9 сьнежня ў Карэлічах (Горадзенская вобласьць) затрымалі адміністратарку і аўтарку мясцовага онлайн-рэсурсу Korelichi.by Караліну Князькову, паведамляе старонка суполкі «ЎКантакце». Перад гэтым ейны муж сышоў зь міліцыі. На саму Караліну ціснулі, каб сышла з дзяржаўнай працы ў спартовай школе.
«Праблемы пачаліся да выбараў, калі на сайце Korelichi.by зьявіўся анонс пікетаў Ціханоўскай», — расказала Караліна Князькова перад сваім затрыманьнем.
Ейнае кіраўніцтва на працы папрасіла прыбраць гэтую інфармацыю, аднак Караліна не пагадзілася.
Караліне 26 гадоў. Яна займаецца сайтам у вольны час. Працуе ў дзяржаўнай спартовай школе ў Карэлічах інструктарам-мэтадыстам на паўстаўкі. Зарабляе каля 220 рублёў.
Потым праходзіла сустрэча з Валерам Цапкалам. На мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у 6-тысячным раённым цэнтры сабраліся каля 250-300 чалавек. Пасьля выбараў у Карэлічах ладзілі «ланцугі салідарнасьці», марш па мястэчку.
«Пакуль нам дазвалялі, мы выходзілі», — успамінае Караліна Князькова.
У дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі яны з аднадумцамі зрабілі фатаздымак зь бел-чырвона-белымі сьцягамі «на памяць».
Фота трапіла ў сеціва. За гэта тых, хто быў на здымку, асудзілі за ўдзел у недазволеным мітынгу. Двум чалавекам прысудзілі арышт, астатнім штрафы.
«У нашай кампаніі былі моладзь, пэнсіянэры, людзі, якія працуюць у дзяржаўных арганізацыях», — пералічвае Караліна.
Сярод аштрафаваных былі сама яна і ейныя бацькі. Іх пакаралі на 405 рублёў кожнага.
Муж Караліны Аляксей тры гады працаваў у Карэліцкім РАУС — памочнікам дзяжурнага, у званьні прапаршчык. Ён на працы ўбачыў адміністрацыйныя пратаколы, якія склалі на ягоных сваякоў — жонку, цесьця і цешчу. Пайшоў да кіраўніцтва і паведаміў, што ня можа больш працаваць у міліцыі. Сышоў без скандалу са згоды бакоў.
Цяпер на сям’ю зарабляе толькі Караліна. Раней яна таксама працавала на паўстаўкі ў доме культуры. Але пасьля адміністрацыйнай справы яе папрасілі звольніцца. Караліна добраахвотна сышла, бо не хацела, калі чыніцца несправядлівы гвалт, ладзіць забаўляльныя дзяржаўныя імпрэзы.
Зь ейных словаў, яе просяць пайсьці і з спартовай школы. Аднак Караліна не пагаджалася.
«Я ім казала: „Звальняйце мяне паводле артыкулу“. Ніякіх прычын мяне звольніць у іх няма... Надалей, калі ў краіне ўсё зьменіцца, хочацца, каб вінаватыя людзі былі пакараныя за рэпрэсіі нізавошта», — расказвала Караліна.
Як паведамляе Tut.by, Караліна застанецца ў ізалятары да суду, ейных бацькоў абяцаюць да вечара адпусьціць.
У будучыні сужэнцы хочуць адкрыць сваю справу: абодва вучыліся ва ўнівэрсытэце фізычнай культуры. Аляксей практыкуе самба, раней браў удзел у спаборніцтвах і займаў прызавыя месцы. Зьяжджаць зь мястэчка і з краіны Князьковы ня хочуць.