У інтэрвію Onliner.by Лепін адмовіўся расказаць аб прычыне звальненьня.
«Так, я напісаў прашэньне па ўласным жаданьні. Заўтра будзе вядомы вынік — у мяне пакуль падпісанай паперы няма на руках, — сказаў Лепін. — Прычына — уласнае жаданьне, падрабязнасьцяў асабліва і няшмат. Я спадзяюся, што ў чалавека, які прыйдзе на маю пасаду, усё будзе добра. Я амаль 10 гадоў свайго жыцьця прысьвяціў гэтай службе, я кроўна зацікаўлены, каб у інфармацыйнага аддзелу ўсё было добра. Я да гэтага часу зьяўляюся часткай царквы, захоўваю служэньне, але трохі ў іншай паўнаце якасьцяў».
Як нагадвае tut.by, 15 лістапада на сваёй старонцы ў Facebook Сяргей Лепін выказаўся з нагоды разбурэньня сілавікамі народнага мэмарыялу памяці Рамана Бандарэнкі. Ён напісаў, што «гэта зьдзек з партрэтаў забітага, з кветкак у яго памяць, сатанінскае патаптаньне лампадаў і абразкоў».
Лукашэнка зачытаў на нарадзе 17 лістапада выказваньні біскупа Касабуцкага — пра тое, што «сёньняшнія паводзіны сілавікоў паказваюць павелічэньне страху і боязі дзяржаўнай улады ў дачыненьні да беларускага народу», і прэс-сакратара Беларускай праваслаўнай царквы Сяргея Лепіна — пра зьнішчэньне мэмарыялаў Бандарэнкі, і запатрабаваў, каб «праваахоўныя органы далі ім ацэнку».
«Спытайцеся, дзе і хто дазволіў зьдзекавацца з абразоў, лямпадаў і кветак?.. Мы рот нікому не закрываем. Але кажыце праўду! Сказаў няпраўду — адказвай», — запатрабаваў Лукашэнка.