Цэнтар экспэрымэнтальнага тэатру ў Брне, да якога належаць тэатры «Гусь на канаце» («Husa na provázku»), «HaDivadlo» і тэатральная плятформа «Terén», засноўвае ў Брне Амбасаду незалежнай беларускай культуры ў Чэскай Рэспубліцы.
Як паведамляе прэс-рэліз, адкрыцьцё амбасады сымбалічна прызначана на 17 лістапада, калі ў Чэхіі сьвяткуюцца ўгодкі Аксамітнай рэвалюцыі — Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю.
«Чэхі маюць гістарычны досьвед як таталітарызму, гэтак і грамадзкіх пратэстаў супраць недэмакратычнага рэжыму і іх здушэньня. Таму Цэнтар экспэрымэнтальнага тэатру (ЦЭТ) у апошнія месяцы напружана сочыць за падзеямі ў Беларусі, дзе людзі ўжо чацьвёрты месяц, нягледзячы на масавыя арышты, турэмныя тэрміны, жорсткія рэпрэсіі і запалохваньне, упарта змагаюцца за справядлівыя выбары, свабоду і дэмакратыю».
«Мы разважалі, якую форму найлепей выбраць, і сышліся на тым, што ладзіць разавую дыскусію ці падобную імпрэзу — ня вельмі мэтазгодна, значна важней у больш працяглым гарызонце праводзіць інфармаваньне шырокай грамадзкасьці пра тое, што ў гэтыя дні дзеецца ў Беларусі. Людзі ў Сярэдняй і Заходняй Эўропе, на жаль, ведаюць пра гэтую краіну вельмі мала; мы перакананыя, што незалежная беларуская культура і агульны кантэкст цяперашніх падзей у Беларусі неабходна значна больш выразна прэзэнтаваць у грамадзкай прасторы», — перакананы кіраўнік Цэнтру экспэрымэнтальнага тэатру Міраслаў Ошчатка.
Паводле ягоных словаў, пры тэатрах у Брне ствараецца пасада амбасадара незалежнай беларускай культуры ў Чэхіі: «У наступныя тыдні і месяцы гэты чалавек будзе ладзіць ня толькі сустрэчы ці лекцыі аб беларускай культуры, але таксама рыхтаваць рэгулярны агляд важных грамадзка-культурных падзей у Беларусі, які будзе шырока рассылацца СМІ і культурным установам Чэскай Рэспублікі. На пасаду амбасадара мы выбралі Сяргея Сматрычэнку, які ўжо нямала гадоў у значнай ступені спрыяе чэскай і беларускай культурам».
Праект Амбасады незалежнай беларускай культуры ў Чэхіі фінансава падтрымлівае і мэрыя гораду Брно.