горш, чым іншых арыштаваных. Умовы ўтрыманьня цалкам добрыя, кармілі някепска.
Сярод сукамэрнікаў былі і вельмі дасьведчаныя людзі, якія з 54 гадоў адседзелі 27. Былі тыя, хто сядзеў па 10 гадоў, і ня толькі ў беларускіх турмах, але і эўрапейскіх. Нехта атрымаў трое сутак за тое, што выпіў на вакзале алькаголь. Хтосьці атрымаў 7 дзён, бо выпіў і атрымаў разгром у сваёй хаце. А я, які ня выпіў, але падумаў і выказаўся, атрымаў 10 сутак.
Пра сукамэрнікаў
У камэрах, дзе я быў, была пэўная салідарнасьць і павага сукамэрнікаў. Да мяне ставіліся з павагай і вельмі культурна. Большасьць з сарказмам успрымала нагоду майго арышту. Сьмяяліся, што ксёндз-фашыст прапагандуе фашызм. Былі і тыя, хто, адседзеўшы на зоне пару дзясяткаў гадоў, казалі адназначна: «Фашызм — гэта кепска, камунізм ня лепшы, а тое, што ёсьць сёньня — ня лепшае, чым камунізм». Людзі, якіх я там бачыў, умеюць вельмі глыбока думаць і разважаць.
У мяне ў камэры гучала Беларускае радыё. Калі я чуў розных філёзафаў дзяржаўнага ўзроўню, якія разважалі за грошы і несьлі ахінею, то сукамэрнікі разважалі разумней. Бо ім ніхто не плаціў, яны казалі пра жыцьцёвы досьвед.
Пра размовы
Былі размовы і пра маральны выбар, і пра ацэнку іхнага жыцьцёвага досьведу. Размаўлялі пра дзяржаву, яе інстытуцыі, ЛПП, куды некаторыя трапляюць, і пра іх бессэнсоўнасьць. І пра рэлігію гаварылі, і пра філязофію.
Я задумаўся, што каб гэтых маіх сукамэрнікаў, якія адседзелі дзясяткі гадоў, ставіць міністрамі ў нашай краіне, то паверце, што не было б горш. У іх у галовах ёсьць пэўныя маральныя прынцыпы, каторыя яны пільнуюць. Ніхто зь іх не хацеў сябе апраўдаць за тое, што зрабіў злачынства і што яго пакаралі несправядліва. Калі іх судзілі за крадзеж ці разбой, то яны згаджаліся, што рабілі кепска, таму цяпер і пакараныя. Але калі яны бачаць несправядлівасьць з боку праваахоўных органаў, то яны гэтага дараваць ня могуць. Яны перакананыя, што нельга будаваць дзяржаву і будучыню на гвалце і хлусьні. Калі яны гэта бачаць, то чаму ня бачыць кіроўная эліта?!
Пра дапамогу сукамэрніка-рэцыдывіста
У адзін дзень у мяне падняўся ціск. Я не куру, а ў камэры стаіць смог ад курэньня. Ціск быў 180/100, і я зьвярнуўся па дапамогу да лекара. Я ўжо быў прыняўшы «Спазмалгону» 3 штукі, гэта дастаткова, нельга больш прымаць абязбольвальныя. Лекарка прапанавала мне «Анальгін» і я адмовіўся. І тады я зьлёг. І вось сукамэрнік-рэцыдывіст падняў вэрхал, каб мне аказалі дапамогу. Мне тады памералі ціск. Калі я ляжаў, ён мне падносіў ваду, таблетку, пільнаваў маё здароўе. Што яшчэ хацець мне, сьвятару, калі я бачу такія натуральныя чалавечыя рухі, братэрскія рухі міласэрнасьці. Нават рэцыдывісты могуць рабіць добрыя справы і разумеюць, што ёсьць дабро, а што зло.
Пра лісты
Я атрымаў амаль 40 лістоў. Для мяне як арыштанта яны былі вялікай падтрымкай. Я пачуваўся патрэбным людзям і бачыў сэнс прапаведаваньня. Пісалі з Горадні, Берасьця, Менску, Полацку, а нават зь Піцера і Нямеччыны. Пісалі каталікі, пратэстанты, праваслаўныя, а нават тыя, хто не належыць да канфэсіяў. Людзі пісалі, што мяне падтрымліваюць, што глядзяць і што цэняць маю пазыцыю. Асабліва прыемна было атрымаць ліст ад праваслаўнага сьвятара. Калі мы аб’ядноўваемся — сьвятары розных канфэсій, вернікі, а нават атэісты — у змаганьні за праўду, супраць хлусьні і гвалту, я ў гэтым бачу вялікую пэрспэктыву для нашага беларускага грамадзтва.
Салідарнасьць — важная рэч. Таму пішыце лісты арыштантам, асабліва палітычным вязьням. Гэта вельмі важная справа.
Пра вызваленьне
Мяне з камэры вызвалілі раней, за гадзіну да патрэбнага часу. Два міліцыянты павезьлі мяне на Чыгуначны вакзал, апошнія паўгадзіны я адбываў свой тэрмін у пастарунку на вакзале. Пасьля адпусьцілі. Мяркую, гэта таму, што каля ІЧУ мяне чакалі амаль 30 чалавек.
Пра досьвед
Я ніколі там ня быў і ўзбагаціўся гэтым досьведам. Я па-іншаму сёньня гляджу на тых арыштантаў. Таксама спрабую зразумець праваахоўнікаў. Бачу, што і сярод тых, хто працуе ў турме, ёсьць нармальныя і адэкватныя людзі, якія ў кожным арыштанце бачаць чалавека. Гэта трэба прызнаць. Былі культурныя людзі, якія падыходзілі адэкватна ня толькі да мяне, але і да іншых. Але былі і тыя, каго можна сьмела садзіць за іншы бок кратаў і гэта не было б памылкай.