Пра незвычайнае здарэньне паведаміла былая настаўніца Смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец.
«Сёньня ў Смалявічах супрацоўнікі міліцыю затрымалі ўсю 11-ю клясу нашай гімназіі, якая гуртам вярталася цэнтральнай вуліцай з рэпэтыцыі выпускнога вальсу.
Хлопцаў пасадзілі за краты, дзяўчат на лаўкі, пераганялі з буса ў бус, прывезьлі ў РАУС, камандавалі стаць тварам да сьцяны. Дзякуй Богу, жанчына ў РАУСе моцна зьдзівілася і спыталася: «Нашто вы сюды дзяцей прывезьлі?» І іх выпусьцілі».
Пазьней Севярынец абвергла, што дзеці нібыта лаяліся матам.
Як расказаў адзін з бацькоў затрыманых дзяцей Onliner, школьнікаў сапраўды прынялі за ўдзельнікаў нядзельных маршаў. У размове з бацькамі міліцыянты зьняпраўджвалі інфармацыю, што дзяцей ставілі да сьценкі, хоць тыя пасьля пацьвердзілі, што такі факт меў месца на пачатку. Паводле дзяцей, міліцыянты таксама лаяліся матам у іх прысутнасьці.
Прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава ў афіцыйным тэлеграм-канале пацьвердзіла факт затрыманьня і патлумачыла падзеі так:
«Адзінаццаціклясьнікаў сапраўды даставілі для разбору ў РАУС. Але туды школьнікі прыехалі ўсе разам на адной машыне, а каля райаддзелу прабылі ад сілы хвілін шэсьць. І знаходзіліся яны там далёка не па стойцы “сьмірна”. А як толькі міліцыянты разабраліся, перад падлеткамі некалькі разоў папрасілі прабачэньня за прычыненыя нязручнасьці і адпусьцілі дадому».
Сёньня ў Беларусі праходзяць чарговыя маршы пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта і гвалту. Сілавікі затрымліваюць удзельнікаў маршаў.
Станам на 16.30 вядома пра 90 затрыманых. Ёсьць затрыманыя і ў Смалявічах.