Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 сьнежня ў Вялікай Брытаніі пачынаецца вакцынацыя супраць каранавірусу. Але не для ўсіх


Органы аховы здароўя Вялікай Брытаніі 8 сьнежня пачнуць вакцынацыю людзей першымі дозамі вакцыны супраць COVID-19 у рамках доўгачаканай праграмы імунізацыі.

Першыя 800 000 доз вакцыны прызначаныя для людзей, старэйшых за 80 гадоў, якія або шпіталізаваныя, або ўжо знаходзяцца на кантролі ў лекараў, а таксама для работнікаў дамоў састарэлых.

Службовыя асобы аховы здароўя Вялікай Брытаніі просяць насельніцтва набрацца цярпеньня, бо толькі тыя, хто найбольш рызыкуюць, будуць вакцынаваныя на раньніх стадыях. Большасьці людзей давядзецца чакаць да наступнага году, пакуль вакцыны стане дастаткова для пашырэньня праграмы на іншыя групы насельнітва.

Сайман Стывэнс, генэральны дырэктар Нацыянальнай службы здароўя Ангельшчыны, сказаў, што першыя прышчэпкі, зробленыя ў Вялікай Брытаніі, могуць стаць «вырашальным паваротным момантам у барацьбе з каранавірусам».

Іншыя краіны будуць назіраць за тым, як Вялікая Брытанія рыхтуецца да вакцынацыі свайго насельніцтва.

2 сьнежня брытанскія ўлады выдалі экстраны дазвол на вакцыну Pfizer-BioNTech. Цяпер такое рашэньне чакаецца ад ўладаў ЗША і Эўрапейскага Зьвязу.

ЗША

Чакаецца, што вакцына будзе ўхваленая органамі рэгуляваньня ЗША ўжо на гэтым тыдні, а ў наступныя месяцы чакаецца дастаўка 100 мільёнаў доз — гэтага дастаткова для 50 мільёнаў амэрыканцаў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 8 сьнежня падпіша распараджэньне аб даваньні амэрыканцам прыярытэтнага доступу да вакцын супраць COVID-19, якія закупляюцца ўрадам ЗША, перш чым аказваць дапамогу іншым краінам. Пра гэта паведамілі высокапастаўленыя прадстаўнікі адміністрацыі.

Гэты крок быў зроблены ў сувязі з тым, што адміністрацыя Трампа знаходзіцца пад пільнай увагай з прычыны таго, што яна летам не дамаглася права купіць мільёны дадатковых доз вакцыны Pfizer-BioNTech.

Дзьве іншыя вакцыны, якія паказалі сябе добра падчас выпрабаваньняў, таксама чакаюць дазволу ад органаў рэгуляваньня ЗША.

Расея

5 сьнежня Расея пачала прымяненьне вакцыны Sputnik V сваёй вытворчасьці ў 70 паліклініках Масквы. Гэта стала пачаткам масавай імунізацыі супраць COVID-19 у гэтай краіне.

Крытыкі сьцьвярджаюць, што пашыраныя дасьледаваньні расейскай вакцыны, неабходныя для гарантаваньня яе эфэктыўнасьці і бясьпекі ў адпаведнасьці з навуковымі пратаколамі, яшчэ не завяршыліся.

Кітай

Шырокамаштабная імунізацыя з выкарыстаньнем распрацаванай у Кітаі вакцыны CoronaVac пачнецца 25 студзеня сярод мэдыцынскіх работнікаў, пажылых людзей і іншых уразьлівых груп.

Паўднёвая Карэя

Улады краіны заявілі 8 сьнежня, што падпісалі пагадненьне аб пастаўцы вакцын супраць каранавірусу для 44 мільёнаў чалавек у наступным годзе. Але ўрад хоча даць час для назіраньня за патэнцыйнымі пабочнымі эфэктамі.

Бразылія

Губэрнатар бразыльскага штату Сан-Паўлу заявіў, што ў студзені ў яго штаце пачнецца кампанія вакцынацыі супраць COVID-19.

  • Пляны праграм вакцынацыі абвяшчаюцца, паколькі ў многіх краінах сьвету назіраецца рост колькасьці хворых, перапаўненьне аддзяленьняў інтэнсіўнай тэрапіі і рэкордная колькасьць штодзённых сьмерцяў.
  • У выніку пандэміі ў сьвеце загінула больш за 1,5 мільёна чалавек, заразіліся больш за 67 мільёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG