Сацыёлягі спрабавалі зразумець, настолькі эфэктыўная дапамога, аказаная Аляксандру Лукашэнку дэсантам расейскіх прапагандыстаў.
Расейскае выданьне «Медуза» апублікавала расповед пра дасьледаваньне яго аўтаркі і партнэркі Sociolytics Ганны Любімцавай. Як і ўсякае дасьледаваньне, яно пачыналася з гіпотэзы, якую неабходна было праверыць у некалькі этапаў, перш чым зрабіць канчатковую выснову.
Гіпотэза. Калісьці на Беларусь глядзелі, як на палігон аўтарытарных тэхналёгій, якія затым будуць ужывацца ў Расеі. Неўзабаве пасьля пачатку ў Беларусі масавых пратэстаў, выкліканых фальсыфікацыямі на прэзыдэнцкіх выбарах, Лукашэнка папрасіў Крэмль аб падтрымцы, і сярод іншага ў Беларусь адправіліся прафэсійныя расейскія прапагандысты — выпрабоўваць на гэтай глебе ўласныя мэтады. Мабыць, разьлік быў на тое, што ўмовы ў дзьвюх дзяржавах ня надта адрозьніваюцца. У аналітычнай кампаніі Sociolytics выказалі здагадку, аднак, што прамы «імпарт» можа не спрацаваць, паколькі падабенства ўмоваў, прынамсі ў частцы звычак мэдыяспажываньня, шмат у чым ілюзорнае.
Тэзіс № 1. Беларусы давяраюць сваёй дзяржаўнай тэлевізіі значна менш, чым расейцы сваёй
Ключавая для аўтарытарнай кіраванасьці Беларусі зьмена адбылася задоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2020 году. Беларускае грамадзтва перацякло ў інтэрнэт, дзе ня толькі стварыла новыя камунікацыйныя каналы, але і — у адрозьненьне ад расейскага — фактычна разьвіталіся з традыцыйнымі і зразумелымі прэзыдэнту Беларусі крыніцамі інфармацыі: тэлевізіяй і газэтамі. Па дадзеных Sociolytics, 54,3% беларусаў лічаць за лепшае незалежныя СМІ і толькі 29,4% — дзяржаўныя; астатнія 16,3% выкарыстоўваюць абедзьве крыніцы.
Для параўнаньня: паводле зьвестак King’s College London, у 2019 годзе 20% расейцаў аддавалі перавагу незалежным СМІ, 61,9% — дзяржаўным і 18,1% — абедзьвюм крыніцам. Карціна амаль дыямэтральна супрацьлеглая.
Па дадзеных дасьледаваньня Sociolytics, 43,3% беларусаў наогул ніколі не глядзяць перадачы праўладных АНТ, СТВ, «Беларусь-1» або «Беларусь-2», разам узятых. У Расеі толькі 21,1% апытаных зусім не глядзелі тэлеканалы, а адзін толькі Першы глядзяць 73% грамадзянаў.
Паводле дадзеных, атрыманых Sociolytics, крытычна пераацаніць усе інфармацыйныя крыніцы беларусаў прымусіла пандэмія каранавірусу. Недавер да тэлевізіі, газэтаў і заяваў уладаў на гэтым фоне значна ўзмацніўся. Абыякавасьць Лукашэнкі да бясьпекі грамадзянаў стала ў гэты час асабліва відавочнай: менавіта ён заставаўся галоўным ньюсмэйкерам праўладных мэдыя, але замест таго, каб абвясьціць надзвычайную сытуацыю, ён паводзіў сябе як пасьлядоўны ковід-дысыдэнт і прапаноўваў беларусам лячыцца лазьняй і гарэлкай.
Тэзіс № 2. Па навіны ў інтэрнэт ідуць цяпер ня толькі маладыя беларусы
Сёньня самую вялікую аўдыторыю ў Беларусі маюць сацыяльныя сеткі. У першую пяцёрку паводле папулярнасьці ўваходзяць расейскія сацыяльныя сеткі «ВКонтакте» (74,5%) і «Одноклассники» (54,4%), а таксама амэрыканскія YouTube (72,5%), Instagram (65,7%) і Facebook ( 44,8%). Сярод найбольш папулярных мэсэнджараў — Viber і WhatsApp (73,7%, у дасьледаваньні яны былі абʼяднаныя) і Telegram (60,3%). Сьледам за сацсеткамі і мэсэнджарамі ідуць незалежныя інтэрнэт-СМІ — Тut.by і Onliner.by.
Менш за ўсё дзяржаўнай тэлевізіі, друку і афіцыйным зьвесткам у Беларусі давяраюць людзі ва ўзросьце ад 18 да 34 гадоў. Для тых, каму яшчэ няма 24, тэлевізіі і друкаваных СМІ наогул, па сутнасьці, ня існуе. Усю інфармацыю яны атрымліваюць амаль выключна ад свайго сацыяльнага асяродзьдзя і праз інтэрнэт. Але важна, што за апошнія паўгода розьніца паміж пакаленьнямі ў крыніцах інфармацыі таксама пачала сьцірацца: людзі старэйшага ўзросту сталі часьцей зьвяртацца па інфармацыю ў інтэрнэт.
Спробы Лукашэнкі вырашыць праблему з дапамогай банальнага адключэньня інтэрнэту падчас і пасьля выбараў толькі прыцягнулі да інтэрнэт-рэсурсаў яшчэ больш увагі. Па дадзеных дасьледаваньня Sociolytics, 91% апытаных заявілі, што адчувалі значныя цяжкасьці з выхадам у інтэрнэт у пэрыяд з 9 па 20 жніўня.
Тым ня менш, згодна з кастрычніцкімі дадзенымі Google (Google Trends), якім карыстаюцца 67% беларусаў, за папярэднія 90 дзён рост згадак у пошукавых запытах телеграм-каналу Nexta Live склаў 500%, а проста Nexta — 250% (чацьвёртае і шостае месца сярод самых папулярных запытаў). Tut.by і «тут бай навіны мінск» атрымалі 80% прыросту (15-е і 16-е месца). Тэма пошуку «Сцяг» паказала 300% прыросту (трэцяе месца сярод самых папулярных тэмаў), Telegram у запытах аб запампоўцы праграмнага забесьпячэньня вырас на 60% і заняў 20-е месца.
Тэзіс № 3. Больш за палову грамадзян Беларусі добра адрозьніваюць фэйкавыя навіны ад сапраўдных
Дзяржаўныя СМІ Беларусі сталі больш падобныя да расейскіх: яны загаварылі пра пагрозы з боку NATO, жахі Майдану, пэрспэктывы вяртаньня краіны ў хаос 1990-х з закрыцьцём прадпрыемстваў, яны палохаюць аўдыторыю масавай скупкай «рэшткаў эканомікі» амэрыканцамі за бесцань, а цяпер яшчэ і каранавірусам як таемнай «біялягічнай зброяй ЗША». Але аўдыторыя, гатовая ўспрымаць такія пасланьні, сёньня ў Беларусі невялікая.
Доля тых, хто давярае беларускай тэлевізіі і друкаваным СМІ, складае ня больш за 12% апытаных Sociolytics. Дэсант прапагандыстаў з Расеі можа, вядома, пазмагацца за беларусаў, якія маюць цяжкасьці з тым, каб адрозьніваць праўду ад хлусьні. Гэтае ўменьне вызначалася Sociolytics у ходзе экспэрымэнту, калі ўдзельнікі ацэньвалі дакладнасьць знойдзеных у інтэрнэце загалоўкаў зь якасных мэдыя і рэсурсаў «зь нізкай сацыяльнай адказнасьцю». Добра адрозьніваюць дакладныя матэрыялы ад фальсыфікаваных 54% беларусаў. І толькі 33% часьцей памыляюцца, чым выбіраюць сапраўдныя навіны.
Расейскія прапагандысты і паліттэхнолягі спрабуюць выправіць памылкі Лукашэнкі, які недаацаніў сацыяльныя сеткі: яны ўжо ствараюць шматлікія фэйкавыя акаўнты і бот-сеткі ў інтэрнэце, якія выпускаюць сотні камэнтароў штогадзіны. Іх адзіная задача — стварыць ілюзію масавай упэўненасьці ў тым, што пратэстоўцы памыляюцца, а пратэст сябе вычарпаў. Іншымі словамі, яны імкнуцца максымальна дэматываваць людзей. Аднак каб зьмяніць меркаваньне 54% рэальных людзей, якія ўмеюць разьбірацца ў крыніцах інфармацыі, давядзецца, падобна, прыкласьці значна больш намаганьняў, чым у Расеі.
Тэзіс № 4. Пасьля пачатку працы расейскіх прапагандыстаў мэдыйныя перавагі ў Беларусі ўжо зьмяніліся. Але не на іх карысьць
Здаецца, першыя вынікі новай хвалі прапаганды ня надта суцяшальныя для яе арганізатараў. Па дадзеных Sociolytics, у верасьні 58% апытаных ужо зьмянілі свае мэдыйныя перавагі, і гэты трэнд працягваецца. З тых беларусаў, хто хаця б часам глядзеў дзяржканалы, 13% сталі глядзець іх яшчэ радзей. Тых, хто стаў глядзець часьцей, — 6% (пры статыстычнай хібнасьці выбаркі 3%). Пры гэтым, як вынікае з аналізу якасных інтэрвію, многія пачалі рабіць гэта зь цікаўнасьці і для параўнаньня зь незалежнымі крыніцамі, каб ацаніць маштабы фальсыфікацыі.
90% беларусаў, якія памянялі свае мэдыйныя перавагі, пачалі выкарыстоўваць новыя крыніцы інфармацыі. Перавагі яшчэ больш зрушыліся ў бок сацыяльных сетак і сайтаў Tut.by, Onliner.by і Belsat.
На ціск і прапагандысцкія намаганьні беларусы пасьпяхова адказваюць сыходам у інтэрнэт, мірнымі пратэстамі, «італьянскімі страйкамі», альтэрнатыўнымі IT-распрацоўкамі і байкотам кампаній, якія падтрымліваюць дзяржаву. Улада ж вымушаная кожны дзень марнаваць на задушэньне грамадзтва велізарны і зусім не бясконцы рэсурс, якога ёй хопіць яшчэ максымум на паўгода, як спадзяюцца апазыцыйна настроеныя беларусы.
Высновы Дэзынфармаваць, каб падзяляць і панаваць, у Беларусі складаней, чым у Расеі. Ужо да пачатку 2020 году ў беларускім грамадзтве сфармаваўся ўстойлівы недавер да афіцыйных СМІ, а пандэмія каранавірусу яго толькі ўмацавала. Уплыў інтэрнэту наогул і сацыяльных сетак у прыватнасьці ў Беларусі значна мацнейшы, чым у Расеі, — а магчымасьці ўплываць на іх абмежаваныя праз высокі ўзровень мэдыяасьветы беларускіх карыстальнікаў. Для працы ў такіх умовах простага імпарту расейскіх паліттэхналёгіяў можа аказацца недастаткова.