Генпракуратура вынесла папярэджаньні старшыні сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату протаіерэю Сергію Лепіну і генэральнаму вікарыю Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага касьцёлу ў Беларусі біскупу Юрыю Касабуцкаму, якія абурыліся зносам народнага мэмарыялу Рамана Бандарэнкі.
Як паведаміла прэс-служба Генпракуратуры, абодвум «абвешчаныя афіцыйныя папярэджаньні аб недапушчальнасьці парушэньня закону».
«На асабістых старонках у сацыяльнай сетцы Facebook і іншых інтэрнэт-рэсурсах былі разьмешчаны заявы сьвятароў з нагоды дэмантажу і пераносу стыхійнага мэмарыялу памяці, узьведзенага ў сувязі са сьмерцю Рамана Бандарэнкі. У заявах у заведама безапэляцыйнай агрэсіўнай танальнасьці выкарыстоўваюцца пэўныя тэрміны і абароты („зьдзек з партрэтаў забітага“, „навошта гэтае сатанінскае таптаньне лямпад і абразкоў“ і інш.), якія сьвядома павышаюць узровень напружанасьці ў грамадзтве, якія распальваюць нянавісьць да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку праваахоўных органаў, і, як вынік, варожасьць у дачыненьні да згаданых сацыяльных груп насельніцтва», — гаворыцца ў заяве.
Генпракуратура таксама лічыць, што выказваньні сьвятароў «падахвочваюць грамадзян да агрэсіі, проціпраўных дзеяньняў, вырашэньню пытаньняў неканстытуцыйным шляхам».
У прадпісаньні ўпаўнаважанаму ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў генпракуратура патрабуе «ліквідаваць выяўленыя парушэньні і прыняць дадатковыя меры па папярэджаньні рознагалосьсяў у сфэры ўзаемаадносін дзяржавы і рэлігійных арганізацый».
Аляксандру Лукашэнку не спадабалася, што ў сеціве разгром плошчы Пераменаў назвалі сатанінскім таптаньнем. Ён зачытаў іх свайму атачэньню на нарадзе 17 лістапада і запатрабаваў, каб «праваахоўныя органы далі ім ацэнку».