Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапанаваў Расеі рабіць у Беларусі вакцыну ад COVID, але Пуцін зьвярнуўся па дапамогу да Макрона


Уладзімір Пуцін і Эманюэль Макрон
Уладзімір Пуцін і Эманюэль Макрон

Уладзімір Пуцін папрасіў у прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона дапамогі ў вытворчасьці расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V».

Пра гэта піша францускае выданьне Challenges са спасылкай на дыпляматычную крыніцу. Паводле інфармацыі выданьня, падчас тэлефоннай размовы з Макронам 7 лістапада Пуцін сказаў, што неабходна наладзіць супрацоўніцтва паміж расейскімі структурамі і парыскім інстытутам Пастэра для вытворчасьці прэпарата.

Макрон папрасіў расейскага прэзыдэнта даць яму час для адказу, каб абмеркаваць гэтае пытаньне з навукоўцамі. Паводле суразмоўцы выданьня, расейскі бок ужо некалькі тыдняў прапануе сумесную працу над вытворчасьцю вакцыны ад COVID-19. «Гэта адлюстроўвае іх галоўную слабасьць: адсутнасьць вытворчых магутнасьцяў», — лічыць крыніца.

Раней выданьне The Bell пісала, што, насуперак абяцаньням чыноўнікаў, што ў Расеі да канца году пачнецца масавая вакцынацыя насельніцтва, ніводзін вытворца вакцыны не гатовы яе забясьпечыць. Асноўная праблема ў тым, што для масавай вытворчасьці вакцыны трэба наладзіць працэс яе стварэньня ў біярэактарах вялікага аб’ёму, з чым узьніклі складанасьці.

4 лістапада блізкі да адміністрацыі Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого» паведамляў, што Лукашэнка і Пуцін праз тэлефон, сярод іншага, абмеркавалі «арганізацыю вытворчасьці вакцыны ў Беларусі з выкарыстаньнем расейскіх тэхналёгій і тэхналягічнага працэсу (Лукашэнка прапанаваў — Пуцін падтрымаў)». Аднак пасьля гэтай размовы Пуцін зьвярнуўся па дапамогу да Макрона.

Расейская вакцына ад COVID-19, распрацаваная Цэнтрам Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расеі, была афіцыйна зарэгістраваная 11 жніўня, стаўшы першай зарэгістраванай вакцынай ад каранавірусу новага тыпу ў сьвеце. Пры гэтым да моманту рэгістрацыі яна прайшла толькі 2 фазы клінічных выпрабаваньняў, гэта значыць была выпрабаваная на некалькіх дзясятках людзей. Пазьней высьветлілася, што некаторыя ўдзельнікі выпрабаваньняў расейскай вакцыны «Спутник V» атрымалі станоўчы вынік тэсту на каранавірусную інфэкцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG