Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на АЭС зьвярнуўся да кіраўніцтва Літвы: «Сыходзьце з нашага агароду»


Аляксандар Лукашэнка, 6 лістапада 2020 году.
Аляксандар Лукашэнка, 6 лістапада 2020 году.

Знаходзячыся ў Астраўцы, паблізу межаў зь Літвою і Польшчаю, Лукашэнка зьвярнуўся да кіраўніцтва гэтых краін.

«Давайце жыць дружна, — зьвярнуўся Лукашэнка да кіраўніцтва Літвы падчас наведваньня БелАЭС у Астраўцы. — Давайце будзем разам працаваць. Нашыя народы калісьці былі ў адной дзяржаве, нармальна жылі, дый да гэтага часу нармальна жылі. Не, на роўным месцы ўлезьлі ў наш агарод.

Ну, добра, калі вы зразумелі, што памыліліся, сыходзьце з нашага агароду, давайце разам будзем працаваць: вы ў сваім агародзе, мы — у сваім. Давайце вырабляць электраэнэргію, прадаваць яе, абменьвацца электраэнэргіяй. Давайце жыць нармальна! Мы ж суседзі, а суседзяў не выбіраюць»,— ​ цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

«Тое ж самае я хачу сказаць і польскаму кіраўніцтву: нічога ў вас не атрымаецца. Мы ня станем на калені. Мы адкажам, і я ўжо казаў: нават калі застанёмся адны ў атачэньні, мы адкажам. Думаю, яны гэта зразумелі. Давайце працаваць разам, мы гатовыя адкрыта супрацоўнічаць».

Пазыцыя Літвы наконт АЭС у Астраўцы

Літва сьцьвярджае, што праект БелАЭС ажыцьцяўляўся з парушэньнямі міжнародных патрабаваньняў у сфэры ядзернай энэргетыкі. Парлямэнт Літвы абвясьціў станцыю, якая будуецца паблізу яе межаў і сталіцы Вільні, пагрозай нацыянальнай бясьпецы, а таксама заканадаўча забараніў куплю і экспартны пропуск яе электраэнэргіі праз свае электрасеткі.

Фізычны запуск станцыі — загрузка ядзернага паліва ў першы рэактар — пачаўся на БелАЭС 7 жніўня, 3 лістапада яна пачала даваць ток у энэргасыстэму. У сувязі з гэтым МЗС Літвы накіравала Менску ноту пратэсту, у якой сьцьвярджалася, што дзеяньні Беларусі парушаюць прынцыпы адкрытасьці, празрыстасьці і добрасуседзтва, а дзейнасьць АЭС з прычыны блізкасьці да Вільні і нявырашаных праблем ядзернай бясьпекі стварае непасрэдную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі Літвы, навакольнага асяродзьдзя і насельніцтва.

У Беларусі ў адказ заяўляюць, што прэтэнзіі Вільні ляжаць у палітычнай плашчыні. У Менску неаднойчы заяўлялі, што бясьпека станцыі будзе гарантаваная ў адпаведнасьці з самымі высокімі стандартамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG