Мінулай ноччу журналістку польскага тэлеканалу «Белсат», які вяшчае на Беларусь, Любоў Лунёву з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў у 1-м завулку Акрэсьціна ў Менску забрала хуткая дапамога.
Тэлефон у яе забралі ў турме на Акрэсьціна; пасьля шпіталізацыі яна змагла пагутарыць са сваякамі праз тэлефон, але сустрэцца зь імі ёй пакуль не далі.
Днём 7 сьнежня Лунёву і апэратара «Белсат» Івана Куракевіча затрымалі падчас працы на традыцыйным маршы пэнсіянэраў. Пасьля складаньня пратаколаў пра ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве іх даставілі ў ЦІП да суду.
Любоў Лунёва вядомая як праваабаронца і журналістка, якая шмат гадоў асьвятляла акцыі пратэсту і парушэньні правоў чалавека.