Віктар Кучынскі, давераная асоба кандыдата Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, а пасьля ягоны памочнік па асаблівых даручэньнях, пракамэнтаваў Tut.by падзеі ў Беларусі.
«Мне сумна бачыць усё тое, што адбываецца ў краіне. Тыя кадры, што бачыў у інтэрнэце, у галаве ня ўкладваюцца. Возьмем вядомы эпізод, калі байкер ляжыць, а амапавец лупіць яго дубінкай, як быццам дровы сячэ. Іншы выпадак — 20 сілавікоў пачынаюць біць дубінкамі і нагамі людзей, якія выходзяць з аўтазаку. Я не разумею: у чым сэнс такога жорсткага стаўленьня да чалавека? Гэта не забойцы, не тэрарысты, не наркаманы. Гэта нашы грамадзяне. Таму я асуджаю непрапарцыйнае ўжываньне сілы», — сказаў Віктар Кучынскі.
«Выбарчая кампанія з боку ўладаў цалкам праваленая»
На яго думку, сёлетняя выбарчая кампанія з боку ўладаў цалкам праваленая. Лукашэнку трэба было ствараць сваю партыю, а БРСМ, «Белая Русь» ды іншыя сваіх функцый не выконваюць.
«Тым, хто нарадзіўся ў 1990 годзе, цяпер 30. Хто нарадзіўся ў 2000-м — 20. Асноўны кантынгент тых, хто выходзіць цяпер на вуліцы. Ня трэба думаць, што яны такія дурныя. Яны на парадак больш адукаваныя і інфармаваныя, чым мы 30 гадоў таму. Яны добра арыентуюцца ў новых тэхналёгіях, атрымліваюць інфармацыю з розных крыніц, не глядзяць тэлевізар. Трэба разумець, што сьвет зьмяніўся. І калі хочаш, каб у цябе было ўсё правільна, трэба рухацца наперад».
Пра бел-чырвона-белы сьцяг
Віктар Кучынскі тлумачыць, чаму шмат гадоў беларусы былі апалітычнымі.
«Апалітычнасьць людзей абумоўленая тым, што яны прызвычаіліся да той сыстэмы, у якой жылі. Вось у навінах кажуць пра нейкую апазыцыю. У нас нейкая палітычная партыя ўзяла адказнасьць за пратэсты? Не. Калі лічыць апазыцыяй бел-чырвона-белы сьцяг, то гэта не апазыцыя, а ўсяго толькі сымбаль пратэсту. Людзі самаарганізаваліся і сталі праводзіць уласную палітычную лінію. Ганяцца за імі толькі таму, што яны са сьцягамі, вялікае глупства. Калі зразаеце стужачкі, здымаеце сьцягі, успамінайце гісторыю: „Пагоня“ — гістарычны сымбаль ВКЛ. А сьцяг бярэ пачатак ад XVI стагодзьдзя».
«Дубінка яшчэ нікога не прымусіла любіць»
На пытаньне пра спосабы нармалізацыі тупіковай сытуацыі Віктар Кучынскі адказаў так.
«Дубінка яшчэ нікога не прымусіла любіць. Сіла — самы нізкі прыярытэт кіраваньня. Перш чым дайсьці да ўжываньня сілы, трэба выкарыстаць усе астатнія. Гэта значыць, з народам трэба размаўляць, а ня весьці дыялёг з дапамогай дубінак. Паўнавартасны дыялёг сёньня магчымы, але патрэбна добрая воля ўсіх зацікаўленых бакоў. Я б выпусьціў усіх без выключэньня палітвязьняў. Вярнуўся б да Канстытуцыі 1994 году. Напэўна, трэба правесьці парлямэнцкія слуханьні па ўсіх падзеях. Калі гэтага ня будзе, можна скаціцца ў вір».
Пра знакамітую фразу аб гранатамёце
У свой час Віктар Кучынскі стаў вядомы фразай, што «гатовы з гранатамётам у руках абараняць прэзыдэнта», сказанай падчас выбарнай кампаніі 1994 году. Сёньняшняя ягоная рыторыка заўважна зьмянілася.
«Гэтая рэпліка была вырваная з кантэксту і стала потым качаваць у прэсе. Я ад сваіх слоў не адмаўляюся, яны былі сказаныя ў ходзе дэбатаў. Каб сёньня была інтэрвэнцыя звонку, я, вядома, абараняў бы сваю краіну. Але гэта ня значыць, што я павінен абараняць гвалт. Мне гэта не падабаецца. Я не хачу, каб да нас вярнуліся 1917 ці 1937-ы. Тады пацярпелі многія мае сваякі. Я супраць таго, каб людзей забівалі і зьбівалі. І вельмі шкадую, што сёньня адбываецца ў Менску і іншых гарадах Беларусі», — падсумаваў Віктар Кучынскі.