Легендарны футбаліст памёр напярэдадні ва ўзросьце 60 гадоў. Лекары называюць прычынай сьмерці сардэчны прыступ. Вядома, што на працягу доўгага часу спартовец меў праблемы з наркотыкамі і алькаголем.
Ля стадыёна футбольнага клюбу «Архентынас Хуніёрс», названага ў гонар Марадоны, прыхільнікі, заўзятары разьвесілі па сьценах фатаграфіі, плякаты. Пад імі — кветкі, сьвечкі, майкі з 10-м нумарам, пад якім выступаў Марадона.
Заўзятары прызналі Марадону найлепшым футбалістам дваццатага стагодзьдзя. За гады кар’еры Дыега Марадона, акрамя «Архентынас Хуніёрс», выступаў за аргентынскі клюб «Бока Хуніёрс», гішпанскія «Барсэлёну» і «Сэвільлю», італьянскі «Напалі». Аргентынскі нападнік выйграваў чэмпіянат і Кубак Італіі, Кубак Гішпаніі, Кубак UEFA, чэмпіянат сьвету 1986 году. Менавіта на гэтым чэмпіянаце ў Мэксыцы Марадона забіў у браму ангельцаў два свае самыя славутыя галы. Адзін зь іх — рукой, гэты гол ён потым назваў «рукой Бога». А другі — абыграўшы палову зборнай Ангельшчыны. І гэты мяч быў прызнаны найлепшым за ўсю гісторыю чэмпіянатаў сьвету. Яго называюць «голам стагодзьдзя».
Нападнік «Барсэлёны» і зборнай Аргентыны Ліянэль Мэсі назваў дзень сьмерці Марадоны «вельмі сумным днём для ўсіх аргентынцаў і для футболу». «Ён пакідае нас, але не сыходзіць, таму што Дыега вечны», — сказаў спартовец.
Матчы Лігі чэмпіёнаў напярэдадні пачыналіся з хвіліны маўчаньня.