У паведамленьні таксама ўдакладняюцца вынікі трэцяй фазы клінічных выпрабаваньняў вакцыны. Сьцьвярджаецца, што яна была эфэктыўнай у 94,1 адсотка выпадкаў. З больш як 30 тысяч удзельнікаў выпрабаваньняў на COVID-19 захварэлі 196 чалавек, зь іх вакцыну атрымалі толькі 11, астатнім было ўведзена пляцэба.
Пры гэтым, як адзначаюць у кампаніі, з тых 11, хто захварэў, ніводзін не перахварэў цяжка. Гэта значыць, што ў адносінах да цяжкай формы каранавіруснай інфэкцыі эфэктыўнасьць вакцыны склала 100 адсоткаў.
У ходзе дасьледаваньняў Moderna ад каранавірусу памёр адзін чалавек, які ўваходзіў у групу пляцэба.
Раней паведамлялася пра эфэктыўнасьць вакцыны на 94,5 адсотка, але гэтая ацэнка грунтавалася на няпоўных зьвестках.
Moderna стала другой кампаніяй, якая падала заяўку на рэгістрацыю вакцыны ад каранавірусу ў ЗША. Раней па рэгістрацыю сваёй вакцыны зьвярнуліся Pfizer і BioNTech. Яны сьцьвярджаюць, што іх вакцына паказала эфэктыўнасьць 95 адсоткаў. Паводле папярэдніх ацэнак, сабекошт вакцыны Pfizer ніжэйшы, чым у Moderna.
У кампаніі Moderna раней расказалі, што фактычна распрацоўка вакцыны заняла два дні — яшчэ ў студзені, калі эпідэмія каранавіруснай інфэкцыі толькі пачалася ў Кітаі. Moderna зрабіла стаўку на тэхналёгію матрычнай РНК, яе вакцына стымулюе арганізм выпрацоўваць так званы спайкавы бялок — гэта, у сваю чаргу, выклікае імунны адказ.
Па той жа мадэлі працуе вакцына ад Pfizer, а вось расейская «Спутник V» і вакцына кампаніі AstraZeneca пабудаваныя на іншай тэхналёгіі — з выкарыстаньнем адэнавірусу. Распрацоўнікі расейскай вакцыны «Спутник V» сьцьвярджаюць, што эфэктыўнасьць іх вакцыны — больш за 95 працэнтаў. Пры гэтым вынікі трэцяй фазы яе выпрабаваньняў пакуль не апублікаваныя. Вядомыя выпадкі захворваньня добраахвотнікаў, якія ўдзельнічалі ў выпрабаваньнях, але пакуль не зразумела, ці ўводзілася ім вакцына, ці яны атрымалі пляцэба.
Кампанія AstraZeneca абвясьціла, што эфэктыўнасьць яе вакцыны, якая распрацоўваецца разам з Оксфардзкім унівэрсытэтам, склала 70 працэнтаў.
У выпадку рэгістрацыі вакцынацыя ў шэрагу краін Эўропы і ў ЗША можа пачацца ўжо ў сьнежні, але масавай яна стане толькі ў наступным годзе, бо пакуль ня выраблена дастаткова дозаў прэпарату.